Ва Ўдмуртыі заведзена крымінальная справа па факце самаспаленьня навукоўца Альберта Разіна каля будынку Дзяржаўнага Савету рэспублікі.
Крыніца агенцтва «Інтэрфакс» у мясцовай пракуратуры паведаміла, што справа заведзена па артыкуле «давядзеньне да самагубства».
У аўторак раніцай Разін выйшаў зь пікетам да будынка Дзяржсавету з плякатамі, на адным зь якіх былі напісаныя радкі Расула Гамзатава: «І калі заўтра мая мова зьнікне, то я гатовы сёньня памерці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр навуковец, які падпаліў сябе ва Ўдмуртыі ў абарону мовы і этнасу
Паводле словаў сяброў навукоўца, перад сэсіяй парлямэнту ён хацеў раздаць дэпутатам свае патрабаваньні. У які момант пляны Разіна зьмяніліся — пакуль ня ясна, але замест раздачы ўлётак ён абліў сябе бэнзінам і падпаліў.
Вучонага даставілі ў рэспубліканскую бальніцу ў крытычным стане з апёкамі амаль 100% цела. Ён быў уведзены ў мэдыкамэнтозны сон, але празь некалькі гадзін памёр.
Пасьля таго, што здарылася, пасяджэньне Дзяржсавету было перанесена на 24 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навуковец ва Ўдмуртыі падпаліў сябе. «Калі заўтра мая мова зьнікне, то я гатовы сёньня памерці»
- Альберту Разіну было 79 гадоў. Ён — кандыдат філязофскіх навук, дацэнт, заслужаны дзеяч навукі Ўдмуртыі, актыўны ўдзельнік Удмурцкай нацыянальнага руху «Удмуртыя Кенеша».
- Летам мінулага году Разін зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыні Дзяржсавету Ўдмуртыі Аляксея Прасолава і дэпутатаў Дзяржсавету з патрабаваньнем не падтрымліваць законапраект аб адмене абавязковага вывучэньня моў карэнных народаў Расеі ў сярэдніх школах, які быў накіраваны Дзяржаўнай Думай для ацэнкі ў рэгіёны.
- У ліпені прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пасяджэньні савета па міжнацыянальных адносінах заявіў аб недапушчальнасьці прымусу школьнікаў вывучаць іншыя мовы народаў Расеі, акрамя расейскай. Гэта выклікала незадаволенасьць у некалькіх рэспубліках — у прыватнасьці, ва Ўдмуртыі.
- Па выніках ўсерасейскіх перапісаў насельніцтва 2002 і 2010 гадоў, за 8 гадоў колькасьць людзей, якія валодаюць удмурцкай мовай, скарацілася на 30% — з 463 тысяч чалавек да 324 тысяч.