Лукашэнка патрабуе ад гандлёвых сетак прыйсьці ў вёскі, «хай нават непэрспэктыўныя»

Вясковая крама, архіўнае фота

«У невялікія вёскі, хай нават непэрспэктыўныя, варта прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўваньня насельніцтва», — заявіў Лукашэнка на нарадзе 26 жніўня.

Як адзначаецца на ягоным сайце, Лукашэнка лічыць, што павінен быць балянс — каб уладальнікі прыбытковых гандлёвых сетак у гарадах абслугоўвалі і сельскіх жыхароў.

«Я хачу, каб вы гэта пачулі. У нас усе разумныя гандляры рынуліся ў буйныя гарады, пабудавалі тут крамы, някепска жывуць, праўда, на Лязурным беразе ўсе гаспадары і ўласьнікі. Ну, дык арганізуйце так, каб яны працавалі там, у глыбінцы», — агучыў сваё патрабаваньне Лукашэнка.

Якія лічбы агучылі на нарадзе

  • За 5 гадоў крамаў у вёсках стала менш на 1,5%.
  • Штогод закрываюць ад 100 да 250 крамаў.
  • Доля грошай, якія беларусы трацяць у вясковых крамах, зьнізілася з 20 да 13% .

Дасталося ад Лукашэнкі і Белкаапсаюзу, які з году ў году паказвае стабільныя страты і патрабуе дзяржаўнай падтрымкі.

  • Доля гандлёвых абʼектаў Белкаапсаюза ў вёсцы ўпала да 23%.
  • Страты ад гандлёвай дзейнасьці Белкаапсаюзу дасягнулі 33 млн рублёў.

Лукашэнка раскрытыкаваў кіраўніцтва Белкаапсаюзу за высокія заробкі, якія ў 1,5 раза большыя, чым у міністраў, у той час як заробкі прадаўцоў застаюцца мізэрнымі.

Нарада завяршылася патрабаваньнем стварыць да 1 студзеня новую схему гандлю, якая ўключала б крамы ва ўсіх буйных вёсках і аграгарадках, а таксама зручную развазную сыстэму для невялікіх паселішчаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы на пагашэньне даўгоў, набыцьцё аўтакрамаў: дзяржава зноў узялася за «рэанімацыю» стратнага «Белкаапсаюзу»