Уезду ў Эўразьвяз на 10:00 27 жніўня чакала 4695 легкавых аўтамабіляў, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Самы інтэнсіўны маршрут для легкавога транспарту праходзіць праз польскі пункт пропуску Тарэспаль (Берасьце зь беларускага боку), у чарзе знаходзілася 4230 аўтамабіляў. Таксама тут у чарзе 13 аўтобусаў.
Днём раней у 10 гадзін было 4868 легкавых аўтамабіляў і 30 аўтобусаў, год таму — 550 аўтамабіляў (у 7,6 раза менш) і 39 аўтобусаў.
Больш за ўсё аўтамабіляў — 4770 — было тут у 2 гадзіны ночы 20 жніўня.
Рэкорд у чарзе аўтобусаў быў зафіксаваны а 12-й гадзіне 19 жніўня — 157. Хутка расьці чарга пачала 15 жніўня. Калі на пачатак содняў яна складалася з 48 аўтобусаў, то на канец — з 95 (максымум у той дзень — 110).
На 10:00 уезду ў Літву перад пунктамі пропуску Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) чакаюць 390 легкавых аўтамабіляў (540 дзень таму).
Перад латвійскім памежным пераходам Патэрніекі (Грыгораўшчына) сабралася 75 адзінак легкавога транспарту (80 дзень таму) і адзін аўтобус (3).
Літоўскі кірунак застаецца самым загружаным для фураў. Тут фіксуецца 570 грузавікоў, якія чакаюць уезду на сумежную тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі аўтобусаў на ўезд у Польшчу істотна зьменшыліся, а легкавікоў зноў пабольшалаШто прывяло да чэргаў?
Берасьце — адзіны даступны падарожнікам аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.
Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду журналісту, дзеячу неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
19 верасьня 2023 году праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіроўцы легкавікоў чакаюць выкліку на пераход польскай мяжы каля 10 дзёнЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.