Прэс-сакратар Лукашэнкі расказала, ці здаваў ён тэст на каранавірус і як прымае рашэньні
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка дагэтуль не здаваў тэст на каранавірус. Пра гэта падчас ток-шоў на тэлеканале «Беларусь 1» паведаміла ягоны прэс-сакратар Натальля Эйсмант, паведамляе БелТА.
«Я ўжо недзе гэта камэнтавала. У гэтым няма ніякай неабходнасьці», — заявіла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.
Яна адзначыла, што «ўсе ведаюць пра тое, што Лукашэнка жыве за горадам, за многія гады не мяняў сваіх звычак, вядзе здаровы лад жыцьця, у яго моцны імунітэт, і кіраўнік дзяржавы добра сябе адчувае».
Камэнтуючы мэханізм прыняцьця рашэньняў па рэагаваньні на разьвіцьцё сытуацыі з каранавірусам у краіне, Эйсмант зьвярнула ўвагу, што ў кожнай вобласьці арганізаваныя штабы. У іх прымаюць удзел прадстаўнікі сыстэмы аховы здароўя і ўлады — ад старшыняў райвыканкамаў да вышэйшых службовых асоб.
«Яны ўсё па ланцугу абменьваюцца інфармацыяй. Гэтая інфармацыя акумулюецца і з розных крыніц паступае прэзыдэнту. Тут ніхто нікога не падмяняе. Проста для таго, каб інфармацыя была поўнай і ўсёабдымнай, яна павінна ісьці з розных крыніц, — сказала яна. — Прэзыдэнт праводзіць шматгадзінныя тэлефонныя размовы кожны дзень, без выхадных, раніцай і ўвечары. Інфармацыя ідзе проста патокам. Толькі пасьля збору ўсёй інфармацыі прымаюцца рашэньні».
Качанава: Рашэньне ня ўводзіць карантын было «абсалютна правільным»
Захады, якія робяцца ў Беларусі ў сувязі з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі, адэкватныя сытуацыі. Пра гэта заявіла сьпікер Савета Рэспублікі, былая кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава 2 траўня ў эфіры перадачы «Ток-шоу АТН» на тэлеканале «Беларусь 1».
Паводле яе слоў, «абсалютна ўсе рашэньні, якія цяпер прымаюцца ў краіне, будуць працаваць на пэрспэктыву».
«Рашэньне пра тое, што Беларусь ня будзе закрываць межы, як іншыя краіны, не было простым, і яно ніяк не прымалася спантанна, — сказала Качанава. — Калі камусьці здаецца, што мы вырашылі пайсьці супраць усіх, то гэта абсалютна няправільна. Рашэньні дакладна вывераныя, і калі прэзыдэнту на стол паклалі даклад пра сытуацыю, якая складваецца і пра тое, як яна можа разьвівацца (гэта ж ўсё пралічваецца: у нас ёсьць адмыслоўцы, навукоўцы, лекары-інфэкцыяністы, ёсьць распрацаваны плян дзеяньняў), прэзыдэнт убачыў, што ўсе абсалютна правільна, жыцьцё не павінна спыняцца. А што пасьля пандэміі, што пасьля эпідэміі? Як будуць працаваць галіны, на што будуць жыць людзі? Гэта рашэньне, хоць і вельмі няпростае, але жыцьцё паказала, што выверанае, пралічанае, тое, якое сёньня дае вынік».
Як лічыць Качанава, у Беларусі ёсьць усё, каб супрацьстаяць каранавірусу.
«Я лічу, што захады, якія прымаюцца сёньня ў нашай краіне, адэкватныя сытуацыі. Тут галоўнае — наяўнасьць мэдыцынскага абсталяваньня, лекавых прэпаратаў, лекараў, якія павінны лячыць, і месцаў ў бальніцах. Гэта ўсё ў нас ёсьць і знаходзіцца на вельмі жорсткім кантролі ў Міністэрстве аховы здароўя», — падкрэсьліла Качанава.
Над Вашынгтонам прайшоў авіяпарад у гонар тых, хто змагаецца з каранавірусам
Пілятажныя групы ваенна-паветраных сіл ЗША «Буравесьнікі» і ваенна-марскіх сіл ЗША «Блакітныя анёлы» правялі ў суботу паветраны парад над Вашынгтонам у гонар людзей, якія знаходзяцца на перадавой барацьбы з пандэміяй каранавірусу, паведамляе «Голос Америки».
Самалёты ВПС і ВМС таксама праляцелі над Балтыморам — найбуйнейшым горадам штата Мэрылэнд і над штатам Вірджынія, а затым над Атлянтай — сталіцай штата Джорджыя.
На раніцу 3 траўня ў ЗША зафіксавалі 1,16 млн выпадкаў COVID-19. Звыш 67 тысяч чалавек памерлі, сярод іх прынамсі 27 мэдыкаў.
Сытуацыя ў сьвеце на раніцу 3 траўня
- На раніцу 3 траўня ў сьвеце зафіксавалі 3,48 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 1,16 млн у ЗША, 245 тысяч у Гішпаніі, звыш 209 тысяч у Італіі, 182 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 168 тысяч ў Францыі, 164 тысячы ў Нямеччыне, 124 тысячы ў Турэччыне, 124 тысячы ў Расеі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 244,791 чалавек. Зь іх 67 448 у ЗША, 28 710 у Італіі, 28,131 у Вялікай Брытаніі, 25,100 у Гішпаніі, 24,760 у Францыі... 4633 у Кітаі.
- Выпісалі звыш 1,12 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 2,1 млн, зь іх каля 51 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 2 траўня, пацьверджаныя 15 828 выпадкаў COVID-19 (плюс 911 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 97 чалавек (плюс 4 за дзень), выпісалі здаровымі 3117 пацыентаў.
Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 2 траўня
- «Белавія» з 2 траўня аднавіла палёты ў Мілян, загрузка рэйсу склала 60%.
- У шпіталях Беларусі занятыя амаль дзьве траціны месцаў, прызначаных для хворых з COVID-19 і пнэўманіямі.
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла дадзеныя распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паводле стану на 2 траўня. Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 15 828 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 911 выпадкаў. Колькасьць сьмерцяў — 97.
- Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан даў сыну, народжанаму 29 красавіка 2020 году, імёны Ўілфрэд Лоўры Нікалас. Імя Нікалас сын атрымаў у гонар двух лекараў, Ніка Прайса і Ніка Гарта, якія выратавалі Джонсану жыцьцё, калі ён звхварэў на COVID-19.
- Галоўная лекарка Стаўпецкай раённай лякарні Сьвятлана Глебка паведаміла журналістам, што за ўвесь час пандэміі COVID-19 праз раённую лякарню прайшлі 260–270 пацыентаў, хворых на пнэўманію. Але непасрэдна ад каранавірусу, нібыта, памерлі сем пацыентаў. Тым часам 27 красавіка галоўная рэдактарка мясцовай газеты пісала, што ў раёне ніхто ад пнэўманіі не памёр.
- У Гішпаніі колькасьць памерлых ад COVID-19 перавысіла 25 тысяч. Новых выпадкаў за суткі — больш за 2500.
- З 11 траўня 2020 візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Берасьці і Горадні часткова ўзнаўляюць прыём дакумэнтаў на выдачу віз у Польшчу, які быў прыпынены 17 сакавіка ў сувязі з захадамі супраць распаўсюду інфэкцыі COVID-19.
- Міністар будаўніцтва Расеі і яго намесьнік заразіліся каранавірусам.
- У Расеі падчас пандэміі два лекары «выпалі з акна».
- Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Эрна Сульбэрг падтрымалі заклік Эўракамісіі сабраць 7,5 мільярда эўра на распрацоўку агульнадаступнай вакцыны ад каранавіруса SARS-CoV-2.
- 9623 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам выявілі за суткі ў Расеі, што стала новым сутачным рэкордам. Агульная колькасьць тых, хто заразіўся — 124 000. Усяго памерлі 1222 чалавекі.
- Мэр Масквы: Рэальна на COVID-19 хворыя 2% масквічоў.
- Каля тысячы індыйскіх студэнтаў, напужаных адсутнасьцю карантыну ў Беларусі, просяць вывезьці іх зь Беларусі на радзіму.
- Дзяржаўныя сродкі інфармацыі Паўночнай Карэі паведамілі пра першае зьяўленьне лідэра краіны Кім Чэн Ына за апошнія 20 дзён. 28 красавіка міністар па справах аб’яднаньня Кім Ён Чхоль патлумачыў, што Кім Чэн Ын не зьяўляецца на публіцы праз строгія меры, прынятыя для таго, каб не дапусьціць успышкі каранавірусу.
У Расеі падчас пандэміі два лекары «выпалі з акна»
Лекар хуткай дапамогі ў Варонежскай вобласьці Аляксандр Шулепаў выпаў з акна шпіталя, дзе ён лячыўся ад каранавірусной інфэкцыі, паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службы абласнога дэпартамэнту аховы здароўя. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелы знаходзіцца ў рэанімацыі з пераломам асновы чэрапа.
У канцы красавіка Аляксандр Шулепаў запісаў са сваім калегам відэа, у якім паведаміў, што, нягледзячы на дыягназ «каранавірус», яго не зьнялі са зьмены і прымусілі працягваць працаваць.
Раней расейскія мэдыі паведамілі пра падобны інцыдэнт у Краснаярску. Галоўная лекарка Краснаярскага шпіталя для вэтэранаў войны Алена Няпомняшчых выпала з акна падчас сэлектарнай нарады з кіраўніком рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя. Тады абмяркоўваўся пачатак прыёму хворых на каранавірусную інфэкцыю ў адным з карпусоў. Лекарка была супраць з прычыны вострага недахопу сродкаў аховы і агульнай непадрыхтаванасьці пэрсаналу. 2 траўня стала вядома, што Алена Няпомняшчых памерла.
Галоўная лекарка Стаўпецкай лякарні настойвае, што ў раёне ад каранавірусу памерлі сем чалавек
Яна расказала, што ў лякарні на COVID-19 хварэлі чацьвёра лекараў, у тым ліку яна сама. Паводле галоўнай лекаркі, яна ізалявалася ў сваім працоўным кабінэце, лячылася і кіравала ўстановай адтуль.
Паводле доктаркі Глебкі, у красавіку быў трохтыднёвы цяжкі пэрыяд, але цяпер назіраецца спад эпідэміі ў Стаўпецкім раёне.
«На працягу гэтага тыдня ў нас стабілізавалася абстаноўка. Пнэўманіяў шмат, усяго 150 выпадкаў. Але вы разумееце, яны доўга лечацца. У папярэдні пэрыяд да нас паступалі па 30 чалавек з пнэўманіяй у суткі. Зараз у сярэднім 8».
Лекарка паведаміла журналістам, што за ўвесь час пандэміі COVID-19 праз раённую лякарню прайшлі 260-270 пацыентаў, хворых на пнэўманію. Але непасрэдна ад каранавірусу, нібыта, памерлі сем пацыентаў.
Тым часам 27 красавіка галоўная рэдактарка мясцовай газеты пісала, што ў раёне ніхто ад пнеўманіі не памёр.
У шпіталях Беларусі занятыя амаль дзьве траціны месцаў, прызначаных для хворых з COVID-19 і пнэўманіямі
Гэта вынікае зь перадачы на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1». Агулам было сказана, што пад хворых з COVID-19 і пнэўманіямі ў краіне выдзелена 18,6 тысяч ложкаў. Цяпер, паводле дадзеных «Беларусь 1» занятыя каля 12,5 тысяч ложкаў. Свабоднымі застаецца каля 6 тысяч месцаў. Усяго ж у шпіталях Беларусі каля 80 тысяч ложкаў.
Борыс Джонсан назваў сына ў гонар лекараў, якія выратавалі яму жыцьцё
Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Instagram нявеста прэм’ер-міністра Кэры Сымандс, якая нарадзіла дзіця. «Прадстаўляю вам Уілфрэда Лоўры Нікаласа Джонсана, народжанага 29 красавіка 2020 году а дзявятай гадзіне раніцы, — напісала Сымандс. — Імя Ўілфрэда — у гонар дзядулі Борыса, Лоўры — у гонар майго дзеда, а Нікалас — у гонар лекараў Ніка Прайса і Ніка Гарта, якія ў мінулым месяцы выратавалі Борысу жыцьцё».
Польшча зьнімае пэўныя абмежаваньні на выдачу ўязных віз беларусам
З 11 траўня 2020 візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Берасьці і Горадні часткова ўзнаўляюць прыём дакумэнтаў на выдачу віз у Польшчу.
Візы будуць выдавацца тром катэгорыям грамадзян:
- асобам, якія маюць дазвол на працу ў Польшчы;
- уладальнікам «карты паляка»;
- кіроўцам міжнародных перавозак.
Асобы, якія плянуюць уезд у Польшчу ў іншых мэтах, чым пазначаны вышэй, змогуць падаць дакумэнты пасьля аднаўленьня прыняцьця візавых заяў у наступных этапах.
У Гішпаніі колькасьць памерлых ад COVID-19 перавысіла 25 тысяч. Новых выпадкаў за суткі — больш за 2500
Паводле паведамленьня міністэрства аховы здароўя, за ноч памерлі яшчэ 276 хворых. У сусьветнай статыстыцы захворваньня краіна займае другое месца ў сьвеце — пасьля ЗША. Лік тых, хто заразіўся каранавірусам, складае ў Гішпаніі больш за 245 з паловай тысяч чалавек. Прырост за суткі — звыш двух з паловай тысяч.
Міністар будаўніцтва Расеі і яго намесьнік заразіліся каранавірусам
Кіраўнік Міністэрства будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Расеі Ўладзімір Якушаў заразіўся каранавірусам. У міністра і яго намесьніка Дзьмітрыя Волкава дыягназ «COVID-19» быў пацьверджаны паводле вынікаў кампутарнай тамаграфіі (КТ), паведамілі ў прэсавй службе ведамства.
Чатыры краіны падтрымалі заклік Эўракамісіі сабраць 7,5 мільярда эўраў на вакцыну ад каранавірусу
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Эрна Сульбэрг падтрымалі заклік Эўракамісіі сабраць 7,5 мільярда эўра на распрацоўку агульнадаступнай вакцыны ад каранавіруса SARS-CoV-2.
«Мы адкрыта заявім пра нашы абавязаньні і мы рады, што нас падтрымліваюць партнэры ва ўсім сьвеце», — напісалі чацьвёра палітычных кіраўнікоў у сумесным артыкуле для газэты Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Эўракамісія на 4 траўня заплянавала міжнародную донарскую канфэрэнцыю ў рэжыме онлайн, каб сабраць асноўную частку 7,5-мільярднай сумы, якая будзе накіраваная на дыягностыку, прадухіленьне і лячэньне атыповай пнэўманіі COVID-19, выкліканай каранавірусам SARS-CoV-2. Галоўная мэта ініцыятывы — распрацоўка агульнадаступнай вакцыны.
Яшчэ ў адным раёне выявілі каранавірус — Талачынскім
У Талачынскім паводле стану на 30 красавіка выявілі 5 выпадкаў каранавірусу і 15 кантактаў першай ступені. Пра гэта піша сайт раённай газэты «Наша Талачыншчына».
Талачынскі раён — суседні з Аршанскім, дзе першыя выпадкі каранавірусу выявілі напачатку красавіка. Паводле апошніх вядомых зьвестак, у Аршанскім раёне больш за 80 выпадкаў COVID-19.
911 новых выпадкаў за суткі, агулам 97 сьмерцяў — агучылі новыя лічбы эпідэміі ў Беларусі
Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 15 828 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 911 выпадкаў.
Колькасьць памерлых дасягнула 97 чалавек, напярэдадні гэтая лічба была 93.
Выпісаныя са шпіталёў, паводле Міністэрства аховы здароўя, 3117 пацыентаў з раней пацьверджаным дыягназам COVID-19.
Агулам праведзена 195 430 тэстаў.
У Літве на каранавірус за выходныя правераць 7000 ахвотных
Прайсьці тэст можа хто захоча, нават калі ў яго няма сымптомаў. Такое рашэньне прыняў Міністэрства здароўя Літвы, піша Delfi. Мэта — дасьледаваць выпадковых людзей і ацаніць ступень распаўсюджаньня вірусу ў краіне. Тэсты бяруць у гандлёвых цэнтрах.
Каля тысячы індыйскіх студэнтаў просяць вывезьці іх зь Беларусі на радзіму
Студэнты напужаныя адсутнасьцю карантыну ў Беларусі і просяць дапамогі, каб вярнуцца дадому, перадае індыйскае выданьне divyabhaskar.co.in.
Студэнткі запісалі відэазварот, у якім просяць арганізаваць авіярэйс і вывезьці іх зь Беларусі.
Пачалі прымаць заявы на цэнтральнае тэставаньне. Паводле графіку, але з папраўкай на пандэмію
З 2 траўня пачалі прымаць заявы на цэнтральнае тэставаньне абітурыентаў. Рэгістрацыю перанесьлі ў онлайн, але за пропускам і на здачу тэсту давядзецца прыйсьці самому.
Доктаркі, мэдсёстры і слабыя істоты. Блог Насты Захарэвіч
Пандэмія добра паказвае, што для грамадзтва важна, без чаго можна абысьціся, а што нам ня трэба ўвогуле. Рыторыка, у якой жанчыны – слабыя істоты, створаныя для ўпрыгожаньня сьвету, зьнікла ў Беларусі вельмі хутка, і гэта было лягічна.
Да сьвята 1 траўня Белстат апублікаваў статыстыку самых «жаночых» і самых «мужчынскіх» прафэсій у нашай краіне. Больш за ўсё жанчын, як аказалася, сярод тых, хто працуе ў ахове здароўя і сацыяльнай сфэры. І хоць жанчыны ў мэдыцыне цяжка працуюць заўжды, па-сапраўднаму заўважна шмат для каго гэта стала толькі падчас пандэміі.
У Віцебскай вобласьці памёр 57-гадовы рэжысэр народнага тэатру. У яго быў каранавірус
30 красавіка ў Лёзьне памёр краязнаўца і рэжысэр лёзьненскага народнага тэатру Генадзь Цыганкоў. Пра гэта Свабодзе паведаміў віцебскі рэжысэр Ігар Баярынцаў. Па ягоных словах, у 57-гадовага мастацкага кіраўніка лёзьненскага народнага тэатра быў выяўлены каранавірус.