«Дастаткова саступак». Старшыня Эўракамісіі наведала мяжу зь Беларусьсю

Дональд Туск і Урзуля фон дэр Ляен

У нядзелю, 31 жніўня, старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Крынках на польска-беларускай мяжы. Пасьля сустрэчы яны апублікавалі заяву для СМІ.

«Мы знаходзімся тут, каля барʼера, які абараняе Польшчу і Эўропу ад гібрыднай вайны, абвешчанай Беларусьсю і Расеяй, ад нелегальнай міграцыі. Гэта не міграцыя; гэта групы людзей, арганізаваныя Лукашэнкам і Пуціным і іх службамі, задача якіх — фізычна атакаваць польскія і эўрапейскія межы», — гаворыцца ў заяве.

Дональд Туск заявіў, што тэмай перамоваў быў «Усходні шчыт», які прызначаны для абароны Эўропы ад магчымай расейскай агрэсіі.

«Дастаткова саступак, мы павінны быць жорсткімі і добра падрыхтаванымі да гэтага», — падкрэсьліў ён.

Урзуля фон дэр Ляен запэўніла, што дзяржавы ЭЗ, якія маюць непасрэдную мяжу з Расеяй і Беларусьсю, атрымаюць дадатковае фінансаваньне. Яна дадала, што таксама прапануецца павялічыць фінансаваньне ваеннай мабільнасьці ў дзесяць разоў і больш чым у пяць разоў інвэстыцыі ў абарону.

Урзуля фон дэр Ляен з пятніцы наведвае краіны на ўсходнім флянгу ЭЗ і NATO. Яна ўжо наведала Латвію, Эстонію і Фінляндыю. Пасьля завяршэньня візыту ў Польшчу старшыня Эўрапейскай камісіі наведае Балгарыю, Літву і Румынію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герасімаў: вайна будзе працягнутая, расейскія войскі наступаюць