Вальфовіч: у Беларусі пачалі вытворчасьць боепрыпасаў для артылерыйскіх сыстэм і РСЗА на экспарт

Аляксандар Вальфовіч. Архіўнае фота

Сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што Беларусь пачала вытворчасьць боепрыпасаў да артылерыйскіх сыстэм і рэактыўных сыстэм залпавага агню (РСЗА) ня толькі для патрэбаў Узброеных сіла Беларусі, але і на экспарт.

«Мы наладзілі выпуск для сваіх Узброеных сіл. Гэта, у тым ліку, экспартны тавар, якія сёньня, на жаль, карыстаецца попытам. Таму апроч сельскагаспадарчай тэхнікі, цывільнай тэхнікі, на якой заўсёды спэцыялізавалася наша краіна, будзем прадаваць і зарабляць грошы і на відах вайсковай прадукцыі», — працытавала Вальфовіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Такую заяву Аляксандар Вальфовіч зрабіў 27 жніўня ў часе наведваньня прадпрыемства ў Аршанскім раёне, якое ўваходзіць у структуру Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі.

Назву прадпрыемства не ўдакладнілі, але Вальфовіч зьвярнуў увагу на тое, што прадпрыемства «за невялікі адрэзак часу зрабіла вялікія крокі наперад»: зусім па-іншаму пабудавана вытворчасьць, якая аснашчаная сучаснымі станкамі.

«У нас няма магчымасьці набываць амэрыканскую, заходнеэўрапейскую зброю, таму што, па-першае, яно дарагое, а па-другое, нам яе ніхто не прадасьць. А для абароны нацыянальных інтарэсаў нам патрэбныя свае ўзоры ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі», — заявіў Аляксандар Вальфовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія прадпрыемствы зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне і што зь імі будзе, калі яна скончыцца

Раней аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol паведамляла, як беларускія прадпрыемствы працуюць на вайсковыя патрэбы Расеі. Спачатку назвалі сама меней 16 беларускіх прадпрыемстваў, якія ў той ці іншай ступені задзейнічаныя ў вытворчасьці дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэм залпавага агню БМ-21 «Град». Пазьней зьявілася інфармацыя, што колькасьць такіх прадпрыемстваў перавысіла лічбу ў 120.

Улады Беларусі раней гэтую інфармацыю не камэнтавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча аднавіць супрацу з Кітаем у будаўніцтве ракет, а «Палянэз» узброіць ядзернымі боегалоўкамі