Суд у Гомлі завочна пакараў Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка і іншых супрацоўнікаў BySol і ByHelp да 16-18 гадоў калёніі. Справу разглядаў Гомельскі абласны суд у завочным рэжыме.
У справе апрача Стрыжака, Лявончыка былі абвінавачваньні супраць Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага, піша дзяржаўнае выданьне «Гомельская праўда».
Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка суд пакараў на 18 гадоў калёніі і штрафу ў 6000 базавых велічыняў (252 000 рублёў на гэты момант).
Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандру Жук і Аляксандра Падгорнага — да 16 гадоў гадоў калёніі і штрафу ў 5500 базавых (231 000 рублёў).
Іх абвінавачвалі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- аб стварэньні «экстрэмісцкага» фармаваньня (ч. 1 і 2 арт. 361 КК);
- грубым парушэньні парадку (ч. 1 і 2 арт. 342 КК);
- фінансаваньні «экстрэмісцкай» дзейнасьці (ч. 2 арт. 361-2 КК);
- дзеяньнях супраць нацыянальнай бясьпекі (ч. 3 арт. 361 КК);
- абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК);
- распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
- паклёпе і абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК і ч. 2 арт. 368 КК);
- дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК);
- спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК);
- зьдзеку зь дзяржсымбаляў (арт. 370 КК);
- удзеле ва ўзброеным фармаваньні (ч. 2 арт. 361-3 КК);
- падбухторваньні да саўдзелу ў здрадзе дзяржаве (ч. 5 арт. 16 і ч. 1 арт. 356 КК);
- фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці (арт. 290-1);
- тэракце (ч. 1 арт. 289-1 КК).