Як паведамілі Свабодзе арганізатары вэрнісажу, праект прадставіць унікальную калекцыю твораў беларускіх мастакоў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну ў выніку палітычных рэпрэсіяў 2020 году. «Яны працягваюць даўнюю традыцыю мастакоў у выгнаньні — іхная творчасьць захоўвае культурную ідэнтычнасьць, памяць і свабоду мастацкага выяўленьня», — паведаміла прадстаўніца беларускай грамады ў Празе, сябра Каардынацыйнай Рады Рыта Гаціх.
Выстава праходзіць пад патранажам Брыжыт Макрон, першай дамы Францыі, каралевы Нідэрляндаў, каралевы Бэльгіі, кардынала Р. М. Вёлькі (Нямеччына), кардынала Х. Кобо Кана (Гішпанія), кардынала В. Нікалса, (Вялікабрытанія), кардынала Д. Батальля (Італія), архібіскупа Яна Граубнэра (Чэская Рэспубліка).
Паводле арганізатараў, «кожная карціна распавядае гісторыю пачуцьцяў, досьведу і надзеяў творцаў у выгнаньні, калекцыя пастаянна пашыраецца, прыцягвае новых талентаў і становіцца істотнай часткай эўрапейскай гісторыі мастацтва».
У вэрнісажы міжнароднага гуманітарнага праекту «Беларускія мастакі ў выгнаньні. Карціны ў эміграцыі» прадстаўленыя творы беларускіх мастакоў і мастачак — Вольгі Якубоўскай, Ланы Грыбанскай, Тацяны Савіч, Ірыны Хвайніцкай, Натальлі Борд, Яраслава Кірвеля, Людмілы Таляно, Уладзіслава Зяленскага, Марыі Санько, Сьвятланы Ільяшэнкі, Яўгеніі Палуян і Кацярыны Еўдакімавай, Івана Жукава.
Сродкі на правядзеньне выставы сабралі праз фонд салідарнасьці BySoL.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Доўга не магла намаляваць Мікалая Статкевіча». У Варшаве адкрылася выстава Вольгі Якубоўскай