Вугоршчына забараніла ўезд у краіну і ЭЗ украінскаму камандзіру

Робэрт Броўдзі

Урад Вугоршчыны забараніў уезд у краіну і на тэрыторыю Эўразьвязу камандзіру ўкраінскага падразьдзяленьня, адказнаму за ўдар па расейскім нафтаправодзе «Дружба». Пра гэта заявіў кіраўнік вугорскага МЗС Петэр Сіярта.

Сіярта назваў атаку на расейскі нафтаправод «нападам на сувэрэнітэт Вугоршчыны. «Украіна выдатна разумее, што трубаправод „Дружба“ жыцьцёва важны для энэргазабесьпячэньня Вугоршчыны і Славакіі, і што падобныя ўдары наносяць значна большую шкоду нам, чым Расеі», — напісаў ён у сетцы Х.

Міністар не сказаў пра якога камандзіра ідзе гаворка. Палітычны дырэктар вугорскага прэм’ер-міністра Балаж Орбан паведаміў парталу 444, што гаворка ідзе аб камандзіра Сіламі бесьпілётных сыстэм Украіны Робэрта Броўдзі, вядомаму па пазыўным Мадзьяр.

Уначы 21 жніўня ён паведаміў аб удары па «Дружбе» у сваім тэлеграм-канале, суправадзіўшы гэта тэкстам на вугорскай мове «Ruszkik haza!» (расейцы — дадому!). «Украінская праўда» зазначае, што Броўдзі — этнічны вугорац, а фраза, якую ён выкарыстоўваў, зьяўляецца лёзунгам вугорскага супраціву 1956 года.

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга паабяцаў прыняць люстраныя меры ў адказ на рашэньне Будапэшта. «Вугоршчына знаходзіцца на няправільным баку гісторыі», — заявіў ён у сетцы Х.

У чацьвер прадстаўніца Эўракамісіі Эва Хрцынава заявіла журналістам, што Эўразьвяз падтрымлівае кантакты з Кіевам па пытаньні нафтаправода «Дружба», назваўшы яго важным для энэргабясьпекі ЭЗ. «Эўракамісія заклікае ўсе бакі гарантаваць бясьпеку абʼектаў крытычнай інфраструктуры», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна трэці раз пацэліла ў помпавую станцыю ва Ўнечы, Будапэшт заявіў аб спыненьні паставак нафты з Расеі