Сейм Літвы прызначыў новую старшыню ўраду — 44-гадовую Інгу Ругінене

Інга Ругінене ў Сейме Літвы. Вільня, 26 жніўня 2025

Сейм Літвы ўхваліў прызначэньне міністра сацыяльнай абароны і працы ад Cацыял-дэмакратычнай партыі Інгі Ругінене прэм’ер-міністрам краіны.

78 дэпутатаў Сейму прагаласавалі «за», 35 — «супраць», 14 — «устрымаліся».

Перад галасаваньнем Інга Ругінене, кажучы пра будучыя рашэньні, сказала, што будзе шукаць кампрамісы, піша BNS.

Яна паабяцала падтрымліваць добрыя адносіны з Польшчай, зрабіць свае першыя замежныя візыты ў гэтую суседнюю краіну і Ўкраіну, а таксама нармалізаваць адносіны з Кітаем.

Урад сфармуюць прадстаўнікі Cацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, «Нёманскай зары», Зьвязу сялянаў і зялёных Літвы, Выбарчай акцыі палякаў у Літве — Зьвязу хрысьціянскіх семʼяў, якія падпісалі пагадненьне аб кіроўнай кааліцыі ў панядзелак.

Інга Ругінене і віцэ-сьпікер Сейма Літвы Юозас Олекас

Тым часам у Вільні праходзяць пратэсты супраць палітычнага аблічча новай кааліцыі. На масавую акцыю «Дзень ганьбы», якая адбываецца ў Вільні і завяршаецца перад Сеймам, сабраліся тыя, хто пратэстуе супраць пагадненьня аб фармаваньні кіроўнай большасьці і лічыць партнэраў сацыял-дэмакратаў адыёзнымі.

У часе леташняй выбарчай кампаніі лідэр партыі «Нёманская зара», якая ўвайгла ў кааліцыю, Рэмігіюс Жамайтайціс выказваўся за супрацу зь Беларусьсю і расказваў, як вырваць краіну з уплыву Расеі. Тады ж выбухнуў скандал ў сувязі зь ягонымі ягонымі антысэміцкімі выказваньнямі.

Новы ўрад Літвы фармуецца пасьля сыходу папярэдняга прэмʼера Гінтаўтаса Палуцкаса праз падазрэньні ў карупцыі.

Ругінене ўступіць на пасаду, калі прэзыдэнт падпіша ўказ аб яе прызначэньні прэмʼер-міністрам, і яна будзе прыведзена да прысягі ў Сейме разам з новым Кабінэтам Міністраў.

  • 44-гадовая Інга Ругінене — пачатковец у палітыцы. Яна пачала працаваць у гэтай сфэры мінулай восеньню, далучыўшыся да Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі і прыняўшы ўдзел у выбарах у Сейм разам зь ёй.
  • Пасьля перамогі партыі Ругінене атрымала партфэль міністра сацыяльнай абароны і працы.
  • Перад тым яна займала пасаду старшыні Літоўскай канфэдэрацыі прафсаюзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Літвы падаў у адстаўку пасьля шэрагу абвінавачаньняў прэм’ера ў карупцыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэра літоўскай партыі, які адзначыўся антысэміцкімі выказваньнямі, пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасьці