Як паведаміў Трамп, тэма абмяркоўвалася падчас візыту Пуціна на Аляску. «У нас больш за ўсё ядзернай зброі, — сказаў Трамп, — Расея на другім месцы, і Кітай на трэцім. Яны моцна адстаюць ад нас, але дагоняць ужо праз пяць гадоў». Дыялёг з Пуціным ён назваў «добрым», заявіўшы, што добрай аказваецца «кожная размова» з прэзыдэнтам Расеі.
Перад паездкай у Анкарыдж 14 жніўня прэзыдэнт Расеі расказаў перад Саветам бясьпекі, што можа ўключыць пытаньні ядзернай зброі ў магчымую зьдзелку па Украіне, якія будуць абмяркоўвацца з Трампам. Паводле яго слоў, выхад на «дамоўленасьці ў галіне кантролю над стратэгічнымі наступальнымі ўзбраеньнямі» магчымы падчас далейшых перамоваў з Вашынгтонам.
У 2026 годзе заканчваецца апошні дагавор аб кантролі над ядзернымі ўзбраеньнямі, заключаны паміж ЗША і Расеяй, СНУ-III. Пагадненьне выконваецца толькі часткова — Масква заявіла, што прыпыняе ўдзел у ім пасьля пачатку ўварваньня ва Украіну.
Згодна з угодай, ЗША і Расея могуць трымаць у гатовым да прымяненьня стане ня больш за 1550 ядзерных боезарадаў для кожнай з краін. Агульны лік носьбітаў абмяжоўваюцца сямюстамі. Дагавор не ахоплівае стратэгічныя ўзбраеньні іншых краін, у тым ліку Кітая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каля 90% прадпрыемстваў расейскага ВПК будуць пад абстрэлам». Што вядома пра ўкраінскую ракету «Флямінга». ВІДЭА