Літва ля межаў Беларусі праводзіць агульнанацыянальныя вайсковыя вучэньні з удзелам 500 жаўнераў

На адных з ранейшых вучэньнях літоўскага войску. Архіўнае фота

Ва Ўзброеных сілах Літвы паведамілі аб правядзеньні чатырохдзённых вайскова-палявых тактычных вучэньняў «Адважны грыфон» (Narsus griffin).

Як адзначаецца на афіцыйным сайце літоўскага войска, вучэньні пачаліся 25 жніўня і будуць доўжыцца да 29 жніўня.

У вучэньнях удзельнічаюць прыблізна 500 жаўнераў з пяхотнай брыгады «Жамойць» і яе падразьдзелаў.

«Мэта вучэньняў — праверыць здольнасьць брыгады „Жамойць“ перадысьлякаваць свой штаб і падразьдзелы на вызначаныя тэрыторыі, ацаніць баявой гатоўнасьці, а таксама адпрацаваць працэдуры разгортваньня камандных пунктаў і сродкаў сувязі. Таксама будзе праведзены тактычны марш для дэманстрацыі мабільнасьці брыгады», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

На вучэньні вайсковыя часткі з Клайпеды ў чатыры раёны — Сьвянцянскі (Швянчоніскі), Салечніцкі (Шальчынінкайскі), Віленскі (усе мяжуюць зь Беларусьсю. — РС), а таксама Электрынайскі.

У мінулыя гады вучэньні «Адважны грыфон» праводзіліся ў Сувальскім калідоры.

  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
  • Вучэньні «Захад-2025» адбудуцца ў Беларусі з 12 да 16 верасьня. На іх, як заяўлялі ўлады, правераць магчымасьці Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі гарантаваць бясьпеку і адбіваць магчымую агрэсію, а таксама адпрацуюць «плянаваньне выкарыстаньня ядзернай зброі і „Арэшніку“». Колькасьці вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэньнях, пакуль не называлі.
  • Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць – 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пачаліся нацыянальныя вайсковыя вучэньні. У іх возьме ўдзел ня толькі войска