На партале Pravo.by апублікавалі пастанову ўраду Беларусі «Аб распараджэньні акцыямі і фінансаваньні». Частка гэтай пастановы засакрэчаная.
У адкрытай частцы гаворыцца, што дзяржава прымае «бязвыплатна да 31 сьнежня 2025 году» тры пакеты акцыяў вядомых беларускіх прадпрыемстваў:
«З уласнасьці адкрытага акцыянэрнага таварыства „Белаграпрамбанк“ ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь пераходзяць 458 500 простых (звычайных) акцыяў адкрытага акцыянэрнага таварыства „Гамма вкуса“ намінальным коштам 5,5 рубля на агульную суму 2 521 750 рублёў; 227 979 простых (звычайных) акцыяў адкрытага акцыянэрнага таварыства „Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднаньне „Палесьсе“ намінальным коштам 25 рублёў на агульную суму 5 699 475 рублёў; 793 639 230 простых (звычайных) акцыяў адкрытага акцыянэрнага таварыства „Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат“ намінальным коштам 0,01 рубля на агульную суму 7 936 392,3 рубля“».
Фактычна дзяржава дапамагла тром прадпрыемствам-банкрутам, перавесіўшы іх даўгі на «Белаграпрамбанк».
Некалькі гадоў таму ўсе тры прадпрыемствы ўзялі крэдыты ў «Белаграпрамбанку» і ня справіліся зь іх абслугоўваньнем. Замест таго каб пачаць санацыю ці банкруцтва гэтых прадпрыемстваў, каб вярнуць свае грошы, банк стаў уласьнікам іхных акцыяў. Пра гэта вядома з ранейшых пастановаў ураду.
У 2021 годзе сваёй пастановай урад рэструктурызаваў запазычанасць «Палесься» і Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату, дазволіўшы ім павялічыць статутны фонд, дадаткова выпусьціць акцыі на суму запазычанасьці банку і разьлічыцца гэтымі акцыямі з банкам за працэнты на крэдытах. Так ува ўласнасьці банку замест грошай апынуліся неліквідныя акцыі, якія не прыносілі прыбытку.
«Запазычанасьць ААТ „Палесьсе“ перад „Белаграпрамбанкам“ у працэнтах і пені ў памеры 5,7 млн рублёў будзе рэструктурызаваная ў выніку павышэньня статутнага фонду пінскага прадпрыемства на названую суму. 228 тысяч акцыяў дадатковага выпуску намінальным коштам 25 рублёў кожная будуць перададзеныя ўва ўласнасьць банку», — паведамляла чатыры гады таму афіцыйная газэта «Беларусь сегодня».
Таксама і ААТ «Сьветлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» меў пратэрмінаваныя працэнты на агульную суму 7 936 476,51 рубля. У гэтай сытуацыі «Белаграпрамбанк» атрымаў тады 793647651 акцыяў дадатковага выпуску акцый коштам 0,01 рубля кожная.
Раней «Белаграпрамбанк» хацеў прадаць пакет акцыяў «Палесься» ў той жа колькасьці не ніжэй за 25 рублёў, але гэта яму, відавочна, не ўдалося.
Мінулы год «Палесьсе» скончыла з стратамі.
Кампанія «Гамма вкуса», вытворца сокаў і пюрэ з Клецку, пайшла гэтай сьцежкай яшчэ раней, у 2019 годзе.
«ААТ „Белаграпрамбанк“ будуць перададзеныч 459,902 тыс. акцыяў ААТ „Гамма вкуса“ на агульную суму больш за 2,529 млн беларускіх рублёў у лік пагашэньня асноўнага доўгу па крэдытах, выдадзеных банкам гэтаму прадпрыемству ў 2016 годзе, і пратэрмінаваных працэнтаў па гэтых крэдытах. Гэтае рашэньне замацавана пастановай ураду Беларусі № 907 ад 24 сьнежня 2019 году», — паведамляў пра гэтую кампанію Primepress.
Такім чынам, з балянсу банку урад фактычна сьпісаў акцыі, якія каштавалі банку 16 мільёнаў беларускіх рублёў ці каля 8 млн. даляраў паводле курсу пяцігадовай даўніны.
Ці кампэнсуюцца банку гэтыя страты, невядома. Магчыма, пра гэта ідзе мова ў пункце 2 урадавай пастановы, закрытым грыфам «для службовага карыстаньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі зноў павялічыў долю дзяржавы ў шэрагу цэмэнтавых і дрэваапрацоўчых заводаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін прастойвае, іншы ў эміграцыі. Як некалі інавацыйныя заводы сталі праблемай для беларускіх уладаў і інвэстараў