Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

17:34 30.4.2020

Вярхоўны суд Расеі рэкамэндаваў не адпраўляць абвінавачаных у СІЗА ў часе пандэміі

Вярхоўны суд Расеі рэкамэндаваў судзьдзям з прычыны эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі заключаць пад варту падазраваных ці абвінавачаных у няцяжкіх злачынствах толькі ў выключных выпадках. Пра гэта гаворыцца ў адпаведным дакумэнце.

Паводле дадзеных на канец красавіка, дыягназ «каранавірусная інфэкцыя» быў пацьверджаны ў 271 супрацоўніка Фэдэральны службы выкананьня пакараньняў, а таксама ў 40 абвінавачаных і асуджаных. Дырэктар службы ў сярэдзіне красавіка накіраваў ліст кіраўніку Вярхоўнага суду Расеі з заклікам не арыштоўваць абвінавачаных у злачынствах сярэдняй і невялікі цяжкасьці ва ўмовах распаўсюджваньня каранавірусу.

За некалькі дзён у сакавіку пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў на разгляд справаў у судах у Маскве была арыштаваная рэкордная колькасьць абвінавачаных.

17:21 30.4.2020

«А 8-й раніцы мы размаўлялі, а ў 12 яго ўжо ўвялі ў кому» — што вядома пра сьмерць любанскага лекара з COVID-19

Шпіталізавалі і жонку памерлага лекара Леаніда Савіча. Яна працуе мэдсястрой у любанскай бальніцы. Паводле пастара любанскай рэлігійнай грамады «Царква хрысьціян веры эвангельскай» Паўла Палазьніка, жонка Савіча цяпер у рэанімацыі. Было падазрэньне на каранавірус і ў малодшага сына лекара, аднак, па словах Паўла, яно не пацьвердзілася.

Павел кажа, што зь Леанідам Савічам размаўляў апошні раз 19 красавіка. Лекар быў бадзёры і нават праглядаў здымкі ўласных лёгкіх. «Леанід ужо быў у інфэкцыйным аддзяленьні, было падазрэньне на інфэкцыйную пнэўманію. Сказаў мне, што бачыў свой здымак. Што там нічога страшнага няма, невялікая пляма. А 8-й раніцы я зь ім гаварыў. А ў 12 гадзін дня ён ужо быў у рэанімацыі, яго ўвялі ў кому. Вось і ўсё». Падрабязьней тут.

17:19 30.4.2020

«Дзеяньні ўладаў слушныя і ў Кіеве, і ў Менску», — экспэрт параўнаў барацьбу з каранавірусам у Беларусі і Ўкраіне

Дынаміку пашырэньня каранавірусу і эфэктыўнасьць дзеяньняў уладаў у дзьвюх краінах у інтэрвію параўноўвае аналітык Ігар Тышкевіч — ён мае беларускае паходжаньне і працуе ў Кіеве экспэртам праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» ва Ўкраінскім інстытуце будучыні.

Высновы сьцісла:

  • У Беларусі больш інфікаваных, чым ва Ўкраіне, бо праведзена больш тэстаў
  • Карантын ва Ўкраіне і адсутнасьць абмежаваньняў у Беларусі — аднолькава слушныя рашэньні
  • Украіне быў патрэбны час, каб стварыць рэсурс у сыстэме аховы здароўя. У Беларусі сыстэма здароўя больш падрыхтаваная
  • Беларусь кропкава ўводзіла больш жорсткія захады абмежаваньня, чым Украіна
  • Пытаньне супрацьдзеяньня эпідэміі — палітызаванае і ў Беларусі, і ва Ўкраіне
  • Камунікацыйная стратэгія Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны зьменшыла колькасьць нязручных пытаньняў, у адрозьненьне ад стратэгіі, прынятай Мінздароўя Беларусі
  • Недавер да беларускай і ўкраінскай афіцыйнай статысткі па каранавірусе ёсьць, але яна блізкая да рэальнасьці

Цалкам чытайце па спасылцы.

17:17 30.4.2020

Чым у Беларусі спрабуюць лекаваць COVID-19. Дакумэнт Мінздароўя

Даказана эфэктыўных лекаў ад хваробы COVID-19, як і вакцынаў ад вірусу SARS-CoV-2, пакуль няма нідзе ў сьвеце. Але ёсьць лекі, якія могуць зьмякчыць сымптомы, і экспэрымэнтальныя сродкі, якія тэарэтычна могуць дапамагчы супраць вірусу. Некаторыя выкарыстоўваюцца і ў Беларусі.

Сярод прэпаратаў, якія прызначаюцца пры сярэдняй і цяжкай формах хваробы, у розных умовах называюць гідроксіхлярын, азытраміцын, тацылізумаб, антыбактэрыяльныя лекі (калі немагчыма выключыць небальнічную вірусна-бактэрыяльную або другасную бактэрыяльную пнэўманію), нізкамалекулярныя гепарыны (з агаворкай пра ацэнку карысьці і рызыкаў), папінавір/рытанавір.

Усе гэтыя лекі ня варта спрабаваць ужываць самастойна — іх мае выпісаць лекар або кансыліюм лекараў. Дасьледаваньняў, якія прызнавалі б нейкі спосаб лячэньня COVID-19 адназначна эфэктыўным, пакуль нідзе ў сьвеце не публікавалася, пошук лекаў і вакцыны працягваецца. Іншыя падрабязнасьці з дакумэнту Мінздароўя тут.

17:00 30.4.2020

Брусэль: Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамэндацыі САЗ

Пра гэта сказаў Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Рыкарду Юзьвяку:

«Мы прыносім і прапануем дапамогу. Але зь іншага боку, мы просім прытрымлівацца рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя адносна пандэміі. Немагчыма, каб з аднаго боку прапанавалі дапамогу, [а з другога] не выконвалі рэкамэндацый, якія мы рэалізуем у нашых краінах і просім усіх выконваць».

Чытаць цалкам.

15:25 30.4.2020

Каля 140 млн жыхароў Індыі страцілі працу з прычыны пандэміі


Каля 140 мільёнаў жыхароў Індыі страцілі працу з прычыны ўведзеных урадам абмежаваньняў для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта піша газэта The Financial Times са спасылкай на ацэнку няўрадавага Цэнтру маніторынгу індыйскай эканомікі.

14:49 30.4.2020

+37% за тыдзень. Беларусь абагнала ўсіх суседзяў па тэмпах распаўсюду каранавірусу. ІНФАГРАФІКА

Пры гэтым, паводле афіцыйнай статыстыкі, сьмяротнасьць ад COVID-19 у Беларусі застаецца адной з самых нізкіх.

14:47 30.4.2020

Алег Бембель на карантыне ў Жыровіцкім манастыры, а ягоная дачка лечыцца ад каранавірусу

«Цяпер лепш разумееш старцаў, якія жылі ў багаборныя часы», — сказаў Свабодзе найстарэйшы манах Беларусі Іаан (Алег Бембель, ён жа паэт Зьніч) і падзяліўся, як перажывае карантын і расстаньне з дачкой.

Сьвята-Ўсьпенскі манастыр у Жыровічах цяпер закрыты для наведнікаў. Іаан разам зь іншымі манахамі знаходзіцца ў карантыне ў сувязі з выбухам каранавірусу ў Жыровіцкім манастыры. Хворым ён сябе не адчувае, сымптомаў някіх ня мае.

Што расказаў манах пра карантын і вірус >>

14:45 30.4.2020

У Беларусі пачалі судзіць па відэасувязі. Двух жыхароў Рэчыцы ўжо так арыштавалі

Першыя дыстанцыйныя выракі атрымалі два жыхары Рэчыцы: адзін — арышт на 1 суткі за «дробны крадзеж», другі — арышт на 2 сутак за «дробнае хуліганства». Падчас разгляду затрыманыя былі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Рэчыцкага РАУС.

Сувязь была празь неназваную праграму «з закрытым кодам».

Дыстанцыйныя суды, піша УУС, скароцяць выдаткі на дастаўку затрыманых у суды і назад, а таксама мінімізуюць рызыкі распаўсюду хваробы COVID-19. Практыку зьбіраюцца ўкараніць і ў іншых раёнах вобласьці.

14:44 30.4.2020

Швэдзкі шлях барацьбы з COVID-19: ці апраўдвае сябе стратэгія даверу да насельніцтва

Нягледзячы на тое, што большая частка сьвету тыднямі жыве са строгімі абмежаваньнямі, Швэцыя змагаецца з пандэміяй каранавірусу, ня ўводзячы локдаўну і не закрываючы прадпрыемстваў.​

Тым ня менш, міністарка аховы здароўя Швэцыі Лена Галенгрэн настойвае, што жыцьцё ў Швэцыі «гэта ўсё, што заўгодна, але не „як звычайна“». У той жа час Галенгрэн прызнае, што яе краіна, верагодна, яшчэ не прайшла піку захворваньня.

Хаця падыход ураду дагэтуль быў папулярным у большасьці швэдаў, ня ўсе згодныя з тым, што ён адпавядае ўзроўню рызыкі.

Што адбываецца ў Швэцыі >>

14:37 30.4.2020

У Гішпаніі пайшла на спад колькасьць сьмерцяў ад COVID-19 — і эканоміка

Гішпанія 30 красавіка зафіксавала самую нізкую сутачную сьмяротнасьць ад каранавірусу за апошнія шэсьць тыдняў.

Колькасьць выпадкаў сьмерці, зьвязаных з каранавірусам, за апошнія суткі склала 268 — гэта самая нізкая лічба з 20 сакавіка, паводле паведамленьня міністэрства аховы здароўя краіны.

Паводле папярэдніх зьвестак, эканоміка Гішпаніі скарацілася на 5,2% у першым квартале гэтага году ў параўнаньні з папярэднім пэрыядам.

14:09 30.4.2020

Ці антытрамбозная тэрапія дапамагае хворым на COVID-19? Спыталі ў лекараў з розных краін


У красавіку пачалі зьяўляцца публікацыі аб тым, што каранавірус новага тыпу ўплывае на здольнасьць крыві пераносіць кісларод і спрыяе множнаму ўтварэньню тромбаў. З адной з такіх публікацый у ЗША чытачы Свабоды ўжо знаёмыя.

Падобныя паведамленьні зьяўляюцца і ў сацыяльных сетках, дзе паміж сабой кантактуюць лекары з краін былога СССР. Нядаўна лекар 1-й гарадзкой лякарні імя Пірагова ў Маскве Васіль Купрэйчык, які займаецца лячэньнем пацыентаў з COVID-19, апублікаваў свае назіраньні за ходам іх хваробы і выздараўленьня.

Ён піша, што некаторыя пацыенты атрымліваюць антытрамбозны прэпарат (антыкаагулянт) Фраксыпарын (Fraxiparine). І вось калі да яго дадаецца другі лек такой жа антытрамбознай спэцыфікі, Клэксан (Clexane, міжнародная назва Enoxaparin), пачынаецца станоўчая дынаміка, людзі выходзяць зь цяжкіх сытуацый і вяртаюцца з рэанімацыі ў нармальныя аддзяленьні далечвацца.

Пракамэнтаваць гэтыя паведамленьні мы папрасілі двух беларускіх дактароў, якія жывуць за мяжой — у Нямеччыне і Швэцыі.

13:32 30.4.2020

Як хаваюць ахвяраў COVID-19 у розных краінах

Ва ўсім сьвеце колькасьць тых, якія захварэлі на COVID-19, перавышае 3 мільёны чалавек.

Практычна кожны трэці выпадак прыпадае на ЗША — там захварэлі больш за мільён чалавек, а памерлі амаль 60 тысяч. Гэта больш, чым за час вайны ў Віетнаме.

У некаторых краінах сьвету ахвяраў пандэміі даводзіцца хаваць кругласутачна.

Матэрыял Вольгі Жарнасек з тэлеканалу «Настоящее время».

13:28 30.4.2020

Яшчэ 846 інфікаваных і 5 прызнаных сьмерцяў. У Беларусі выявілі 14 027 выпадкаў COVID-19

Паводле Міністэрства здароўя, на раніцу 30 красавіка ў Беларусі зафіксавалі:

  • агулам 14 027 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 89 памерлі, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, што гэта ня так);
  • 2386 «паправіліся і выпісаныя»;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 846 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 359 пацыентаў;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 176 625 тэстаў, плюс 7639 за дзень;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
13:12 30.4.2020

Памёр рэнтгеноляг любанскай лякарні з пацьверджаным COVID-19

Леанід Савіч
Леанід Савіч

Інфармацыю пра гэта пацьвердзіла галоўная доктарка Любанскай ЦРБ Антаніна Голуб.

«Ён ляжаў у рэанімацыі. На жаль, Леанід Анатолевіч пайшоў з жыцьця, — сказала ў размове са Свабодай галоўная доктарка любаньскай лякарні Антаніна Голуб. — Цяпер цела накіравалі на ўскрыцьцё, будзе відаць. Так, у яго быў пацьверджаны (COVID-19. — РС)».

Міністэрства аховы здароўя Беларусі не паведамляе дакладнай статыстыкі выпадкаў захворваньня мэдыкаў на COVID-19, а таксама не дае лічбы сьмерцяў мэдыкаў, у якіх быў выяўлены каранавірус.

12:52 30.4.2020

Правілы рэгістрацыі на ЦТ крыху зьменяць праз каранавірус

Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставаньне пачнецца 2 траўня і працягнецца да 18.00 1 ліпеня. Перад рэгістрацыяй трэба будзе запоўніць заяву і адправіць яе на электронную пошту пункту рэгістрацыі, пасьля аплаціць удзел у тэставаньні праз АРІП.

«У мэтах недапушчэньня масавага збору людзей пункты рэгістрацыі арганізуюць папярэдні запіс (фармуюць электронную чаргу), што дасьць магчымасьць вызначыць дату і час наведваньня абітурыентамі пунктаў рэгістрацыі, — паведамляе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. — У сувязі з гэтым перад наведваньнем пункту рэгістрацыі неабходна азнаёміцца з інфармацыяй па гэтым пытаньні на сайце пункту рэгістрацыі, куды абітурыент выслаў заяву для ўдзелу ў ЦТ».

Пры тым асабістая прысутнасьць абітурыентаў і на рэгістрацыі, і на ўласна ЦТ не адмяняецца.

12:29 30.4.2020

Першы выпадак каранавірусу ў Быхаве

У Быхаве (райцэнтар у Магілёўскай вобласьці) выявілі хворага на каранавірус. Як паведамілі Свабодзе крыніцы з мэдычнага асяродзьдзя, пацыента, які паступіў у раённую бальніцу зь іншай хваробай, вырашылі ўзяць тэст на COVID-19 і ён аказаўся станоўчым.

У лякарні факт пацьвердзілі, але адмовіліся гаварыць пра лёс пацыента, спаслаўшыся, што не ўпаўнаважаныя гаварыць на гэтую тэму.

На Магілёўшчыне пацьверджаныя выпадкі заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй у Бабруйску, Кіраўску, Крычаве, Магілёве, Асіповічах, Шклове, Глуску, а таксама ў Глускім раёне ў пацыентаў і пэрсаналу Вясноўскага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

11:47 30.4.2020

У Расеі выявілі больш за 7000 носьбітаў каранавірусу за суткі

Колькасьць выяўленых носьбітаў каранавірусауў Расеі за суткі перавысіла 7 тысяч чалавек, паведамляе апэратыўны штаб па барацьбе з распаўсюдам захворваньня.

Агульная колькасьць інфікаваных з пачатку эпідэміі дасягнула 106 498 чалавек.

Колькасьць сьмерцаў ад канаранавіруснай інфэкцыі — 1073 (101 за апошнія суткі).

08:51 30.4.2020

Польшча падоўжыла забарону на ўезд іншаземцаў яшчэ на дзесяць дзён — да 13 траўня

Уяжджаць могуць муж і жонка і дзеці грамадзян Польшчы, уладальнікі «карты паляка», асобы, якія маюць дыпляматычны статус, іншаземцы зь відам на жыхарства альбо дазволам на працу і некаторыя іншыя катэгорыі.

Паводле зьвестак польскага Міністэрства аховы здароўя на вечар 29 красавіка, у краіне выяўлена 12 640 інфікаваных COVID-19 (225 за апошнія суткі), памерлі 624 чалавекі (+18). Паправіліся 3 025 чалавек. Пратэставаныя 281,7 тысячы чалавек. Для параўнаньня, у Беларусі гэтыя паказчыкі на раніцу серады складалі 13 181, 84, 2 072 і 168 986 адпаведна.

Польшча закрыла мяжу 15 сакавіка — спачатку да 24 сакавіка, пасьля да 13 красавіка і да 3 мая.

08:43 30.4.2020

Рэпэтыцыі параду ў Менску не адбылося

На 29 красавіка ў Менску была заплянаваная рэпэтыцыя параду да 9 траўня з перакрыцьцём руху па вуліцы Машэрава. Удзельнікаў трэніроўкі пачалі падвозіць на вайсковых аўтобусах на паркоўку каля парку Перамогі у 21.00. Пасьля кароткага абмеркаваньня там жа некалькімі дзясяткамі чалавек, рэпэтыцыі не адбылося. У 22.15 аўтобусы з вайскоўцамі па адным, з інтэрвалам у хвіліну, сталі зьяжджаць.​

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG