У ААН перадалі скаргу на дыскрымінацыю палітзьняволенай Вікторыі Кульшы

Вікторыя Кульша, архіўнае фота

За кратамі ў Вікторыі Кульшы пагоршыўся стан здароўя.

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы, паведамляюць праваабаронцы з арганізацыі Respekt-Protekt-Fulfill.

«25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы і заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць захады па яе абароне. Камітэт папрасіў надаць жанчыне неабходную мэдыцынскую і псыхалягічную дапамогу, а таксама забясьпечыць належныя ўмовы ўтрыманьня», — заявілі праваабаронцы, спасылаючыся на ліст, які яны атрымалі з камітэту ААН.

Вікторыі Кульшы 43 гады, яна зь Менску, працавала інжынэрам аховы працы. 4 лістапада 2020 году Кульшу затрымалі за тое, што яна адміністравала тэлеграм-чат «Кіроўцы 97% Менск».

У лютым 2021 году Вікторыю асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») на 2,5 году калёніі і накіравалі ў гомельскую жаночую калёнію № 4.

Пазьней жанчыну яшчэ чатыры разы асудзілі па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса, нібыта за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, кожны раз на адзін года дадаткова.

У жніўні 2025 году скарга Вікторыі Кульшы на апошні прысуд, як і ўсе папярэднія, не была задаволеная, цяпер палітзьняволеную утрымліваюць у жаночай калёніі № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёну.

Вядома, што ў Вікторыі Кульшы працягвае пагаршацца здароўе, напярэдадні апошяга суду ў 2025 годзе яна месяц трымала галадоўку, хаця ўжо адчувала сябе вельмі дрэнна.

Паводле крыніцы Свабоды, у яе праблемы з гінэкалёгіяй, дыягназавалі мастапатыю малочных залоз, кісту шчытавіцы. У камэрах ШЫЗА і ПКТ яна застудзіла суставы ног, таксама пакутуе ад боляў у тазе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адмовілася здымацца ў прапагандысцкіх відэа». За што чацьвёрты раз асудзілі за кратамі палітзьняволеную Кульшу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Вікторыі Кульшы зноў дадалі яшчэ адзін год за кратамі