Як Лукашэнка раней вызваляў палітвязьняў і што ён за гэта атрымаў

Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня з ІЧУ на завулку Акрэсьціна, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь жыве пад санкцыямі з 1997 году. За наяўнасьць у краіне палітвязьняў Эўразьвяз і ЗША тройчы ўводзілі санкцыі: у 2006-м, 2010-м і 2020-м. Узгадваем, як гэта было.

«Як хваробе кашаль»

Першыя санкцыі супраць Беларусі Эўразьвяз увёў у 1997 годзе.

Гэта адбылося пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996-га, на якім Лукашэнка прысвоіў сябе «царскія паўнамоцтвы» і разагнаў Вярхоўны Савет.

15 верасьня 1997 году ЭЗ афіцыйна абмежаваў фармат сваіх адносінаў зь Менскам да ўзроўню, «ніжэйшага за міністэрскі», у сувязі з «парушэньнямі правоў чалавека і парушэньнямі на выбарах і рэфэрэндуме».

Эўразьвяз тады прыпыніў працэс ратыфікацыі пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве зь Беларусьсю, а таксама часовага гандлёвага пагадненьня ад 1995 году. Тады ж была ўведзена забарона на кантакты найвышэйшага і высокага ўзроўню. Санкцыі фактычна замарозілі асноўныя кірункі супрацы паміж Брусэлем і Менскам.

«Але Эўразьвяз доўгі час уводзіў пераважна пэрсанальныя санкцыі і вырашыў замарозіць актывы кіраўнікоў і чыноўнікаў у Эўропе. Гэта было як хваробе кашаль, бо яны былі не такія дурныя, каб трымаць свае грошы ў тамтэйшых банках, а Лукашэнку ў Эўропу не запрашалі», — узгадвае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Лукашэнка ў 1997 годзе, ілюстрацыйнае фота

9 ліпеня 1998 году Эўразьвяз увёў візавыя абмежаваньні для прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і 130 высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Прычынай стала высяленьне акрэдытаваных паслоў краін ЭЗ і іншых дзяржаваў зь іхных рэзыдэнцыяў у Драздах. У пачатку 1999-га канфлікт быў урэгуляваны: кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу вярнуліся ў Менск, візавыя абмежаваньні былі зьнятыя.

Санкцыі за зьнікненьне апанэнтаў

У верасьні 2004 году ЭЗ забараніў уезд на сваю тэрыторыю чатыром высокапастаўленым беларускім чыноўнікам: тагачасным кіраўніку МУС Беларусі Уладзімеру Навумаву; генэральнаму пракурору, экс-сакратару Савету бясьпекі Віктару Шэйману; міністру спорту і турызму, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову, кіраўніку міліцэйскага спэцпадразьдзяленьня САХР Дзьмітрыю Паўлічэнку. ЭЗ падазраваў іх у датычнасьці да зьнікненьня экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі, экс-старшыні ЦВК Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і апэратара Зьмітра Завадзкага.

Дзьмітры Паўлічэнка (у чырвоным берэце), архіўнае фота

13 сьнежня 2004 году рада Эўрапейскага Зьвязу пацьвердзіла і пашырыла «чорны спіс» да шасьці чалавек, дадаўшы туды яшчэ старшыню Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзію Ярмошыну і камандзіра менскага АМАПу Юрыя Падабеда.

ЗША ў 2004 годзе прынялі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», і хоць амэрыканскія санкцыі былі прынятыя значна пазьней за Эўропу, яны «былі больш адчувальныя», лічыць палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.

У 2005 годзе ЭЗ прыняў рашэньне ўнікаць поўнай ізаляцыі Беларусі, пашыраць кантакты з грамадзянскай супольнасьцю, пры гэтым захоўваючы забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу высокапастаўленым беларускім чыноўнікам.

Тры хвалі санкцыяў

І хоць першыя палітвязьні ў Беларусі зьявіліся яшчэ ў 1997 годзе — былы старшыня перадавога калгасу «Рассвет» Васіль Старавойтаў, экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, у 1999 годзе былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір — санкцыі за наяўнасьць палітвязьняў былі прынятыя толькі ў красавіку 2006 году.

Гэта адбылося пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткага разгону «намётавага мястэчка» на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006-га. Другая санкцыйная хваля накрыла менскі рэжым пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году і разгону «Плошчы».

Акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году

Трэцяя вялікая хваля санкцыяў пайшла таксама пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ў жніўні 2020 году і жорсткіх рэпрэсіяў, якія працягваюцца дагэтуль. Зараз у Беларусі каля 1300 палітвязьняў — прынамсі такую лічбу называлі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і Лукашэнка падчас тэлефоннай размовы 16 жніўня 2025 году.

«Лукашэнка разграбаў гэта 2 гады»

У 2006 годзе выбары скончыліся брутальнымі разгонамі, за краты трапіў Аляксандар Казулін — адзін з канкурэнтаў Лукашэнкі.

За яго тады вельмі моцна заступіліся Злучаныя Штаты, узгадвае палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі, які быў у канцы 2008 году на сустрэчы з Бушам-малодшым у Белым доме разам з дачкой Казуліна Вольгай.

Аляксандар Класкоўскі

«Прэзыдэнт Джордж Буш казаў на той сустрэчы, што, маўляў, „нам трэба націснуць мацней, і неабходна, каб Эўропа націснула, і тады мы сагнем гэты рэжым у дугу“. Высокія амэрыканскія службоўцы адразу пасьля арышту суперніка Лукашэнкі на выбарах гаварылі адкрытым тэкстам, што патрабуюць вызваленьня Аляксандра Казуліна. І на пачатку 2008 году яны ўвялі санкцыі супраць усяго канцэрну „Белнафтахім“, а тады ж вялікая колькасьць нафтапрадуктаў ішла на Захад, гэта быў вельмі даходны бізнэс для Лукашэнкі», — узгадвае Аляксандар Класкоўскі.

Злучаныя Штаты тады маглі ўплываць на замарожваньне фінансаў прадстаўніцтва «Белнафтахіму» ў Эўропе. Гэта моцна ўдарыла па збыце нафтапрадуктаў, кажа суразмоўца.

Аляксандар Казулін (у цэнтры) на сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым і яго жонкай Лорай, 2008 год

«Лукашэнка моцна запсыхаваў і выгнаў амэрыканскую амбасадарку Карэн Ст’юарт. Большасьць дыпляматаў амэрыканскай амбасады тады зьехалі на джыпах у Вільню. Пасьля Беларусь адклікала свайго пасла з Вашынгтону. Гэта было балюча. І таму ў жніўні 2008 году Лукашэнка пад ціскам мусіў адпусьціць Аляксандра Казуліна», — працягвае Класкоўскі.

Палітык Анатоль Лябедзька падкрэсьлівае, што пасьля Плошчы 2006 году былі ўведзеныя менавіта кропкавыя санкцыі: забарона на ўезд у краіны Эўразьвязу Лукашэнкі для некаторых чыноўнікаў, сілавікоў, судзьдзяў, пракурораў.

«Лукашэнку спатрэбіліся два гады — да восені 2008 году дзейнічалі санкцыі, у гэты пэрыяд ішлі перамовы і гэтак далей. Галоўнае патрабаваньне эўрапейцаў — вызваленьне палітвязьняў. Бо калі ў краіне ёсьць палітвязьні — гэта знак бяды», — кажа Анатоль Лябедзька.

Палітык мяркуе, што ў 2008 годзе Лукашэнку было вельмі важна ня мець санкцыяў, бо яны псавалі яго імідж унутры краіны. Так ці інакш ён мусіў рэагаваць.

Анатоль Лябедзька

«Лукашэнка разграбаў гэта два гады. Паколькі санкцыі былі кропкавыя, яны мелі ў нечым сымбалічны характар, і гэта было для Лукашэнкі вельмі балюча. Я сам памятаю, як мы ладзілі сустрэчы, круглыя сталы, акцыі — увесь час гаварылі, што пакуль людзі сядзяць у турме, немагчыма разьвіваць адносіны. І былі заявы ад Эўрапейскага Парлямэнту, ЭЗ, ПАРЭ.

Нават мяккае пралукашэнкаўскае лобі яму казала: „Давайце гэта пытаньне вырашым, бо цяжка прасоўваць нашы інтарэсы, у першую чаргу эканамічныя, пакуль вісяць гэтыя санкцыі“. У Казуліна былі „хросныя“ эўрапарлямэнтары — Лайма Андрыкене ды іншыя. Сам Казулін тады прызнаваў, што калі б не было ціску, наўрад ці ён так хутка быў бы вызвалены», — кажа Анатоль Лябедзька.

Экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна вызвалілі з турмы 16 жніўня 2008 году.

243 чалавекі і 29 прадпрыемстваў

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і разгону «Плошчы» памеры рэпрэсіяў у Беларусі былі зусім іншыя. Былі затрыманыя амаль усе альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзыдэнты — Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч, Алесь Міхалевіч, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Дзьмітры Ус. А таксама лідэры апазыцыі і актывісты — Анатоль Лябедзька, Аляксандар Фядута, Зьміцер Бандарэнка, Ірына Халіп, Наста Дашкевіч, Аляксандар Атрошчанкаў ды іншыя. 20 сьнежня Лукашэнка паведаміў аб арышце 639 чалавек і пацьвердзіў, што вылучэнцаў у прэзыдэнты дапытвалі ў КДБ. Міжнародная супольнасьць адрэагавала даволі хутка.

«Ужо ў студзені 2011 году зьявіліся рэакцыі спачатку Эўрапарлямэнту, а потым і ЭЗ у цэлым. Санкцыі мелі шырэйшы характар, яны закраналі 158 службовых асобаў, былі замарожаныя іх банкаўскія рахункі. І што важна — трапілі ў сьпіс і сам Лукашэнка, і ягоны сын Віктар. Таму для „эга“ Лукашэнкі гэта было адчувальна. Тады Эўразьвяз пакінуў усяго некалькіх высокіх чыноўнікаў, на якіх не распаўсюджваліся санкцыі. Гэта былі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў, першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, які адказваў эканоміку.

У 2011 годзе былі замарожаныя актывы шэрагу беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў. Гэты сьпіс карэктавалі, пашыралі. На піку ў ім былі 243 чалавекі і 29 арганізацыяў», — узгадвае Анатоль Лябедзька.

З сакавіка 2012 году санкцыі ўключалі забарону для эўрапейскіх прадпрымальнікаў весьці эканамічную дзейнасьць зь беларускімі юрыдычнымі асобамі са сьпісу і эмбарга на пастаўкі ў Беларусь паліцыйнай тэхнікі і тэхнікі падвойнага прызначэньня, якую можна скарыстаць «для ўнутраных рэпрэсіяў».

5 гадоў

Пакет санкцыяў выявіўся адчувальным для Беларусі. І Лукашэнка ўжо ў жніўні–верасьні 2011 году пачаў выпускаць палітвязьняў з турмаў. У верасьні выйшаў з турмы і сын палітычнага аглядальніка «Позірку» Аляксандра Класкоўскага Аляксандар, асуджаны на 5,5 году пазбаўленьня волі.

«Лукашэнка сказаў: выпускайце ўсіх. Фактычна зьняў гэтае пытаньне. Спачатку ад вязьняў патрабавалі напісаць прашэньні аб памілаваньні, а потым выпускалі і без заяваў — сын выйшаў без „памілоўкі“. Андрэй Саньнікаў быў вызвалены 14 красавіка 2012 году. Санкцыяў не здымалі. Перад выбарамі 2015 году Лукашэнка вырашыў зьмякчыць адносіны з Захадам і выпусьціў некалькі апошніх палітычных. Мікола Статкевіч выйшаў на волю толькі ў жніўні 2015 году», — узгадвае палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

Лукашэнка ўключыў і свае рэсурсы, сваё асабістае лобі — выкарыстаньне Расеі, якая заўсёды актыўна выступала ягоным адвакатам, кажа палітык Анатоль Лябедзька.

«Але каб разгрэбці наступствы 2010 году, не хапіла двух гадоў — пяць гадоў ён разграбаў. Санкцыі былі адчувальныя. Узгадваю нябожчыка Андрэя Тура, які быў міністрам эканомікі і зь якім я падтрымліваў добрыя адносіны. Дык вось ён казаў: „Бачыш, што робіцца, які пярэпалах сярод чыноўнікаў?“ Ніхто з чыноўнікаў ня хоча трапіць у чорныя сьпісы, бо яны ўжо праклалі сьцежкі ў бясьпечную і багатую Эўропу, любілі адзначаць дні народзінаў у Празе, адпачывалі на Лязурным беразе», — разважае палітык.

Андрэй Тур, архіўнае фота

Андрэя Саньнікава, які атрымаў 5 гадоў зьняволеньня, выпусьцілі 14 красавіка 2014 году. Мікалай Статкевіч, які атрымаў 6 гадоў турмы, не пісаў прашэньня аб памілаваньні. Выйшаў на волю 22 жніўня 2015 году згодна з указам Лукашэнкі аб памілаваньні.

Праз некалькі месяцаў пасьля вызваленьня апошніх палітвязьняў Эўразьвяз прыпыніў санкцыі, а ў лютым 2016 году санкцыі былі замарожаныя. Аднак ЭЗ падкрэсьліваў, што абмежавальныя меры могуць увесьці ў кожны момант, «калі гэта будзе апраўдана». 29 кастрычніка Рада Эўразьвязу прыпыніла на чатыры месяцы замарожваньне актываў «Белтэхэкспарту», «Белтэххолдынгу», «Спэцпрыборсэрвісу», а таксама забарону на паездкі для 170 чалавек (у іх ліку і Аляксандра Лукашэнкі).

Санкцыі працягнулі толькі супраць чацьвярых сілавікоў, якіх падазравалі ў датычнасьці да «эскадронаў сьмерці» – Уладзімера Навумава, Юрыя Сівакова, Віктара Шэймана і Дзьмітрыя Паўлічэнкі. У сіле засталося эмбарга на пастаўкі ў Беларусь зброі і спэцыяльнай тэхнікі паліцыі.

«Захад не праяўляў прынцыповасьці, фактычна задаволіўся толькі вызваленьнем палітвязьняў. Пытаньне іх рэабілітацыі ня бралі пад увагу, ніякай рэабілітацыі не было. Такая адліга працягвалася да 2020 году», — падсумоўвае спадар Класкоўскі.

18 пакетаў

На падзеі 9 жніўня 2020 году Эўразьвяз і ЗША адгукнуліся вельмі хутка. 14 жніўня на тэрміновым паседжаньні міністры замежных справаў 27 краін ЭЗ прынялі палітычнае рашэньне накласьці індывідуальныя санкцыі на асобаў, «адказных за гвалт над мірнымі пратэстоўцамі і фальсыфікацыю выбараў» у Беларусі.

2 кастрычніка ЭЗ наклаў санкцыі на 40 чалавек (у тым ліку кіраўніка МУС Юрыя Караева і старшыню ЦВК Лідзіі Ярмошынай). Лукашэнка тады ня трапіў у сьпіс, бо ЭЗ спадзяваўся «працягваць дыялёг» з афіцыйным Менскам.

Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль

Аднак 6 лістапада былі ўведзеныя санкцыі і супраць Лукашэнкі і 14 высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі. У чорны сьпіс дадалі прэс-сакратарку Натальлю Эйсмант, Віктара Лукашэнку, кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенку, старшыню КДБ Івана Тэртэля, старшыню Сьледчага камітэту Івана Наскевіча і іншых.

Пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair Эўразьвяз закрыў сваю паветраную прастору для «Белавія».

21 чэрвеня 2021 году ЭЗ увёў чацвёрты пакет санкцыяў, у які ўвайшлі восем кампаніяў, у тым ліку МАЗ, БелАЗ, «Новая нафтавая кампанія» і 78 фізычных асобаў. Усяго было прынята 18 пакетаў санкцыяў.

Якія пэрспэктывы зьняцьця цяперашніх санкцыяў?

Тут трэба разглядаць два трэкі — амэрыканскі і эўрапейскі, падкрэсьлівае Аляксандар Класкоўскі. Ён кажа, што пакуль ідзе дыялёг толькі з Амэрыкай — каб зьнялі санкцыі супраць банкаўскай сыстэмы і калійнай вытворчасьці. Амэрыканскі «званок» ужо празьвінеў — Трамп патэлефанаваў Лукашэнку. Званок Трампа, на думку палітычнага аглядальніка, умацоўвае пазыцыі Лукашэнкі ўнутры краіны.

«Гэта моцны сыгнал для яго сілавікоў, для яго атачэньня, для ўмацаваньня вэртыкалі. Лукашэнка ўжо атрымаў практычныя дывідэнды. Гэта важны пасыл і для „ябацек, ” ягонага электарату, для „палітычныга балота“: „Глядзі, ён разрульвае!“

Іншая сытуацыя — эўрапейскі трэк. Тут, прабачце, „тундра“. Пасьля 2006 году Лукашэнка два гады разрульваў сытуацыю з санкцыямі, пасьля 2010 — пяць гадоў. А зараз ніякіх зрухаў, тут нулявы цыкль. Дасягнуць посьпеху толькі на амэрыканскім кірунку недастаткова. Асноўны гандаль ідзе з Эўропай, а не з Амэрыкай. Санкцыі эканамічныя, сэктаральныя — адчувальныя, бо калі яны раней білі толькі па „эга“ Лукашэнкі, то цяпер б’юць па партаманэце, па яго кішэні. У яго спадзеў, што Трамп, гаворачы слэнгам Лукашэнкі, „нахіліць Эўропу“, бо Эўропа займае пакуль жорсткую пазыцыю і рыхтуе 19-ы пакет, пра які казала кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас», — разважае палітычны аглядальнік «Позірку».

Рэпрэсіі не спыняюцца, таму паўстае яшчэ адна важная праблема. І тут многае залежыць ад таго, ці маюць амэрыканцы пакрокавую стратэгію, тлумачыць Класкоўскі.

«Напрыклад, Лукашэнка вызваляе частку палітвязьняў, а Трамп аслабляе санкцыі супраць банкаў. Але калі ў Беларусі будуць працягваць хапаць новых вязьняў, уводзяцца яшчэ мацнейшыя санкцыі. Пакрокавая стратэгія ў свой час спрацавала — калі Мікалай Статкевіч быў вызвалены.

Цяпер і палітвязьняў больш, і сам рэжым стаў больш жорсткім. Але шлях толькі такі: жорсткая пакрокавая стратэгія, калі адначасова паказваюць і бізун, і пернік.

У мяне няма ілюзіяў: „белым і пухнатым“ гэты рэжым ня стане, але ў некалькі разоў зьменшыць маштабы рэпрэсіяў Лукашэнка можа», — такую думку выказаў Аляксандар Класкоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што новага рабілі ўлады ў рэпрэсіях у першай палове 2025 году. Агляд справаздачы Human Constanta