Чэргі на ўезд у Польшчу зноў павялічыліся, у Літву і Латвію — зьменшыліся

Ілюстрацыйнае фота.

5.190 легкавых аўтамабіляў і 116 аўтобусаў чакала выезду зь Беларусі ў Эўразьвяз на 10 гадзін 23 жніўня, сьведчыць аналіз апэратыўных зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту з памежных пераходаў.

Суткі раней на гэты час было 5.340 машын і 100 аўтобусаў, год таму — 640 аўтамабіляў (у 8,1 раза менш) і 82 аўтобусы.

Найбольш загружаным напрамкам застаецца Польшча. На 10 гадзін 23 жніўня ў пункце пропуску Берасьце (з польскага боку Тэрэспаль) было 4.660 легкавых аўтамабіляў (4.630 у гэты ж час суткі раней). Больш за ўсё аўтамабіляў — 4.770 — сабралася там у 2 гадзіны ночы 20 жніўня.

На тым жа пункце пропуску знаходзілася 116 аўтобусаў (100 суткі раней). Рэкорд быў зафіксаваны ў 12 гадзін 19 жніўня — 157. Чарга пачала хутка павялічвацца 15 жніўня. Калі на пачатак сутак яна складала 48 аўтобусаў, то на канец — 95 (максымум у той дзень — 110).

Пасьля рэзкага росту нязначна зьменшыліся чэргі на ўезд у краіны Балтыі. У пункце пропуску Грыгароўшчына (з латвійскага боку Патэрніекі) сабралася 100 легкавых аўтамабіляў (120 суткі раней), у Беняконях (зь літоўскага боку Салечнікі (Шальчынінкай) — 280 (340), у Каменным Логу (зь літоўскага боку Меднікі (Мядзінінкай) — 150 (250). Чаргі аўтобусаў у гэтым кірунку не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 110 даляраў за квіток да Вільні, содні ў чэргах па дарозе ў Варшаву. Што адбываецца на межах Беларусі з Эўразьвязам

Раней Дзяржаўны памежны камітэт заяўляў, што «закладнікамі сытуацыі, якая стала вынікам дзеяньняў польскіх службаў, аказаліся звычайныя турысты, сярод якіх шмат грамадзян з краін Эўразьвязу».

Польскія памежнікі тлумачылі павольнае праходжаньне мяжы неабходнасьцю больш дбайнай праверкі.

Берасьце — адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.

Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).

8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасьня 2023 году з прычыны ўзрослага патоку нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі на ўезд у Польшчу зьменшыліся, але значна павялічыліся ў Літву і Латвію