Выйшла расьсьледаваньне, як кампанія «Дана Холдынгс» пазьбегла санкцый Эўразьвязу

Адкрыцьцё Dana Mall Trade Center у Менску ў 2017 годзе

Зарэгістраваная ў Беларусі і на Кіпры будаўнічая кампанія «Дана Холдынгс» сэрбскіх прадпрымальнікаў Карычаў змагла пазьбегчы санкцый Эўразьвязу, вынікае з матэрыялу Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ).

Адзначаецца, што замест «структуры, якая валодала будаўнічай бізнэс-імпэрыяй сям’і Карычаў, вядомых маштабнымі будоўлямі ў Менску і сувязямі зь сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі», пад абмежаваньні ЭЗ трапіла «фірма-клён з рэгістрацыяй у Менску».

«Вялікая Брытанія таксама ўнесла ў свой санкцыйны сьпіс ня кіпрскую Dana Holdings, а яе беларускага клёна», — гаворыцца ў расьсьледаваньні, якое цытуе агенцтва «Позірк».

«Кіпрскі суўладальнік падсанкцыйных беларускіх кампаній сям’і Карычаў працягваў атрымліваць дывідэнды і пасьля ўвядзеньня санкцый. Згодна зь фінансавай справаздачай, якую падала ў кіпрскі рэестар кампанія Russeville Limited, у 2021 годзе яна атрымала 1,2 млн эўра дывідэндаў», — паведамляе БРЦ.

«Напярэдадні санкцый супраць Dana Holdings (якія ў выніку ўвялі супраць беларускага клёну), яе ўладальнікі, мабыць, перастрахаваліся і вывелі свае беларускія актывы з гэтай кампаніі. У пачатку сьнежня 2020 году, за два тыдні да ўвядзеньня абмежаваньняў ЭЗ, Dana Holdings прадала ўсе пяць сваіх кіпрскіх фірмаў-пракладак, якія валодаюць будаўнічымі праектамі ў Беларусі (Russeville Limited, Triworst Limited, Rodrick Limited, Elaiva Trading Limited і Ozalco Holding Limited). Купіла іх кампанія Enterprise Developments Holding, зарэгістраваная ў ААЭ. Гэтая фірма можа быць падстаўной», — адзначаюць аўтары расьсьледаваньня.

У той жа час, «нягледзячы на ўдалую маніпуляцыю з санкцыйным сьпісам ЭЗ, перасьцярога з вывадам актываў з Dana Holdings выявілася ня лішняй». «У жніўні 2021 году гэтая кіпрская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША», — удакладняецца ў расьсьледаваньні.

«Некалькі дзён таму — 21 жніўня 2025-га — ЗША зьнялі эканамічныя абмежаваньні з Dana Holdings. За два месяцы да гэтага, 20 чэрвеня, кампанію зьліквідавалі. Гэта магло стаць прычынай для выключэньня яе з санкцыйнага сьпісу», — прыводзіць БРЦ камэнтар брытанскага адваката, кіраўніка праекта State Capture Accountability Project Алекса Прэзанці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З санкцыйнага сьпісу ЗША выключылі кампаніі Dana Holdings, зьвязаныя зь Беларусьсю

«Дана Холдынгс» была зарэгістраваная Менгарвыканкамам 23 кастрычніка 2007 году, на Кіпры кампанію зарэгістравалі 20 лютага 2013 году.

Санкцыі супраць «Дана Холдынгс» ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна 9 жніўня 2021 году, у першую гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, афіцыйныя вынікі якіх (80% на карысьць Аляксандра Лукашэнкі) сталі прычынай масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі і гвалту з боку сілавых структур, кінутых на абарону рэжыму.

У абгрунтаваньні санкцый супраць «Дана Холдынгс», апублікаваным пад загалоўкам «Будаўнічы гаманец Лукашэнкі: будаўнічая імпэрыя Карычаў» гаварылася, што ў Беларусі яна атрымала «шматлікія надзвычайныя прывілеі, у тым ліку перадачу ўчасткаў дзяржаўнай зямлі ў Менску ў дар прэзыдэнцкімі ўказамі, падпісанымі Лукашэнкам», «шчодрыя падатковыя льготы або поўная адмена падаткаў, выкарыстаньне дзяржаўных рэсурсаў для інфраструктурных работ».

Адзначалася, што сям’я Карычаў блізкая да Лукашэнкі і стала вядомай дзякуючы фінансаваньню рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Сэрбіі ў 1990 гадах. У абгрунтаваньні санкцый выказвалася таксама здагадка, што кампанія прапанавала супрацоўнікам выходны за ўдзел у пралукашэнкаўскім мітынгу пасьля 9 жніўня 2020 году, а сам Лукашэнка публічна хваліў праекты кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Dana Holdings Limited, зь якой ЗША зьнялі санкцыі, перастала існаваць у чэрвені 2025 году

Зарэгістраваная ў Менску будаўнічая кампанія Dana Holdins («Дана Холдынгс/Дана Астра») кантралюецца братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі, сэрбскімі прадпрымальнікамі. Багалюб Карыч у 2022 годзе трапіў у санкцыйны сьпіс ЭЗ.

Восеньню 2020 году выданьне EU Observer апублікавала расьсьледаваньне аб маёмасных сувязях Dana Holdnigs з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнкай праз кіпрскія афшорныя кампаніі.

17 сьнежня 2020 году Рада Эўропы ўнесла кампанію ў санкцыйны сьпіс. Пазьней яна трапіла пад санкцыі Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Альбаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштайну, Нарвэгіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, якія далучыліся да новых пакетаў санкцый. У сакавіку 2023 году Dana Holdings / Dana Astra трапіла ў санкцыйны сьпіс Японіі.

Летась 28 чэрвеня Эўрапейскі суд у Люксэмбургу адмовіўся здымаць санкцыі з Dana Astra. Згодна з рашэньнем, кампанія застанецца ў санкцыйным сьпісе як тая, што падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае ад таго выгады. 6 лістапада 2024 году суд агульнай юрысдыкцыі ЭЗ (Эўрапейскі суд) адхіліў скаргу Багалюба Карыча на ўведзеныя супраць яго Эўразьвязам санкцыі.

У лютым 2025 году Высокі суд Ангельшчыны і Валіі, а ў сакавіку — Эўрапейскі суд адмовіліся здымаць санкцыі з «Дана Астра».

«Дана Холдынгс / Дана Астра» — адзін з асноўных дэвелапэраў і забудоўнікаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя ўчасткі для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнэс-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць шчыльныя зносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, ягоная нявестка, займае ў кампаніі высокую пасаду. Такім чынам, Dana Holdings/Dana Astra здабывае выгаду з рэжыму [Лукашэнкі] і падтрымлівае яго», — гаварылася ў заключэньні суду.

16 лістапада 2024 году паведамлялася аб затрыманьні дырэктара кампаніі «Дана Астра» Сьвятланы Шчоткі і яе намесьніка Паўла Аўчарова. Затрымлівалі таксама іншых мэнэджараў кампаніі — Мілана Ракачавіча, Нэнада Сіманавіча, Вібара Муліча. Пазьней Ракачавіча і Муліча вызвалілі. Затрыманьні маглі быць зьвязаныя з вынікамі праверкі, праведзенай у кампаніі Камітэтам дзяржкантролю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія бізнэсоўцы, зьвязаныя з Лукашэнкам, зарабляюць на нерухомасьці ў Дубаі, — расьсьледнікі