Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:44 10.5.2020

Чэхія больш не зьбіраецца падаўжаць надзвычайнае становішча

Prague - Spring - Quarantine -May 2020
Prague - Spring - Quarantine -May 2020

Чэскі ўрад не плянуе падаўжаць дзеючы ў краіне з 12 сакавіка рэжым надзвычайнай сытуацыі, тэрмін якога заканчваецца 17 траўня. Пра гэта паведаміў у нядзелю ў прэм’ер-міністар краіны Андрэй Бабіш.

Паводле кіраўніка ўраду, у выпадку пагаршэньня ў рэспубліцы эпідэміялягічнай сытуацыі змогуць апэратыўна ўводзіць сацыяльныя абмежавальныя меры на аснове спэцыяльнага закона, які неўзабаве павінен быць прыняты парлямэнтам. Ён, як чакаецца, значна ўзмоцніць кампэтэнцыі міністэрства аховы здароўя да канца бягучага года.

Улады абмяркоўваюць магчымасьць дазволіць жыхарам рэспублікі не насіць мэдыцынскія маскі на адкрытых прасторах. Абавязак засьцерагаць органы дыханьня ад каранавіруса захаваецца толькі ў грамадзкіх памяшканьнях, якімі, напрыклад, зьяўляюцца крамы, і ў грамадзкім транспарце.

14:34 10.5.2020

Tesla падала ў суд на мясцовыя ўлады — патрабуе адкрыць завод кампаніі ў Каліфорніі

Амэрыканскі вытворца электрамабіляў Tesla падаў у суд на ўлады каліфарнійскай акругі Аламіда з патрабаваньнем адкрыць закрыты праз карантын завод у горадзе Фрымант.

Заснавальнік кампаніі Ілан Маск паабяцаў у твітэры перанесьці яе штаб-кватэру з Каліфорніі ў іншы штат.

Каліфорнія зьняла шэраг абмежаваньняў, выкліканых пандэміяй каранавірусу. Аднак частка паўнамоцтваў у выбары карантыннага рэжыму перададзеныя акруговым уладам.

8 траўня кампанія плянавала вывесьці на працу да 30% супрацоўнікаў, аднак ня можа гэтага зрабіць. На думку Маска, Tesla здольная засьцерагчы супрацоўнікаў лепш, чым не абраны нікім супрацоўнік акруговай установы аховы здароўя. Ён нагадаў, што ягоная кампанія — найбуйнейшы прамысловы вытворца ў штаце.

14:33 10.5.2020

Кітайскім кінатэатрам дазволілі аднавіць працу

Кітайскім кінатэатрам дазволілі аднавіць працу пасьля больш як трох месяцаў карантыну пры ўмове выкананьня санітарных мер.

Аднак у пастанове Дзяржаўнага савету Кітая не называецца дакладная дата, зь якой кінатэатры могуць аднавіць працу.

Пляцоўкі, якія адновяць працу, мусяць рассаджваць гледачоў на бясьпечнай адлегласьці, як можна часьцей праветрываць памяшканьні, рэгулярна праводзіць прыборку і дэзынфэкцыю. Гледачоў абавяжуць насіць ахоўныя маскі.

Дзяржсавет Кітая таксама заклікаў аднавіць працу рэстарацыяў, супэрмаркетаў і гандлёвых цэнтраў.

13:39 10.5.2020

«Белавія» адмяніла рэйсы ў Жэнэву, Манчэстэр, Ніцу, Варонеж, Казань і Ніжні Ноўгарад да 24 кастрычніка

Беларуская авіякампанія «Белавія» абвясьціла аб скасаваньні шэрагу палётаў да канца сэзону Міжнароднай асацыяцыі авіятранспарту (IATA). Да 24 кастрычніка ня будзе палётаў у:

  • Манчэстэр (Вялікая Брытанія) — ад 6 траўня;
  • Ніцу (Францыя) — ад 10 траўня;
  • Жэнэву (Швайцарыя) — ад 18 траўня;
  • Варонеж, Казань, Ніжні Ноўгарад (Расея) — рэйсы ўжо былі скасаваныя раней па 11 траўня.

«Белавія» ня будзе абслугоўваць пасажыраў бяз масак.

12:41 10.5.2020

Беларускія рокеры граюць 12-гадзінны маратон у падтрымку мэдыкаў. УЖЫВУЮ

12:40 10.5.2020

Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі: трэці дзень запар 5 прызнаных сьмерцяў, пяты дзень запар 900+ новых выпадкаў

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 10 траўня:

  • агулам 22 973 чалавекі было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 131 памерлы, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 6406 пацыентаў выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 921 выпадак і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 356 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 263 543 тэсты (плюс 11 772 за дзень), цяпер тэсты робяць у 38 лябараторыях;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

12:38 10.5.2020

Як я ўсё ж захварэла на COVID-19. Піша Наста Захарэвіч

У мяне так доўга падазравалі каранавірус, што нарэшце я ім заразілася. Пэўна, што ў лякарні, якая нібыта лічылася вольнай ад COVID-19.

Упэўненая, што заразілася ад суседкі ў палаце, якую перавялі да нас з рэанімацыі. У яе была тэмпэратура, але гэта тлумачылі іншымі праблемамі са здароўем. Мазок на каранавірус узялі на ўсялякі выпадак, але праз два дні прыйшоў станоўчы вынік.

Я была з той жанчынай у шчыльным кантакце — паіла яе, карміла, давала лекі і дапамагала ўставаць з ложка. На пяты дзень пасьля пачатку кантакту мне рэзка стала кепска — моцна закружылася галава, зьявілася страшэнная слабасьць. Ціск быў у норме, тэмпэратура — 37,5. Дзяжурная доктарка на гэта сказала «Заляжаліся вы ў нас, трэба проста вяртацца дадому».

Чытаць далей >>

12:37 10.5.2020

Каго затрымалі за пратэст супраць параду падчас пандэміі. Сьпіс

Цягам 6–9 траўня па Беларусі прайшла хваля затрыманьняў тых, хто браў удзел у сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім ці ўдзельнічаў у акцыях супраць правядзеньня параду падчас пандэміі каранавірусу. Свабода сабрала сьпіс з 83 затрыманых.​

10:41 10.5.2020

Кіраўнік «Свабоднага тэатру» расказвае, як пандэмія мяняе яго самога, Лёндан і тэатральную індустрыю

Заснавальнік і кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін апавядае Свабодзе пры жыцьцё ў Лёндане ў часе пандэміі, спартовыя, кулінарныя і мастацкія адметнасьці карантыннага жыцьця; разважае пра сумныя пэрспэктывы тэатральнай індустрыі і неабходнасьць фарматных зьменаў, а таксама пра тое, як расьце эмпатыя і чаму палітыкі дэманструюць бясьсільле, а звычайныя людзі — цуды самаарганізацыі.

Чытаць інтэрвію >>

10:40 10.5.2020

Памёр яшчэ адзін супрацоўнік «Пеленга», у якога выявілі каранавірус

Калегі памерлага супрацоўніка абарончага прадпрыемства «Пеленг» расказалі «Нашай ніве», што мужчына захварэў каля двух тыдняў таму, меў каранавірус і двухбаковае запаленьне лёгкіх, памёр 8 траўня.

Памерламу было 43 гады, ён працаваў на «Пеленгу» рэзьнікам паперы. Быў нежанаты, дзяцей ня меў, «ціхі сціплы хлопец, жыў у самоце, рэгулярна наведваў Катэдральны касьцёл».

27 красавіка памёр Анатоль Тарэеў, начальнік аддзелу аптычных сыстэм прадпрыемства «Пеленг». Дачка памерлага казала, што ў яго выявілі каранавірус. Па словах сваякоў, ніякіх сур’ёзных хранічных захворваньняў Тарэеў не меў.

На сайце прадпрыемства ніводная сьмерць ня згадваецца — старонка не абнаўляецца з 31 сакавіка. На 24 красавіка COVID-19 пацьвердзілі ў 13 супрацоўнікаў «Пеленгу». Завод увёў 2-тыднёвыя канікулы да 10 траўня з адпрацоўкай у суботы чэрвеня і кастрычніка.

10:33 10.5.2020

На тыдзень «першамая» і Радаўніцы беларусы менш выходзілі з дому, чым звычайна, — Google

Справаздачы Google даюцца ў параўнаньні са «звычайнымі паводзінамі» да пандэміі каранавірусу, разьбітыя па тыднях. За тыдзень з 27 красавіка па 3 траўня, калі было толькі два працоўныя дні і выходныя ў сувязі з Радаўніцай і Днём працы, беларусы сталі:

  • на 39% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі (тыднем раней было –24% ад «звычайных паводзінаў»);
  • на 18% менш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі (тыднем раней на 2% менш);
  • на 15% больш хадзіць у паркі і сквэры (тыднем раней на 40% больш);
  • на 35% менш карыстацца грамадзкім транспартам (тыднем раней на 24% менш);
  • на 30% менш знаходзіцца на працоўных месцах (тыднем раней на 9% менш);
  • на 4% больш знаходзіцца дома (тыднем раней не было адхіленьня ад «звычайных паводзінаў»).

Зьвесткі тычацца ня кожнага чалавека ў сьвеце — толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лякацыі.

Паводле рэйтынгу расейскай кампаніі «Яндэкс», на «дадатковых» выходных беларусы зьніжалі актыўнасьць перасоўваньня так жа, як на звычайных: напрыклад, Менску ў буднія дні даюць 1,6–2,0 бала, на выходных — 2,9–4,0 бала.

09:00 10.5.2020

Лічбы на раніцу 10 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 4,1 мільёна выпадкаў COVID-19: каля 1,35 млн у ЗША, каля 263 тысяч у Гішпаніі, 218 тысяч у Італіі, 215 тысяч у Вялікай Брытаніі, 198,5 тысячы ў Расеі, 176,5 тысячы ў Францыі, 171 тысячу ў Нямеччыне, 156 тысяч у Бразыліі, 137 тысяч у Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 280 451​ чалавек. Зь іх 80 037 у ЗША, 31 587 у Вялікай Брытаніі, 30 395 у Італіі, 26 478 у Гішпаніі, 26 310 у Францыі.
  • Выпісалі звыш 1,44 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,38 млн, зь іх звыш 47,5 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на вечар 9 траўня, пацьверджаны 22 052​ выпадак COVID-19 (плюс 951 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 126 чалавек (плюс 5 за дзень), выпісалі здаровымі 6050 пацыентаў.
20:25 9.5.2020

Улады Сэулу закрылі клюбы і бары пасьля паўторнай успышкі COVID-19

У суботу ў краіне зафіксаваныя 18 новых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам, зь іх 17 улады зьвязваюць з наведнікамі начных клюбаў. Пры гэтым, паводле дадзеных уладаў, месцы, дзе адпачывалі заражаныя, наведалі да паўтары тысячы чалавек.

Паўднёвая Карэя стала адной зь першых краінаў сьвету, дзе была зафіксаваная ўспышка каранавірусу. Аднак яе ўдалося лякалізаваць — на 51,6 мільёна жыхароў было зафіксавана 10 822 выпадкі заражэньня, памерлі 256 чалавек.

20:53 8.5.2020

Актывісты прынесьлі труну на рэпэтыцыю параду. ВІДЭА

Актывісты «Моладзевага блёку» правялі акцыю супраць параду 9 траўня ў Менску ў разгар эпідэміі каранавірусу.

20:51 8.5.2020

Каранавірус паспрыяе байкоту прэзыдэнцкіх выбараў?

Які ўплыў акажа пандэмія на кампанію выбараў прэзыдэнта Беларусі? Якія ідэі можа прапанаваць улада, што стане асноўным лёзунгам Аляксандра Лукашэнкі? Ці зьявяцца кандыдаты, якія будуць заяўляць, што яны не з уладай і не з апазыцыяй?

Гэтыя ды іншыя пытаньні ў праграме «Праскі акцэнт» абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст. Чытайце па спасылцы.

20:50 8.5.2020

«Біялягічныя бомбы»: 6 масавых акцый, якія разьнесьлі каранавірус

Масавыя акцыі ў розных краінах сьвету, якія прайшлі ў разгар эпідэміі, выклікалі выбуховы рост COVID-19. Найбольш небясьпечнымі аказаліся спартовыя, палітычныя і рэлігійныя імпрэзы. Якія — чытайце па спасылцы.

20:48 8.5.2020

Мінзадроўя зьбіраецца вызначыць, колькі беларусаў насамрэч перахварэлі на COVID-19

Міністэрства аховы здароўя плянуе правесьці ў асобных раёнах Беларусі цэнтралізаваныя дасьледаваньні для вызначэньня імуннай праслойкі да COVID-19, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, піша БелТА.

«Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя дасьледаваньні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісьце ў апошнія два месяцы з нагоды рэсьпіраторных інфэкцый», — сказаў Каранік.

18:45 8.5.2020

Актывісты прынесьлі труну на рэпэтыцыю параду

Актывісты «Моладзевага блёку» правялі акцыю супраць параду, які заплянаваны ў Менску 9 траўня. Падчас рэпэтыцыйнага праезду вайсковай тэхнікі ў мікрараёне Ўсход яны пачалі танчыць, трымаючы ў руках імправізаваную труну. Такім чынам моладзь хацела зьвярнуць увагу на небясьпеку наведваньня масавых імпрэзаў у Дзень Перамогі ў Менску.

17:28 8.5.2020

Амбасадар Польшчы: «Беларускія лекары самаахвярна змагаюцца з пандэміяй»

Вялікае інтэрвію з польскім амбасадарам у Менску Артурам Міхальскім пра змаганьне з каранавірусам у Польшчы і Беларусі, працу дыпляматаў ва ўмовах карантыну, парад у Менску 9 траўня, пра візы і паездкі грамадзян паміж краінамі ва ўмовах пандэміі. Чытайце па спасылцы >>

17:27 8.5.2020

933 выпадкі за дзень. Мінздароўя апублікавала новую статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі

Паводле міністэрства, на 8 траўня:

  • агулам 21 101 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 121 памерлы, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлыхкажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 5484 пацыенты выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 933 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 417 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 240 146 тэстаў (плюс 20 101 за дзень).

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG