Беларуса знайшлі мёртвым у Індыі

Рэлігійная цырымонія на беразе ракі Ганг у Варанасі, 6 сакавіка 2020. Варанасі – горад на поўначы Індыі, у штаце Утар-Прадэш. Гэта сьвяты горад для індуістаў, а таксама для будыстаў і джайністаў. Штогод туды робяць паломніцтва каля мільёна чалавек.

Турыста зь Беларусі 9 красавіка знайшлі мёртвым у пансіёне ў індыйскім горадзе Варанасі, паведамляе выданьне Times of India.

Паведамляецца, што беларус прыехаў у Індыю яшчэ з адным спадарожнікам у лютым. Ён прайшоў абавязковую для ўсіх іншаземцаў праверку на COVID-19, і ягоны тэст быў адмоўны, піша выданьне.

Яшчэ ў сераду ўвечары ён вячэраў разам з усімі, але ў чацьвер не адчыняў дзьвярэй у сваім пакоі, і адміністрацыя пансыёна выклікала паліцыю. Калі ўзламалі дзьверы, ён ляжаў мёртвы на ложку, піша Times of India.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя ператварае цягнікі ў шпіталі. Упершыню за 167 гадоў чыгунку закрыюць

Прычыны сьмерці высьвятляюцца, паліцыя паінфармавала беларускую амбасаду.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пацьвердзіў факт сьмерці ў Індыі беларускага грамадзяніна. Паводле яго, аднак, той быў 1974 году нараджэньня, у той час як Times of India піша пра 55-гадовага чалавека.

«Цяпер кампэтэнтыя органы вывучаюць, як гэта адбылося, і магчымасьці вяртаньня цела на радзіму», — сказаў Анатоль Глаз.

Пазьней выданьне «Комсомольская правда в Беларуси» паведаміла, што памерлы – 45-гадовы Дзьмітры Раманчык, які ўзяў імя Шыванатх. Паводле людзей, якія добра яго ведалі, ён прыляцеў у Індыю ў духоўнае падарожжа. Дзьмітры Раманчык быў даволі вядомы ў Менску як адзін з галоўных беларускіх дасьледчыкаў кашмірскага шываізму, аднаго з кірункаў індуізму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 тысяч арганізаваных турыстаў вярнуліся ў Беларусь, засталіся самастойныя