Начальнік Другога дэпартамэнта апэратыўных службаў Міндаўгас Мажонас паведаміў, што агульная колькасьць задзейнічаных у вучэньнях сіл складзе да 30 тысяч вайскоўцаў. Вучэньні ахопяць шырокі спектар задач — ад супрацьпаветранай абароны да абарончых баёў, адбіцьця парушальнікаў і падтрымкі тактычнай авіяцыі.
Мажонас падкрэсьліў, што верагоднасьць гібрыдных атак супраць Літвы падчас гэтых вучэньняў ацэньваецца як вельмі нізкая. Аднак поўнасьцю выключаць асобныя правакацыі нельга:
«Магчымыя такія інцыдэнты, як парушэньні паветранай прасторы, а таксама невялікая верагоднасьць кібэратак. Падобныя эпізоды характэрныя практычна для любых маштабных вучэньняў», — адзначыў кіраўнік літоўскай ваеннай выведкі на тэлеканале LRT.
Пры гэтым ён запэўніў, што рызыка выкарыстаньня вучэнняў «Захад» як прыкрыцьця для больш маштабных дзеяньняў Расеі супраць краін рэгіёну або ўцягваньня Беларусі ў новую фазу вайны ва Украіне застаецца мінімальнай.
Нагадаем, раней намесьнік міністра абароны Літвы Томас Гадаўскас таксама заяўляў, што, паводле ацэнак выведкі, у «Захадзе-2025» можа быць задзейнічана да 30 тысяч вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ля межаў Беларусі праводзіць агульнанацыянальныя вайсковыя вучэньні з удзелам 500 жаўнераў