Яшчэ адзін перавозьнік абвясьціў аб скасаваньні пасажырскіх рэйсаў у Літву

Ілюстрацыйнае фота

Пасажырскі перавозьнік Intercars паведаміў аб скасаваньні двух рэйсаў — зь Менску ў Вільню і назад.

«З жалем паведамляем, што, нягледзячы на наяўнасьць усіх неабходных дазволаў з боку перавозьніка ТАА ІП „Байертранс“, літоўскі бок ухваліў рашэньне аб недапушчэньні дадатковых рэйсаў», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі на старонцы ў Instagram.

У прыватнасьці, там паведамлена аб скасаваньні дадатковых рэйсаў Менск – Вільня – Коўна з адпраўленьнем а 04:05 і Вільня – Вільня (аэрапорт) – Менск з адпраўленьнем а 00:45.

Адзначаецца, што асноўныя рэйсы ў гэтых кірунках пакуль застаюцца бязь зьменаў: аўтобус Менск – Вільня – Коўна (адпраўленьне а 04:00), Вільня (00:30) – Вільня (аэрапорт) (01:10) – Менск.

Грамадзянам, якія ўзялі квіткі на дадатковыя рэйсы, абяцаюць вярнуць іх кошт цалкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 110 даляраў за квіток да Вільні, содні ў чэргах па дарозе ў Варшаву. Што адбываецца на межах Беларусі з Эўразьвязам

Абмежаваньне на 29 рэйсаў зь Беларусьсю Літва ўвяла пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча ў лютым 2022 году, калі пачалася вайна Расеі з Украінай. Дагэтуль рэйсаў было ўдвая больш.

Але некаторыя рэйсы надалей адбываліся без дазволаў. Перавозьнікаў папярэдзілі, што рабіць гэтага нельга, і з 12 жніўня яны скасавалі няўзгодненыя рэйсы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі на ўезд у Польшчу зьменшыліся, але значна павялічыліся ў Літву і Латвію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін перавозьнік скасаваў рэйсы на Вільню. Ён займаўся рэйсамі з Магілёва