Як адзначаецца ў расьсьледаваньні Беларускага расьсьледніцкага цэнтра, схему арганізавалі набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцы.
Урэшце, штогадовыя страты беларускай птушкагадоўчай галіны складуць прыблізна 140 мільёнаў даляраў.
У прыватнасьці, магчымасьць пастаўляць курынае мяса і лапкі ў Кітай страцілі 11 з 13 беларускіх птушкафабрык. У той жа час фірмы, якія ўдзельнічалі ў схемах, зарабілі дзясяткі мільёнаў даляраў.
Доступ да кітайскага рынку пяць беларускіх птушкафабрык атрымалі ў 2018 годзе. У 2020-м Кітай акрэдытаваў яшчэ тры камбінаты, а частка птушкафабрык атрымала асобныя ліцэнзіі на пастаўкі мясных субпрадуктаў, сярод якіх быў і — курыныя лапкі. З гэтага пачаўся выбухны рост іх экспарту — з 10 000 тон у 2020 годзе да 60 000 тон у 2023-м. Беларусь увайшла ў топ пастаўшчыкоў разам з усясьветнымі гігантамі мясной вытворчасьці: Бразыліяй, ЗША і Расеяй і заняла больш як 11 % усяго экспартнага рынку лапак у Кітаі. Гадавы аб’ём адгрузак склаў чвэрць мільярда долараў.
«Надзвычай высокія лічбы прыцягнулі ўвагу кітайскіх кантралёраў. Яны правялі праверку, якая выявіла, што Беларусь пастаўляе на 30-40% больш лапак, чым здольная вырабляць. Гэта азначала, што Менск набывае чужую прадукцыю і прадае яе ў Кітай пад выглядам уласнай, што забаронена ўмовамі акрэдытацыі», — пішуць расьсьледнікі.
У жніўні-сьнежні 2023 году тры зь пяці ліцэнзаваных пастаўшчыкоў згубілі права на экспарт, а ў сьнежні 2024-га, пасьля візыту кітайскай дэлегацыі на беларускія прадпрыемствы, Пэкін амаль цалкам заблякаваў імпарт зь Беларусі прадукцыі з птушкі. Расьсьледнікі адзначаюць, што пры гэтым бакі дамовіліся, што абмежаваньні ўводзіць не Кітай, а Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, якое пасьля кансультацый з кітайскім бокам спыніла дзеяньне сэртыфікатаў.
У схемах удзельнічалі прадпрыемствы, зьвязаныя з сынам Віктара Шэймана Сяргеям, з колішнімі кіраўнікамі прадпрыемстваў, што падпарадкоўваліся Упраўленьню справамі прэзыдэнта, а таксама з Аляксандрам Зайцавым — колішнім памочнікам Віктара Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія паплечніка Лукашэнкі Шэймана набыла зямлю ў Абхазіі на беразе Чорнага мора. Ёсьць прыкметы карупцыі — БРЦУ Беларускім расьсьледніцкім цэнтры нагадалі, што Беларусь не ўпершыню выступае арганізатарам міжнародных кантрабандных схем. У 2000-х у Расею перапраўлялі замежны трысьняговы цукар пад выглядам цукру з буракоў. Пазьней у Эўропу прадавалі паліва пад выглядам разбаўляльнікаў. У 2010-я сталі вядомыя «беларускія крэвэткі», ананасы і пармэзане, якія перапраўлялі ў Расею ў абыход расейскіх контрсанкцый. Рэальным вынікам такога рээкспарту сталі ўзмоцненыя абмежаваньні і пагаршэньне гандлёвых умоў для ўсёй краіны.
Аднак гэты досьвед не спыніў высокапастаўленых асобаў, блізкіх да Лукашэнкі, ад новых афэраў. Высьветленая ў расьсьледаваньні схема — гэта першы вядомы выпадак спробы падмануць ня толькі Расею, але і Кітай, аднаго зь нямногіх стратэгічных партнэраў Беларусі. У выніку замест разьвіцьця эканомікі Менск атрымаў рэпутацыйныя і эканамічныя страты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла расьсьледаваньне: як і колькі набліжаныя да Лукашэнкі зарабляюць на абыходзе санкцыяў за кошт «Гродна Азоту»