Кіроўцы легкавікоў чакаюць выкліку на пераход польскай мяжы каля 10 дзён

Ілюстрацыйнае фота

Чарга на памежным пераходзе зь Беларусі ў Польшчу ў Берасьці крыху скарацілася ў параўнаньні з тым, што было на мінулым тыдні, аднак застаецца вельмі доўгай.

Сёньня ў пункт пропуску на мяжы з Польшчаю выклікаюць тых, хто зарэгістраваўся ўвечары 16 жніўня. Кіроўцам давялося чакаць амаль 10 дзён, піша Белсат.

Агулам жа ў чарзе каля 4328 легкавікоў. Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт заяўляе, што польскі бок выконвае норму пропуску толькі на 38%.

На літоўскім кірунку перад Меднікамі (Каменны Лог) у чаканьні знаходзяцца 300 аўтамабіляў, перад Салечнікамі (Беняконі) — 180.

Найбольш грузавікоў перад літоўскім пунктам пропуску Меднікі (Каменны Лог) — 340 фураў. За 24 гадзіны яго кантрольныя службы аформілі ўсяго 16% аўтамабіляў ад нормы, піша ДПК. Больш за 240 грузавікоў фіксуюць перад Салечнікамі (Беняконі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі аўтобусаў на ўезд у Польшчу істотна зьменшыліся, а легкавікоў зноў пабольшала

Што прывяло да чэргаў?

Берасьце — адзіны даступны падарожнікам аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.

Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, дзеячу неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).

8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).

19 верасьня 2023 году праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скарачэньня рэйсаў у Літву падаражэлі аўтобусныя квіткі. А на чарзе новая забарона — з Латвіі