Журналіста Алега Супрунюка пакаралі трыма гадамі пазбаўленьня волі

Алег Супрунюк, архіўнае фота

Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні». Цяпер, паводле БАЖ, за кратамі застаюцца 36 працаўнікоў мэдыя.

БАЖ паведаміў, што 8 жніўня журналіст зь Берасьця Алег Супрунюк быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём у калёніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні».

Да суду больш за паўгода журналіста трымалі пад вартай у СІЗА.

Алег Супрунюк сёлета пасьля 22 студзеня перастаў адказваць на званкі, не зьяўляўся ў сацыяльных сетках. Амаль пяць месяцаў пра лёс журналіста нічога не было вядома.

4 чэрвеня 2025 году пракуратура Берасьцейскай вобласьці распаўсюдзіла інфармацыю, што ў суд накіраваная крымінальная справа, распачатая супраць жыхара Берасьця паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні). Ведамства не назвала імя і прозьвішча абвінавачанага, толькі сьцьвярджала, што не пазьней за кастрычнік 2023 году мужчына ўвайшоў у склад Беларускай асацыяцыі журналістаў, якую КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» 28 лютага 2023 году.

Паводле пракуратуры, у якасьці ўдзельніка «экстрэмісцкага фармаваньня» Супрунюк напісаў ня менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце.

Алег Супрунюк вядомы як рэпартэр, які асьвятляў значныя сацыяльныя і грамадзкія праблемы Берасьцейшчыны, працаваў у газэце «Брестский курьер», онлайн-выданьні «Першы рэгіён», супрацоўнічаў зь іншымі незалежнымі выданьнямі.

Алегу Супрунюку ў верасьні споўніцца 58 гадоў. Ён мае інваліднасьць, ёсьць асьцярогі, што за кратамі стан здароўя журналіста можна значна пагоршыцца, піша БАЖ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьезьд Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў запатрабаваў вызваленьня журналістаў з турмаў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты