Беларускія біятляністы ня змогуць выступіць на Алімпіядзе-2026, нават у нэўтральным статусе

Ілюстрацыйнае фота

Менш чым за шэсьць месяцаў да пачатку алімпійскіх спаборніцтваў у біятлёне ў Міляне-Карціна д’Ампэца ўзімку 2026 году 186 з 210 месцаў па алімпійскіх квотах ужо разьмеркаваныя паміж Нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі (НАК).

Міжнародны зьвяз біятляністаў апублікаваў поўны сьпіс НАК, якія прайшлі кваліфікацыю, і колькасьць месцаў, якія атрымалі алімпійскія квоты.

93 мужчынскія і 93 жаночыя квоты былі разьмеркаваныя паміж камандамі, якія занялі месцы з 1 па 20-е ў фінальных заліках Кубку нацый сярод мужчын і жанчын сэзону 2024/2025.

Краіны, якія занялі месцы з 1-га па 3-е, забясьпечылі сабе шэсьць квотаў, а краіны, якія занялі месцы з 4-га па 10-е, — пяць месцаў па квотах для сваіх НАК. Тыя, хто заняў месцы з 11-га па 20-е, атрымалі па чатыры квоты.

Астатнія 24 месцы — 12 мужчын і 12 жанчын — будуць разьмяркоўвацца індывідуальна на аснове кваліфікацыйнага сьпісу IBU па стане на 18 студзеня 2026 году пасьля этапу Кубку сьвету ў нямецкім Рупольдынгу.

Кваліфікавацца змогуць толькі спартоўцы, якія маюць права ўдзелу ў спаборніцтвах IBU і якія прадстаўляюць НАК, што яшчэ не забясьпечылі сабе квоты праз залік Кубку нацый Кубку сьвету.

Нацыянальныя алімпійскія камітэты могуць атрымаць максымум два месцы па квотах для кожнага полу праз кваліфікацыйны сьпіс IBU.

Правілы мерапрыемстваў і спаборніцтваў IBU не прадугледжваюць правіла для ўдзелу нэўтральных спартоўцаў. Менавіта як нэўтральных спартоўцаў МАК пускае на Алімпійскія гульні прадстаўнікоў Беларусі і Расеі. Забарона IBU азначае тое, што біятляністы гэтых дзьвюх краінаў ня змогуць браць удзелу ні ў Кубку сьвету, ні ў Алімпійскіх гульнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі спорт у 2024-м: працяг ізаляцыі, посьпех Сабаленкі, паралімпійскі рэкорд Бокага

28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе, калі яны не зьвязаныя з арміяй або сілавымі структурамі і адкрыта не выступалі ў падтрымку вайны супраць Украіны. Дазвол на ўдзел павінны даваць спартовыя фэдэрацыі.

На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія спартоўцы прапануюць арганізатарам зімовай Алімпіяды адхіліць беларусаў і расейцаў ад спаборніцтваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт упершыню ачоліла жанчына