Імпрэзы ладзяцца з нагоды 57 гадавіны ўварваньня войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну.
Выстава «На хвалях Свабоды» апавядае пра гісторыю і сучаснасьць амэрыканскай мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, якая акурат 30 гадоў таму пераехала з Мюнхэну ў Прагу на запрашэньне тагачаснага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Першая ў гісторыі радыёпраграма Радыё Свабодная Эўропа выйшла па-чэску і па-славацку ў ліпені 1950 году.
57 гадоў таму, у ноч з 20 на 21-га жніўня 1968 году, у Чэхаславаччыну ўварваліся войскі краін Варшаўскай дамовы, каб пакласьці канец супраціву чэхаславацкіх грамадзян і іх надзеям на перамены, прынесеным «Праскай вясной». Гэта былі каля 250 000 жаўнераў, а празь некалькі дзён іх стала паўмільёна. Акупацыя, падчас якой былі праведзеныя палітычныя чысткі, абмежаваныя грамадзянскія свабоды, узмацнела цэнзура, працягнулася 23 гады.
- Журналіста Свабоды Ігара Лосіка арыштавалі ў яго дома ў Баранавічах раніцай 25 чэрвеня 2020 году, за паўтара месяца да дня прэзыдэнцкіх выбараў. Суд у справе Ігара скончыўся ў сьнежні 2021 году. Журналіста судзілі разам з папулярным блогерам і патэнцыйным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеем Ціханоўскім, апазыцыйным палітыкам Міколам Статкевічам і іншымі вядомымі палітвязьнямі. Вынікам працэсу быў прысуд у выглядзе 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальваньні варожасьці».
- Праваабарончыя арганізацыі прызналі крымінальную справу і прысуд Ігару Лосіку палітычна матываванымі, а яго самога — палітычным зьняволеным. За пяць гадоў зьняволеньня Ігар двойчы абвяшчаў галадоўку і двойчы спрабаваў нанесьці сабе цялесныя пашкоджаньні, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду і прэсінгу ў калёніі.
- Большую частку зьняволеньня Лосік правёў у наваполацкай калёніі, адміністрацыя якой паўтара году не дазваляла палітвязьню камунікаваць з роднымі і атрымліваць перадачы. Паводле зьвестак ад былых зьняволеных, у калёніі Ігара часта каралі зьмяшчэньнем у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу).
- Усе чатыры адвакаты Ігара Лосіка мусілі або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй. У кастрычніку 2022 году сілавікі арыштавалі жонку Ігара Дар’ю Лосік. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Дар’я ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» расказала пра справу мужа і ўмовы, у якіх яго ўтрымліваюць. Дар’ю абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі. У ліпені 2024 году яна выйшла на волю.
- Дачцэ Ігара Лосіка Паўліне сёлета споўнілася 6 гадоў. На момант арышту Ігара ёй было крыху больш за год.
- Вызваленьня Ігара Лосіка дамагаюцца міжнародныя арганізацыі, урады і палітыкі дэмакратычных краін: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Рабочая група ААН, Эўрапарлямэнт, Хэльсынская камісія і Камісія правоў чалавека імя Тома Лантаса Кангрэсу ЗША і інш.
- У траўні сусьветная кааліцыя мэдыяарганізацыяў One Free Press Coalition уключыла Ігара ў сусьветны топ-10 зьняволеных журналістаў.