У кабінэце Ўладзіміра Пуціна ў Сэнацкім палацы Крамля паміж 17 і 24 лютага 2025 году адбыліся незаўважныя на першы погляд зьмены. На кніжных паліцах за ягонай сьпінай, якія трапляюць у аб’ектывы камэраў у часе прыёмаў, памянялі расстаноўку кніг: зьявіліся новыя выданьні, а Канстытуцыя Расеі перамясьцілася з правай часткі шафы ў левую.
Да гэтага раскладка кніг мянялася толькі нязначна. Фота з ранейшай раскладкай можна знайсьці на здымках 2016 году, яна ж зафіксаваная на панарамнай здымцы кабінэту, якую ў 2019-м апублікавала выданьне Life, піша «Система».
Як выглядала кніжная шафа ў кабінэце Пуціна ў розны час
Пасьля лютага 2025 году Пуцін больш за сорак разоў прымаў у сваім кабінэце губэрнатараў, міністраў і кіраўнікоў дзяржаўных кампаніяў. Прынамсі на адным кадры пратакольнай здымкі з гэтых сустрэчаў (фота ці відэа) можна разгледзець новую кніжную раскладку. Аднак у пяці выпадках раскладка кніг нібы вярнулася да ранейшага парадку. Гэта можа быць прыкметай таго, што Крэмль выдаваў за актуальныя падзеі загадзя падрыхтаваныя запісы, зробленыя да 24 лютага, — гэта значыць публікаваў так званыя «кансэрвы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Фонду абароны дэмакратый: Пуцін хоча атрымаць за сталом перамоваў тое, чаго ня змог дамагчыся за тры гады вайнойВыкарыстаньне загадзя падрыхтаваных запісаў для публікацыі ў іншы дзень — даволі распаўсюджаная практыка Крамля. Часам гэта зьвязана з здароўем Пуціна, часам — зь ягоным жаданьнем адпачыць ад публічнасьці.
Калі паглядзець на публічныя захады з удзелам Пуціна з 2 па 10 красавіка 2025 году, кідаецца ў вочы брак групавых сустрэчаў і масавых падзеяў. Але пры гэтым выйшлі чатыры відэа, якія, як падазраюць расьсьледнікі, запісваліся ў іншы дзень. На людзях за межамі Крамля Пуцін зьявіўся толькі 11 красавіка, калі ў Санкт-Пецярбургу ён прыняў спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа.
Выкарыстаньне яшчэ адной «кансэрвы» ў траўні можа быць зьвязана з асабістым жыцьцём Пуціна. Рэч у тым, што 12 траўня, калі Пуцін нібыта сустракаўся з губэрнатарам Іванаўскай вобласьці Станіславам Васкрасенскім, свой 42-гі дзень нараджэньня сьвяткавала Аліна Кабаева, шматгадовая партнэрка Пуціна і маці яго сыноў (і тое, і другое Крэмль спрабуе трымаць у сакрэце).
Відэа з Пуціным, апублікаванае на дзень нараджэньня Кабаевай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прадуктыўная сустрэча, але ўгоды пакуль няма». На Алясцы прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі. ВІДЭА