На гэта ў сваім Telegram-канале зьвярнула ўвагу тэатральны крытык Анастасія Панкратава.
«Здаецца, колькасьць беларускамоўных тэатраў у Беларусі ізноў паменшыцца», — адзначаецца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што такі падыход дырэктарка тэатру патлумачыла тым, што «расейская клясыка — тое поле, тая культурная прастора, у якую заўсёды хочацца акунуцца, гэта добрая глеба і для разьвіцьця трупы, і для міжнародных сувязяў».
Апроч таго, Сьвятлана Навуменка паведаміла аб намерах прывесьці ў афішу РТБД «папулярнага расейскага аўтара» Захара Прылепіна (ён удзельнічаў у першай чачэнскай вайне і ў агрэсіі Расеі супраць Украіны, знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. — РС) Зараз вядуць перамовы з расейскім рэжысэрам Юрыем Пахомавым, каб паставіць на беларускай сцэне «Пацанскія аповяды» Прылепіна. Як сказала Навуменка, расейскі глядач, да якога тэатар плянуе выяжджаць на гастролі, таксама можа зацікавіцца сваім аўтарам.
Выданьне «Люстэрка» піша, што ў выпадку рэалізацыі гэтага праекту Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі страціць сваю беларускаарыентаваную спэцыфіку.
«Цяпер сярод 28 прафэсійных тэатраў Беларусі ён зьяўляецца адным з усяго чатырох, што працуюць выключна на беларускай мове. Апроч РТБД, гэта Купалаўскі, Коласаўскі і Беларускі тэатар „Лялька“ (апошнія два знаходзяцца ў Віцебску)», — піша выданьне.
У лістападзе 2024 году з РТБД звольнілі чатырох актораў: Максіма Брагінца, Зьмітра Давідовіча, Арцёма Курэня і Паўла Шыкунова. Пасьля іх сышлі Ганна Семяняка і Дзяніс Аўхарэнка. У выніку ў тэатры зьнялі з паказаў спэктаклі «Паляваньне на сябе», «Шлюб з ветрам», «Пачупкі», «Карней», «Камень дурасьці» і «Забалоцьце», якія з таго часу больш ніколі не дэманстраваліся.
Паводле «Люстэрка», з 2020 году ўжо звольнілі практычна палавіну трупы РТБД, яго дырэктара і мастацкага кіраўніка. Цяпер амаль траціну трупы складаюць маладыя акторы і акторкі, якія прыйшлі ў тэатар у апошнія некалькі гадоў. Сьвятлана Навуменка стала дырэктарам у жніўні 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўскі без купалаўцаў. Чым цяпер зарабляе галоўны тэатар краіны і як жывуць яго былыя зоркі