Як напісаў у Тэлеграме кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў, у спаборніцтвах узялі ўдзел каля 400 сілавікоў з Расеі, Беларусі і Кувэйту. Удзельнікі выконвалі задачы, набліжаныя да ўмоваў рэальнага бою, у тым ліку стральбу, аказаньне мэдычнай дапамогі і тактычныя дзеяньні ў розных умовах.
У асноўным заліку беларуская каманда апярэдзіла байцоў з расейскіх падразьдзелаў з Смаленску і акупаванай Херсонскай вобласьці, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.
Менскія амапаўцы перамаглі на гэтых спаборніцтвах другі год запар, адзначыла прэсавая служба МУС Беларусі.
Пераможцаў узнагароджваў 17-гадовы сын Рамзана Кадырава Адам. Як паведаміў кіраўнік Чачэніі, Адаму Кадыраву там жа ўручылі мэдаль «Абаронца Чачэнскай Рэспублікі». Гэтая ўзнагарода прысуджаецца за «асабістую мужнасьць і адвагу» ў сытуацыях з рызыкай для жыцьця.
Адам Кадыраў ужо мае як мінімум 17 узнагародаў, у тым ліку найвышэйшую ў Чачэніі — ордэн Кадырава, а таксама званьне Героя Чачэнскай Рэспублікі.
Акрамя гэтага, ён займае шмат пасадаў, сярод якіх —
- начальнік аддзелу бясьпекі кіраўніка Чачэніі,
- куратар МУС Чачэніі,
- куратар Расейскага ўнівэрсытэту спэцназу імя Пуціна,
- куратар чачэнскага батальёну, які ваюе супраць Украіны.