Ужо сёньня: Дзень памяці Гіёма Апалінэра і Дылана Томаса

Падуя, сучасная аўдыторыя ў біскупскім палацы, у якой Францішак Скарына абараніў ступень доктара мэдычных навук у 1512 г.

Падзеі 8 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дзень у гісторыі

1512 — Францішак Скарына ў Падуі абараніў ступень доктара мэдычных навук.

1794 — У выніку задушэньня Польскага паўстаньня 1794 г. рускай арміяй капітулявалі абаронцы Варшавы.

1941 — Нацысты расстралялі каля 1500 габрэяў у Міры.

1989 — Пачаўся дэмантаж Бэрлінскай сьцяны.

У гэты дзень нарадзіліся

1789 — Марцін Антоні Паўловіч, беларускі навуковец-геоляг, асьветнік.

1818 — Іван Тургенеў, расейскі пісьменьнік.

1856 — Уладзімер Стукаліч, беларускі літаратуразнавец, гісторык, юрыст.

У памяці

1918 — Гіём Апалінэр, францускі паэт зь беларускімі каранямі.​

Гіём Апалінэр

1953 — Дылан Томас, валійскі паэт.

Дылан Томас

Маё мастацтва, змроку рамяство

Маё мастацтва, змроку рамяство
Я практыкую ў ціш начную,
Калі лютуе месяц сярод зор,
Калі каханкі ўжо ў пасьцелі
Ў абдымках зь іхнім горам напалам,
У сьпеўным бляску я шчырую
Не на амбіцыю і не на хлеб,
Ня дзеля продажу усьмешак
На белых сцэнах з слонавых касьцей,
А для заплаты самай простай,
Што найглыбей у сэрцы мае схоў.

Не ганарліўцу, што гарбее ўзбоч
Пад лютым месяцам, пішу я
На гэтых шумапенных аркушох,
Ня дзеля незьлічоных мёртвых,
Якім сьпяваюць псальмы й салаўі,
А для каханкаў, што ў абдымках
Трымаюць гора сьвету празь вякі
І не дадуць граша ні слова
Мне за мастацтва ці мо рамяство.

(Пераклад Хрысьціны Граматовіч)