У Польшчы запэўнілі, што ня спыняць фінансаваньня Starlink для Ўкраіны

Starlink

Пасьля таго, як новы прэзыдэнт краіны Караль Наўроцкі наклаў вэта на закон, датычны Ўкраіны, пайшлі чуткі, што Варшава спыніць падтрымку спадарожнікавага інтэрнэту, які надзвычай важны для ўкраінскага фронту.

Кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Зьбігнеў Багуцкі паведаміў, што ўлады краіны не спыняюць фінансаваньня спадарожнікавага інтэрнэту Starlink для Ўкраіны.

«Вэта прэзыдэнта Наўроцкага не адключае інтэрнэт Starlink для Украіны, бо выдаткі на гэтае злучэньне фінансуюцца ў адпаведнасьці з палажэньнямі дзейнага заканадаўства, а законапраект, унесены ў Сэйм прэзыдэнтам Польшчы, захоўвае гэты парадак. Тое ж самае тычыцца і падтрымкі захоўваньня ўкраінскіх урадавых зьвестак у бясьпечным месцы».

Напярэдадні міністар лічбавізацыі і віцэ-прэм’ер Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што Караль Наўроцкі наклаў вэта на закон аб дапамозе грамадзянам Украіны. Закон уключаў у сябе выдзяленьне дапамогі для аплаты інтэрнэту ад Starlink:

«Гэта канец інтэрнэту Starlink, які Польшча дае Ўкраіне, што ў стане вайны. Гэта таксама канец падтрымкі захоўваньня зьвестак украінскай адміністрацыі ў бясьпецы».

Зьбігнеў Багуцкі ў сваім допісе згадаў Гаўкоўскага і заявіў, што таму трэба «змагацца з маніпуляцыямі і дэзынфармацыяй у інтэрнэце, а не ствараць іх».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альтэрнатывы Starlink: ЭЗ рыхтуе для сябе і Ўкраіны запасныя варыянты спадарожнікавай сувязі на выпадак адмовы кампаніі Маска

Наўроцкі 25 жніўня абвясьціў, што наклаў вэта на ўхвалены парлямэнтам законапраект, які падаўжае выплаты дзецям украінскіх уцекачоў, якія жывуць у Польшчы. Як вынікае з тлумачэньня на сайце прэзыдэнта Польшчы, Наўроцкаму не спадабалася, што дапамогу даюць у тым ліку тым украінцам, якія не працуюць у Польшчы.

Кіеў выкарыстоўвае спадарожнікавы інтэрнэт Starlink як у ваенных мэтах на фронце, так і ў дзяржаўным сэктары. Кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі раней пісаў, што «паслугі Starlink для Ўкраіны аплачвае міністэрства лічбавізацыі Польшчы» і гэта каштуе яму каля $50 млн у год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы наклаў вэта на закон аб дапамозе уцекачам з Украіны