ЗША накладаюць 50-працэнтнае імпартнае мыта на Індыю за яе закупкі расейскай нафты

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс і прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі. Дэлі, 21 красавіка 2025 году

Стала вядома, што НПЗ Індыі плянуюць у бліжэйшыя тыдні скараціць імпарт нафты з Расеі.

27 жніўня ў ЗША набываюць моц 50-працэнтныя імпартныя мыты на тавары зь Індыі. Пра гэта Вашынгтон афіцыйна паведаміў Дэлі. Тарыфы будуць павышаныя ўдвая ад цяперашніх 25 працэнтаў за адмову Індыі зьнізіць закупкі расейскай нафты.

Злучаныя Штаты — найбуйнейшы гандлёвы партнэр Індыі. Прафіцыт яе гандлёвага балянсу з ЗША склаў летась каля 46 мільярдаў даляраў. Чакаецца, што амэрыканскія імпартныя мыты нанясуць адчувальны ўдар па аўтамабільным, хімічным, харчовым, ювэлірным, тэкстыльным сэктарах эканомікі Індыі.

Індыйскі ўрад паабяцаў ільготныя крэдыты дробным вытворцам, якія пацярпяць ад тарыфаў, і знайшоў новыя рынкі збыту для індыйскіх тавараў. Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі ў панядзелак заявіў, што яго ўрад «не дазволіць нанесьці страту дробным прадпрымальнікам, фэрмэрам, жывёлаводам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп увёў дадатковае мыта для Індыі за пакупку нафты ў Расеі. Індыя абвінаваціла ЗША і ЭЗ у падвойных стандартах

Фармальнай падставай увесьці дадатковыя 25-працэнтныя імпартныя тарыфы на тавары зь Індыі сталі закупкі ёю расейскае нафты, якія шматкроць узрасьлі пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт і гандлёвы прадстаўнік ЗША Пітэр Навара абвінавацілі Індыю ў тым, што яе закупкі расейскай нафты фінансуюць расейскую агрэсію. Да пачатку вайны на Расею прыпадаў 1 працэнт індыйскага імпарту нафты, зараз — 42 працэнты.

Паводле Bloomberg, нафтаперапрацоўчыя заводы Індыі плянуюць у бліжэйшыя тыдні крыху скараціць імпарт нафты з Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп прыгразіў краінам BRICS, куды імкнецца Беларусь, за спробу прыдумаць замену даляру ў гандлі