Фон дэр Ляен заявіла, што Эўропа «рухаецца наперад» у плянах стварэньня міратворчых сілаў ва Ўкраіне пры падтрымцы ЗША

Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск 31 жніўня наведаюць мяжу Польшчы зь Беларусьсю.

Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што эўрапейскія саюзьнікі Ўкраіны працуюць над «даволі дакладнымі плянамі» і «выразнай дарожнай мапай» для разгортваньня войскаў ва Ўкраіне ў выпадку мірнага пагадненьня паміж Кіевам і Масквой.

Пра апошнія заявы старшыні Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен у камэнтарах, апублікаваных у The Financial Times 31 жніўня, сказала, што ўсякае такое дзеяньне будзе цалкам падтрымана Злучанымі Штатамі, якія апошнім годам вагаліся наконт свайго патэнцыйнага ўдзелу ў такіх ініцыятывах.

«Гарантыі бясьпекі маюць першараднае значэньне і абсалютна неабходныя. Мы маем ясную дарожная мапу, мы мелі пагадненьне ў Белым доме... і гэтая праца рухаецца вельмі добра», — сказала фон дэр Ляен для FT.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі настойвае на моцных гарантыях бясьпекі ад заходніх саюзьнікаў, асабліва Злучаных Штатаў, у рамках якога-хаця пагадненьня аб спыненьні агню з расейцамі, якія пакуль не выявілі ніякіх прыкметаў пошуку мірнага пагадненьня.

Фон дэр Ляен цягам выходных наведвала дзяржавы ЭЗ, што мяжуюць зь Беларусьсю і Расеяй, засяродзіўшы ўвагу на намаганьнях нарошчваць нацыянальныя выдаткі на абарону і вайсковую гатоўнасьць. Яна сказала, што эўрапейскія лідэры працуюць над структурай для «разгортваньня шматнацыянальных войскаў і падтрымкі амэрыканцаў».

«Вядома, гэта заўсёды патрабуе палітычнага рашэньня адпаведнай краіны, бо разгортваньне войскаў — адно з найважнейшых сувэрэнных рашэньняў дзяржавы (...) [Але] адчуваньне пільнай патрэбы вельмі моцнае... справа рухаецца наперад. Яна набывае рэальную форму».

«Прэзыдэнт [Дональд] Трамп запэўніў нас, што амэрыканская прысутнасьць тут будзе часткаю падтрымкі. Гэта было вельмі ясна і ня раз пацьверджана», — дадала яна.

Эўрапейскія лідэры гаварылі пра магчымае накіраваньне дзясяткаў тысяч вайскоўцаў у выпадку мірнага пагадненьня. Паведамляюць, што амэрыканскія ўзброеныя сілы забясьпечвалі б камандаваньне і кіраваньне, выведку і сродкі назіраньня, але не прысутнасьць наземных войскаў.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон запрасіў эўрапейскіх лідэраў у Парыж 4 верасьня для перамоваў на высокім узроўні, паведамляе FT з спасылкай на тры дыпляматычныя крыніцы. Сярод чаканых удзельнікаў называюць канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца, прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Кіра Стармэра, генэральнага сакратара NATO Марк Рутэ і Урзулю фон дэр Ляен, гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен наведае мяжу ЭЗ зь Беларусьсю

У інтэрвію нямецкай тэлекампаніі ZDF Мэрц папярэдзіў, што вайна можа працягвацца яшчэ доўгі час, але яе хуткае спыненьне за кошт Украіны ня можа быць варыянтам.

«Мы спрабуем спыніць яе як мага хутчэй. Але, безумоўна, не цаной капітуляцыі Ўкраіны. Вайна можа скончыцца заўтра, калі Украіна здасца і страціць сваю незалежнасьць», — сказаў Мэрц.

Трамп зрабіў спыненьне вайны ва Украіне, якая пачалася з поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году, галоўным прыярытэтам сваёй адміністрацыі. Ён усё больш расчароўваецца адмовай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна сустрэцца зь Зяленскім і працяглай кампаніяй масаваных авіяўдараў Расеі па ўкраінскіх цывільных абʼектах.

«Пуцін не зьмяніўся. Ён драпежнік», — сказала фон дэр Ляен. «[Трамп] хоча міру, а Пуцін не сядае за стол перамоваў... Ён мае нэгатыўны досьвед з Пуціным, і ўсё часьцей Пуцін ня робіць таго, што кажа».

Пакуль палітыкі размаўлялі, ваенны гвалт працягваўся: 31 жніўня Расея надалей чыніла няспынныя паветраныя напады на Ўкраіну, атакаваўшы энэргетычныя абʼекты як мінімум у двух рэгіёнах і нанёсшы ўдары ў іншых месцах па ўсёй краіне.

У адказ Зяленскі заявіў, што Ўкраіна будзе працягваць абараняцца на сваёй тэрыторыі і наносіць дальнабойныя ўдары па цэлях у Расеі.

«Мы будзем працягваць нашы актыўныя апэрацыі менавіта так, як гэта неабходна для абароны Ўкраіны. Сілы і рэсурсы падрыхтаваныя. Таксама заплянаваныя новыя глыбокія ўдары», — напісаў Зяленскі ў сетцы X 31 жніўня пасьля атрыманьня справаздачы аб сытуацыі ад галоўнана вайскавода Ўкраіны генэрала Аляксандра Сырскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўхвалілі продаж Украіне 3350 авіяцыйных ракет ERAM