Рада БНР павіншавала з угодкамі незалежнасьці Беларусі: «Ня час цяпер беларусам біцца паміж сабой»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, архіўнае фота

З нагоды 34-й гадавіны аднаўленьня беларускай незалежнасьці ў 1991 годзе Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла зь сьвяточным зваротам.

«Аднаўленьне Незалежнасьці адбылося ў выніку намаганьняў палітычнага авангарду нацыянальнай дэмакратыі — Беларускага Народнага Фронту. Аднак да 25 жніўня 1991 году былі стагодзьдзі змаганьня нашых продкаў, усіх тых, хто не зьмірыўся з панаваньнем спачатку царскай, а потым камуністычнай імпэрыі», — напісала Івонка Сурвіла.

Яна выказала думку, што Беларусь ня выкарыстала напоўніцу гістарычны шанец:

«На жаль, месца чужых захопнікаў заняў дыктатар, які ня толькі ня любіць зямлі, якую здабыў хлусьнёй, але якою ён гатовы гандляваць, каб утрымаць узурпаваную ім уладу. Здраджаны народ застаецца ў няволі, дыктатар пры падтрымцы Масквы разгарнуў супраць яго татальны тэрор, і сотні тысячаў беларусаў ня маюць іншага выйсьця, як шукаць прытулку на чужыне».

Сурвіла заклікала беларусаў і на радзіме, і ў дыяспары берагчы культуру, шанаваць спадчыну, ня страчваць пачуцьця прыналежнасьці да сваёй зямлі, захоўваць беларускую мову:

«У 2020 годзе беларусы паказалі сьвету, што яны жывы народ, які жадае сам вырашаць свой лёс. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю сотняў тысяч беларусаў, мы застаемся адзіным народам — тыя, хто на Бацькаўшчыне, і тыя, хто на чужыне».

Івонка Сурвіла заклікала беларусаў на радзіме і ў эміграцыі супрацоўнічаць, адкласьці пакуль што крытыку адных другімі:

«Ня час цяпер беларусам біцца паміж сабой. Бо залёгка было б двум дыктатарам — Пуціну і Лукашэнку — зьнішчыць нас да апошняга. Мусім зразумець, што мы толькі тады асягнем нашую мэту, калі будзем зьяднанай нацыяй».

  • 25 жніўня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі надалі сілу канстытуцыйнага закону, што дэ-юрэ азначала абвяшчэньне незалежнасьці.
  • Была прыпыненая дзейнасьць КПБ-КПСС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка не галасаваў за незалежнасьць Беларусі ў 1991 годзе. Як усё было
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вы ведаеце пра абвяшчэньне Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году? Праверце сябе. ТЭСТ