109 «здраднікаў дзяржавы». За што беларусаў абвінавачваюць у адным з самых сур’ёзных злачынстваў

Ілюстарцыйнае фота

Сьпіс «здраднікаў дзяржавы» нядаўна папоўнілі сацыёляг, яшчэ адзін журналіст, праграміст. Дагэтуль у ім былі вайскоўцы, музыка-бубнач, мэнэджар культуры, галоўны лекар санаторыю і нават ксёндз.

20 год калёніі, пажыцьцёвае і сьмяротнае пакараньне

Артыкул 356 «Здрада дзяржаве» у абноўлены Крымінальны кодэкс (КК) перайшоў у спадчыну яшчэ з савецкіх часоў. У СССР «здрадай радзіме» лічылася «наўмыснае дзеяньне, накіраванае на страту дзяржаўнай незалежнасьці, вайсковай магутнасьці; пераход на бок ворага; шпіянаж; выдача дзяржаўнай або вайсковай таямніцы; уцёкі за мяжу або невяртаньне; аказаньне замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзеньні варожай дзейнасьці», а таксама «змова з мэтай захопу ўлады».

Пасьля атрыманьня незалежнасьці — з 1990-х па 2020 год — у Беларусі паводле гэтага артыкулу судзілі толькі за шпіянаж у вайсковай сфэры і выдачу дзяржаўнай таямніцы. Суды ў справах «здраднікаў дзяржавы» былі закрытыя, інфармацыі пра іх мала.

У абноўленым у 2023 годзе артыкуле 356 Крымінальнага кодэксу здрада дзяржаве апісваецца так:

1. Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай ці замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама зьвестак, якія зьяўляюцца дзяржаўнымі сакрэтамі іншых дзяржаваў, ці шпіянаж, ці пераход на бок ворага падчас вайны або збройнага канфлікту, ці іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай ці замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна ўчыненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), — караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з штрафам або бяз штрафу.

2. Здрада дзяржаве, учыненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў, або пажыцьццёвым зьняволеньнем, або сьмяротным пакараньнем.

Зьвесткі, разьмешчаныя ў адкрытых крыніцах

8 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе за «здраду дзяржаве» вынесьлі прысуд сацыёлягу, кіраўніку маркетынгавай кампаніі Satio Яўгену Красьнянскаму — 7,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму і і штраф 500 базавых велічыняў (21 тысяча беларускіх рублёў).

Раней Сьледчы камітэт (СК) паведамляў, што Красьнянскі падрыхтаваў для адной з замежных арганізацыяў дасьледаваньне, якое зьмяшчае «заведама ілжывыя зьвесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы захадаў у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй».

СІЗА КДБ у Менску, ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым Красьнянскі карыстаўся «зьвесткамі, разьмешчанымі ў адкрытых крыніцах», і падрыхтаваў, паводле СК, «ангажаваныя і адпаведныя запытам „замоўцы“ вынікі, для наступнага іх выкарыстаньня на шкоду нацыянальнай бясьпецы і інтарэсам дзяржавы».

За «здраду дзяржаве» асуджаныя і дзьве супрацоўніцы Satio, якія «за ўзнагароджаньне праводзілі сацыялягічнае дасьледаваньне, вынікамі якога карысталіся недружалюбныя краіны для прычыненьня шкоды Рэспубліцы Беларусь».

«Здраднікі»-журналісты

У ліпені 2025 Берасьцейскі абласны суд у закрытым рэжыме вынес прысуд 53-гадоваму журналісту-фрылансэру Данілу Палянскаму, які супрацоўнічаў у якасьці відэаапэратара зь дзяржаўнымі і камэрцыйнымі каналамі, а таксама з рэгіянальнымі сайтамі. Апошнімі гадамі быў вядомы ў Берасьці як валянтэр пошукава-выратавальнага атраду «Анёл».

Зьмест абвінавачаньня невядомы, вядомы толькі артыкул — 356 КК («здрада дзяржаве») і прысуд — 10 гадоў зьняволеньня і штраф 500 базавых велічыняў (21 тысяча рублёў).

Першай журналісткай, асуджанай за «здраду дзяржаве», стала Кацярына Бахвалава (Андрэева), якую затрымалі 15 лістапада 2020 году за стрым з «плошчы Перамен», дзе сілавікі забілі Рамана Бандарэнку. Кацярыну з калегай Дар’яй Чульцовай асудзілі паводле «народнага» 342 артыкулу на 2 гады за «ўдзел у масавых беспарадках». Калі журналістка адбывала пакараньне ў гомельскай калёніі № 4, ёй выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве». Суд быў закрыты. Дагэтуль невядома, што канкрэтна ў дзейнасьці Кацярыны палічылі «здрадаю дзяржаве». Прысуд — 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі.

Кацярына Бахвалава, архіўнае фота

Карэспандэнта «Новага часу» Дзяніса Івашына супрацоўнікі КДБ затрымалі ў сакавіку 2021 году «за ўмяшаньне ў дзейнасьць міліцыі». Увосень 2021-га на журналіста завялі справу аб «здрадзе дзяржаве», а ў сакавіку 2022 году абвінавацілі ў супрацы з украінскай выведкай. Івашыну прысудзілі 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Журналіста і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і прадпрымальніцу Ірыну Злобіну, фігурантаў справы інфармацыйнага генцтва БелаПАН, затрымалі ў студзені 2021 году, спачатку выставіўшы абвінавачаньне «ў фінансаваньні пратэставай дзейнасьці», у тым ліку праз аплату штрафаў і пакрыцьцё сродкаў на ўтрыманьне ў ЦІП і ІЧУ». Пазьней Аляксандрава і Злобіну абвінавацілі яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве». У 2022 годзе на закрытым працэсе Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў, Ірыне Злобінай — 9 гадоў зьняволеньня.

11 гадоў турмы за «шпіянаж на карысьць Ватыкану»

Сьвятар з Валожына Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, у яго выдалены страўнік у сувязі з анкалягічным захворваньнем, ён мае патрэбу ў мэдычным назіраньні і пастаянным прыёме лекаў.

Зьмест абвінавачаньняў Акалатовічу невядомы. Як паведамляў рэсурс katolik.life, сьвятара вінавацяць у тым, што ён быццам бы перадаў камусьці нейкую сакрэтную інфармацыю. Паводле зьвестак ад вернікаў, шкоду, нібыта нанесеную дзяржаве дзеяньнямі сьвятара, ацэньваюць у буйную суму — каля 1 мільёна эўра ў эквіваленце (больш за 3 млн рублёў).

Генрых Акалатовіч, архіўнае фота

Суд доўжыўся больш за месяц, прысуд абвесьцілі 30 сьнежня 2024 году — 11 гадоў зьняволеньня за «здраду дзяржаве». Генрых Акалатовіч не прызнаў сябе вінаватым.

У пачатку красавіка 2025 году ксёндз перадаў вернікам паведамленьне, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысьць Польшчы і Ватыкану», што ёсьць «грубай правакацыяй». Сьвятар сьцьвярджае, што ніколі ня быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі». Паводле сьвятара, у ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачаньне будуецца на хлусьні, пагрозах і шантажы».

Ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сведак, сярод якіх былі чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго выкрывальных паказаньняў. У яго паведамленьні гаворыцца аб недакладным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы — імаверна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца экспэрты зь Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што сьвятару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх зьвестак вайсковай тэматыкі.

18 гадоў за інфармацыю, якая становіць «вялікі грамадзкі інтарэс»

Пагаварылі зь юрыстамі — чаму вельмі рэдкі да 2020 году артыкул 356 Крымінальнага кодэксу «здрада дзяржаве» стаў надзвычай папулярным.

Першым у 2021 годзе за «здраду дзяржаве» быў асуджаны капітан Генэральнага штабу Дзяніс Урад, які расказаў аб плянах прыцягнуць войска для здушэньня пратэстаў на Дзень Волі. Ён нібыта сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных справаў міністру абароны і «даслаў польскаму тэлеграм-каналу». Справу разглядаў Вярхоўны суд у закрытым рэжыме, вырак вынес судзьдзя Аляксандар Лупіновіч — 18 гадоў турмы.

Гэта той рэдкі выпадак, калі пры ўсёй закрытасьці працэсу сталі вядомыя канкрэтныя абвінавачаньні і можна зрабіць выснову, што артыкул «здрада дзяржаве» выкарыстоўваецца для перасьледу з палітычных матываў, разважае адвакат, праваабаронца Павал Сапелка.

«Першая знакавая справа — працэс над вайскоўцам Дзянісам Ўрадам, якога асудзілі не за перадачу зьвестак у інтарэсах замежных дзяржаваў, а за зьвесткі, якія ён перадаў у мэдыя. Мы тады атрымалі канкрэтную інфармацыю, што ён хацеў перадаць зьвесткі, якія становяць сабой вялікі грамадзкі інтарэс і маюць высокую грамадзкую значнасьць.

Ёсьць міжнародныя стандарты, якія забараняюць выкарыстоўваць такога кшталту артыкулы, як здрада дзяржаве, і перасьледаваць паводле іх людзей, што шукаюць і распаўсюджваюць інфармацыю, якая становіць абгрунтаваны грамадзкі інтарэс. Дзяніс Урад распаўсюдзіў інфармацыю пра незаконнае прыцягненьне войска да здушэньня народных пратэстаў — а гэта выклікае вялікі інтарэс і занепакоенасьць грамадзтва», — тлумачыць юрыст Павал Сапелка.

Павал Сапелка, архіўнае фота

У канцы лютага 2024 году старшыня КДБ Іван Тэртэль казаў, што паводле 356-га артыкулу асудзілі 45 чалавек. А праз паўтара году, на канец жніўня 2025 году, «за здраду дзяржаве» асуджаныя, паводле праваабаронцаў «Вясны», прынамсі 109 чалавек.

Чаму такі істотны рост? На думку спадара Сапелкі, гэтаму паспрыяла і вайна, разьвязаная Расеяй ва Ўкраіне.

«Пасьля таго як Беларусь фактычна заняла бок агрэсара ў 2022 годзе, зьявілася шмат выпадкаў, калі за „здраду дзяржаве“ асуджаюць людзей, якія так ці інакш процідзейнічаюць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне», — мяркуе Павал Сапелка.

Фантазія сьледчага

Юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill, якая доўгі час працавала адвакаткай у Беларусі (імя не раскрываецца з прычын бясьпекі. — РС), закрытасьць працэсаў паводле 356-га артыкулу тлумачыць тым, што ўсе справы аб «здрадзе дзяржаве» заўсёды былі засакрэчаныя і праходзілі ў закрытым судовым паседжаньні. Для звычайнай сытуацыі ў кожнай дэмакратычнай дзяржаве гэта нармальная практыка, лічыць юрыстка.

«Але, як вядома нам зараз, многія палітычныя справы ў Беларусі разглядаюцца ў закрытым рэжыме спэцыяльна, каб людзі ня ведалі, за што чалавека прыцягваюць да адказнасьці. І пры наяўнасьці акога абвінавачаньня, як „здрада дзяржаве“, камусьці можа закрасьціся сумненьне ў невінаватасьці абвінавачанага.

З улікам росту колькасьці падобных справаў, а таксама справаў паводле „экстрэмісцкіх“ і „тэрарыстычных“ артыкулаў у мяне ўзьнікае сумнеў у абгрунтаванасьці падобных абвінавачаньняў. Чамусьці менавіта пасьля 2020 году ў Беларусі рэзка вырасла колькасьць „здраднікаў дзяржаве“. На маю думку, гэта проста людзі, якія крытычна выказваюццца пра ўладу, і за гэта іх і перасьледуюць.

Чаму так выбарачна прыцягваюць журналістаў, праграмістаў, сьвятара, сацыёляга — тут, на жаль для прыцягнутых паводле артыкулу 356 КК і на шчасьце для непрыцягнутых, усё залежыць ад фантазіі апэратыўнага работніка, сьледчага, ад іх жаданьня выслужыцца перад начальствам», — мяркуе юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.