У Менску перафарбавалі ў колеры «Белавія» яшчэ два самалёты Airbus A330-200

Адзін з самалётаў Airbus, атрыманых Беларусьсю ў абыход санкцый

Раней беларускаму нацыянальнаму авіяперавозьніку дасталіся тры самалёты Airbus, якія сталі новым тыпам тэхнікі для кампаніі.

Плянавалася, што адзін зь іх выйдзе на маршруты адразу, а два — цягам году. Як паведамляе канал ОтВинта | Авиация Беларуси, на мінулым тыдні два астатнія самалёты сапраўды перафарбавалі ў колеры «Белавія».

Радыё Свабода ў сваім сумесным з праектам «Бюро Мэдыя» расьсьледаваньні раней высьветліла, што Airbus A330-200 трапіў у Беларусь праз фірму-пракладку, зарэгістраваную ў афрыканскай дзяржаве Гамбія. Самалёты вырабленыя ў Эўропе.

Такім чынам, рэжым Лукашэнкі знайшоў спосаб, як абысьці санкцыі Эўразьвязу, уведзеныя за прымусовую пасадку самалёта 18 траўня 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У абыход санкцыяў. «Белавія» рыхтуецца лятаць на самалётах Airbus

Тры самалёты завезеныя ў Беларусь 17 жніўня 2024 году. На той момант яны належалі гамбійскай кампаніі «Magic Air». Усім самалётам на сёньня больш за 20 гадоў.

Раней кіраўнік «Белавія» Ігар Чаргінец гаварыў пра тое, што другі з атрыманых кампаніяй самалётаў пачне працаваць прыкладна ў сярэдзіне жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік кампаніі «Белавія» расказаў пра санкцыі, прыбыткі, палёты ў небясьпечную зону і новыя самалёты