ЗША аказалі краінам сьвету дапамогу на $775 млн для барацьбы з пандэміяй
З моманту пачатку сусьветнай пандэміі COVID-19, Злучаныя Штаты вылучылі звыш 775 мільёнаў даляраў на надзвычайную мэдыцынскую, гуманітарную, эканамічную дапамогу больш чым 120 дзяржавам, а таксама міжнародным і няўрадавым арганізацыям для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавірусу.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у пятніцу Дзярждэпартамэнтам.
ЗША застаюцца найбуйнейшым глябальным донарам, якія аказваюць дапамогу дзяржавам па ўсім сьвеце ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі, гаворыцца ў дакумэнце.
Акрамя таго, амэрыканскія прыватныя кампаніі, некамэрцыйныя і дабрачынныя арганізацыі сабралі амаль 6,5 мільярдаў даляраў у выглядзе ахвяраваньняў на барацьбу з пандэміяй COVID-19 па ўсім сьвеце.
Апазыцыйныя палітыкі заклікалі працягнуць «народны карантын»
Група апазыцыйных палітыкаў заклікала працягнуць «народны карантын» да канца траўня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
У звароце, які падпісалі Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч і кінарэжысэр Юры Хашчавацкі гаворыцца, што "«народны
карантын» павінен доўжыцца да таго часу, пакуль мы не адолеем успышку каранавірусу. Згодна з прагнозамі, частковае аслабленьне эпідэміі ў Беларусі магчымае ў чэрвені, калі мы працягнем прымаць адэкватныя меры".
«Калі ў краіне няма сумленных выбараў, вельмі лёгка забраць і права на жыцьцё, перш за ўсё ва ўразьлівых груп, якія давяраюць уладам», – заявіў БелаПАН Мікалай Статкевіч.
«Працяг народнага карантыну неабходны, бо нават паводле афіцыйных, моцна заніжаных, зьвестках мы на ўздыме пандэміі. Да гэтага прывяла палітыка Лукашэнкі. Пазыцыю САЗ мы таксама бачым: патрабаваньне адмены масавых мерапрыемстваў, дыстанцыйнае навучаньне, спыненьне неабавязковых вытворчасьцяў. Бацькі, якія не аддаюць дзяцей у школу, або мянчукі, якіх стала ў 2,5 разу менш у мэтро (скарачэньне пасажырапатоку з 1 млн да 400 тыс. у дзень), фактычна ратуюць мэдыкаў», – адзначыў Павел Севярынец.
Першапачаткова прадстаўнікі апазыцыі заклікалі грамадзян да «народнага карантыну» з 23 сакавіка па 5 красавіка, затым – да канца красавіка.
Падтрымка падчас эпідэміі заключаецца ў тым, што ўлады дазваляюць працаваць, — дэпутат парлямэнту
Асноўнай формай сацыяльнай падтрымкі ў Беларусі ва ўмовах эпідэміі каранавірусу зьяўляецца магчымасьць працягваць працаваць. Так лічыць член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч, перадае БелТА.
«Сёньня асноўная форма сацыяльнай падтрымкі — гэта магчымасьць працягваць працу, а таксама захаваньне працоўных калектываў на прадпрыемствах, — сказаў Сяргей Клішэвіч.
Ён прывёў у прыклад Эўразьвяз, дзе, па ягоных словах, у большасьці краінаў падчас карантыну не было ніякіх выплатаў фізычным асобам. Не было і адтэрміноўкі камунальных плацяжоў і арэнды.
«Беларусь як сацыяльна арыентаваная дзяржава не магла пайсьці па аналягічным шляху, аплачваючы карантын за кошт асабістых сродкаў сваіх грамадзян», — сказаў Клішэвіч.
Дэпутат лічыць, што ў Беларусі няма патрэбы ўводзіць карантын. Найперш, каб не прыпынілася вытворчасьць на прадпрыемствах рэальнага сэктару.
«Бог нас абараняе, але даў нам розум». Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў пра меры Касьцёлу падчас пандэміі
Сайт каталіцкага касьцёлу ў Беларусі catholic.by апублікаваў гутарку зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. У ёй герарх адказаў на крытыку Касьцёла адносна мер падчас пандэміі.
Старшыня Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распавёў, што адразу пасьля таго, як стала відавочна, што каранавірус распаўсюджваецца і ў Беларусі, Касьцёл прыняў адпаведныя меры і выдаў неабходныя рэкамэндацыі для сьвятароў і вернікаў.
«Былі адменены такія маштабныя мерапрыемствы, як велікапоснае чуваньне і малітоўная сустрэча моладзі, якія звычайна зьбіраюць вялікую колькасьць удзельнікаў. Перанесены на пазьнейшы час урачыстасьці канфірмацыі і Першай Камуніі ў парафіях. Адменены біскупскія візытацыі і наведваньні парафій. Не праводзіцца катэхізацыя дзяцей у нядзельных школках».
Паводле герарха, у касьцёлах рэгулярна праводзіцца дэзынфэкцыя. Вернікаў сьвятары заклікаюць захоўваць сацыяльную адлегласьць.
Краіны Эўразьвязу аслабляюць карантын, але да вяртаньня нармальнага жыцьця яшчэ далёка
Эўрапейскія краіны працягваюць паступова аслабляць карантынныя захады, уведзеныя ў сакавіку-красавіку ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі.
У Расеі выявілі амаль 8000 заражэньняў каранавірусам за суткі
7933 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам выявілі за апошнія суткі ў Расеі. Такія зьвесткі падае апэратыўны штаб па барацьбе з COVID-19. Гэта самы высокі сутачны паказьнік новавыяўленых носьбітаў каранавірусу SARS-CoV-2.
За апошнія суткі ў Расеі ад каранавіруснай інфэкцыі памерлі 96 чалавек. Агульная колькасьць інфікаваных дасягнула 114 тысяч, памерлых — 1169. Больш за 13 тысяч прызналі ачунялымі.
Каранавірус у Беларусі: агулам 93 сьмерці, 890 новых выпадкаў за суткі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла дадзеныя распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паводле стану на 1 траўня.
Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 14 917 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Гэта значыць, прырост за суткі склаў 890 выпадкаў.
Колькасьць памерлых дасягнула 93 чалавек, напярэдадні гэтая лічба была 89.
Выпісаныя са шпіталёў, паводле Міністэрства аховы здароўя, 2918 пацыенты з раней пацьверджаным дыягназам COVID-19.
Агулам праведзена 186 тысяч 262 тэсты.
Чарговая сьмерць мэдыка. Гэтым разам пахаваньне ў Фаніпалі
1 траўня ў Фаніпалі недалёка ад Менска пахаваюць 56-гадовага доктара ўльтрагукавой дыягностыкі Ільлю Лемязу. Сьмерць калегі Свабодзе пацьвердзілі ў прыватным сталічным мэдцэнтры, дзе ён да апошняга часу працаваў. Калегі кажуць, што ягоны сыход стаў для іх нечаканасьцю.
Пік эпідэміі будзе ў канцы траўня, — беларускі эпідэміёляг
Загадчык адзьдзяленьня Менскай абласной лякарні, эпідэміёляг Віктар Сушчэвіч распавёў, калі знойдуць вакцыну ад каранавірусу і калі чакаць піку эпідэміі. Яго цытуе тэлеканал «Беларусь-1».
Паводле эпідэміёляга Віктара Сушчэвіча пік эпідэміі прыпадзе на 20-ыя лічбы траўня і далей пойдзе на спад. А вось вакцына ад новага вірусу зьявіцца не раней за 2021 год, мяркуе доктар.
«Ахова здароўя не была гатовая да такога вялікага патоку пацыентаў і такой запатрабаванасьці дэзсродкаў, масак. Але сёньня рэсурсы ўключаныя, індывідуальныя прадпрымальнікі і розныя фабрыкі пераключыліся на вытворчасьць масак, касьцюмаў. Сёньня гэтае пытаньне, у прынцыпе, зьнятае», — гаворыць Віктар Сушчэвіч.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 30 красавіка, пацьверджаныя 14 027 выпадкі COVID-19 (плюс 846 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 89 чалавек (плюс 5 за дзень), выпісалі здаровымі 2386 пацыентаў.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў і «Бацькаўшчына» заклікалі адмяніць парад 9 траўня
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступілі з супольнай заявай адносна эпідэміялягічнай сытуацыі ў Беларусі.
«Выказваем сваю глыбокую занепакоенасьць працэсамі, што зараз адбываюцца ў краіне — высокай хуткасьцю распаўсюду вірусу COVID-19 і адсутнасьцю эфэктыўных захадаў дзеля супрацьстаяньня пандэміі з боку беларускіх уладаў», — гаворыцца ў звароце да кіраўніцтва Беларусі.
Імклівы распаўсюд небясьпечнага захворваньня ў краіне выявіў востры недахоп сродкаў і матэрыялаў, неабходных мэдыкам для якаснага і бясьпечнага выкананьня сваёй працы, адзначаюць падпісанты.
«Невыразная пазыцыя уладаў, якія дапускаюць сумяшчэньне супрацьэпідэмічных захадаў зь лёгкадумнай рыторыкай пра „поўны кантроль“, змусіла зьвярнуцца па дапамогу да сусьветнай беларускай грамады, якая адгукнулася, нягледзячы на тое, што таксама ў сваёй большасьці знаходзіцца ў складаных варунках».
Досьвед краінаў, у якіх атрымалася пераламаць дынаміку распаўсюду каранавірусу, дазваляюць меркаваць, што адным з галоўных чыньнікаў мусіць б быць адмена ўсіх масавых мерапрыемстваў, інфармаваньне грамадзкасьці аб небясьпецы, якую нясе COVID-19, а таксама выкананьне санітарных патрабаваньняў і сацыяльнага дыстанцыяваньня.
З гэтай прычыны чальцы «Бацькаўшчыны» і пісьменьніцкай арганізацыі звяртаюцца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем адмяніць вайсковы парад 9 траўня ў Менску. 75-годзьдзе Перамогі — важная падзея, але сьвяткаваньне не павінна прывесьці да новых ахвяраў у мірны час.
Паводле аўтараў звароту, грошы неабходна накіраваць на нарошчваньне рэсурсу мэдычных устаноў, набыцьцё сродкаў для барацьбы з пандэміяй і падтрымку уразьлівых групаў насельніцтва.
Мінус 2 трыльёны эўра і 12% ВУП. Якія страты ў ЭЗ ад каранавірусу
Толькі за тры месяцы 2020 году эканоміка ЭЗ скарацілася на 3,5%. Каля 2 трыльёнаў эўра давядзецца патраціць на пераадоленьне наступстваў пандэміі, паведамляе BBC.
Паводле эўрапейскага Цэнтрабанку ў краінах абарачэньня эўра ВУП можа ўпасьці на 12%. Краіны ЭЗ могуць не далічыцца 2 трыльёнаў эўра даходу, столькі ж давядзецца патраціць на пераадоленьне крызісу.
Паводле экспэртаў эканоміку Эўропы чакае самы складаны крызіс з часоў Другой усясьветнай вайны.
Гэта наступствы карантыну, які ўвялі эўрапейскія краіны. Людзі знаходзяцца дома, адпаведна яны менш зарабляюць і менш трацяць. Ужо цяпер ВУП Францыі ўпаў на 5,8%, Гішпаніі — на 5,2%, Італіі — на 4,7%.
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі пракамэнтаваў рост інфікаваных COVID-19
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у камэнтары для Tut.by адзначыў, што асноўнай прычынай хуткага разьвіцьця эпідэміі ў краіне застаецца адсутнасьць адэкватных захадаў фізычнага дыстанцыяваньня.
«Тэмпы прыросту новых выпадкаў у Беларусі зьяўляюцца аднымі з самых высокіх у эўрапейскім рэгіёне, — адзначыў адмыслоўца. — Эпідэмія ў Беларусі перайшла ў фазу мясцовай трансмісіі інфэкцыі сярод насельніцтва, што патрабуе неадкладных дзеяньняў на ўзмацненьне фізычнага дыстанцыяваньня. Намаганьняў аднаго сэктару аховы здароўя недастаткова для стрымліваньня тэмпаў распаўсюду хваробы. Таму няма падставаў бліжэйшым часам чакаць пералому ў гэтым працэсе».
У рэкамэндацыях Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя для Беларусі падкрэсьліваецца неабходнасьць агульнанацыянальных захадаў дзеля мінімізацыі колькасьці інфікаваных:
• недапушчальнасьць масавага збору людзей, уключна са спартыўнымі, культурнымі і рэлігійнымі імпрэзамі
• укараненьне фарматаў выдаленай працы і дыстанцыйнага навучаньня, прыпыненьне дзейнасьці другарадных арганізацый і прадпрыемстваў
• забесьпячэньне строгага выкананьня мераў прафіляктыкі і інфэкцыйнага кантролю на тых працоўных месцах, дзе немагчымая выдаленая праца
• абмежаваньне колькасьці нарадаў і сустрэчаў, забесьпячэньне належнай вэнтыляцыі, асабліва ў мэдычных установах
• мінімізацыя неабавязковых перасоўваньняў, асабліва для групаў высокай рызыкі і уразьлівых пацыентаў.
Пры захаваньні існуючай сытуацыі, хутчэй за ўсё, давядзецца канстатаваць далейшы рост новых выпадкаў. З аднаго боку, Беларусь павялічвае колькасьцць лябараторных тэставаньняў на COVID-19, што ўплывае на рост інфікаваных. Зь іншага боку, адсутнасьць адэкватных мераў на недапушчальнасьць фізычнага дыстанцыяваньня спрыяе далейшаму распаўсюду эпідэміі ў краіне.
Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 30 красавіка
- Паводле міністэрства аховы здароўя, на вечар 30 красавіка ў Беларусі зафіксавалі агулам 14 027 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя). 89 памерлі,
- зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, што гэта ня так). 2386 «паправіліся і выпісаныя». Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 846 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 359 пацыентаў
- Колькасьць выпадкаў COVID-19 на Берасьцейшчыне падвоілася за тыдзень. У Берасьцейскай вобласьці на 29 красавіка зафіксавалі 681 выпадак новага каранавірусу. Тыдзень таму было вядома пра 339 выпадкаў, гэта быў самы нізкі паказьнік па краіне.
- Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамэндацыі САЗ. Пра гэта сказаў Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Рыкарду Юзьвяку.
- Паводле дасьледаваньня, праведзенага міжнароднай групай навукоўцаў, 86% апытаных беларусаў лічаць, што ўлады робяць недастаткова ў барацьбе з пандэміяй, дзейнічаюць неэфэктыўна. Горшыя ацэнкі — толькі ў Турэччыне.
- Вайскоўцы Расеі і Кітаю адмовіліся ад удзелу ў парадзе ў Менску. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік.
- Прынамсі ў чатырох сэмінарыстаў Менскай вышэйшай духоўнай сэмінарыі, што ў Жыровічах каля Слоніма, пацьвердзілі каранавірус. Раней з пнэўманіяй шпіталізавалі архіяпіскапа Наваградзкага і Слонімскага Гурыя, чыя рэзыдэнцыя месьціцца ў Жыровічах.
- Клінічныя выпрабаваньні прэпарату рэмдэсівер пацьвярджаюць яго эфэктыўнасьць у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй Covid-19. Нягледзячы на тое, што пакуль можна казаць толькі пра папярэднія вынікі, Нацыянальны інстытут алергіі і інфэкцыйных захворваньняў палічыў іх даволі пераканаўчымі і заявіў пра эфэктыўнасьць прэпарату.
- Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін паведаміў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну аб тым, што захварэў на каранавірус і сыходзіць на самаізаляцыю.
- Калі большасьць краінаў падоўжаць нацыянальныя карантыны з-за каранавірусу, дык бяз сродкаў да існаваньня застануцца больш за паўтара мільярда чалавек — гэта палова ўсіх рабочых рук у сьвеце. Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльным дакладзе Міжнароднай арганізацыі працы.
Духоўнік менскага манастыра нагадаў, што трэба хадзіць у храм. А манастыр закрылі на два тыдні
30 красавіка на сайце Сьвята-Елісавецінскага манастыра зьявілася абвестка, што ў наступныя два тыдні богаслужэньні будуць праходзіць без прыхаджанаў. У гэты ж дзень на сайце апублікавалі тэкст духоўніка манастыра протаярэя Андрэя Лемяшонка, які нагадаў пра важнасьць наведваньня царквы, асабліва ў цяжкія часы.
24 красавіка стала вядома, што ў дзьвюх манахінь Сьвята-Елісавецінскага манастыра выявілі каранавірус. На той момант адну манахіню ўжо выпісалі са шпіталя. Аднак 2 манахіні чакалі вынікаў аналізаў, а 5 клірыкаў былі на бальнічным.
У Касьцюковіцкім раёне (Магілёўская вобласьць) выяўленая каранавірусная інфэкцыя
Гэта прызнаў галоўны лекар раённага шпіталю Аляксандар Лобаў. Мясцовай раёнцы «Голас Касьцюкоўшчыны» ён паведаміў, што ў ізалятары лякарні ляжаць пацыенты з COVID-19, які пераносяць хваробу «у лёгкай форме, альбо бессымптомна».
Колькасьць хворых мэдык не назваў, але адзначыў, што два з іх выздаравелі і зьнятыя з уліку. Паводле яго, сытуацыя з COVID-19 у раёне пад кантролем. Свабодзе засьпець Аляксандра Лобава на працоўным месцы, каб пагутарыць, не ўдалося.
22 красавіка ў інтэрвію «Голасу Касьцюкоўшчыны» Аляксандар Лобаў казаў, што ў раённай бальніцы было 4 пацыенты з дыягнаставанай пнэўманіяй. Іх ізалявалі згодна з рэкамэндацыямі рэспубліканскай рабочай групы спэцыялістаў, якія маніторылі гатоўнасьць раённых бальніц да працы ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Паводле гэтых рэкамендацыяў усе пнэўманіі павінны разглядацца, як «верагодныя COVID-19».
Прэм’ер Расеі заразіўся каранавірусам
Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін паведаміў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну аб тым, што захварэў на каранавірус і сыходзіць на самаізаляцыю, паведамляе расейскае агенцтва РИА-Новости.
«Паважаны Ўладзімір Уладзіміравіч, толькі што стала вядома, што тэсты, якія я здаў на каранавірус, далі станоўчы вынік. У сувязі з гэтым і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Расспажыўнагляду я адпаведна павінен выконваць самаізаляцыю, выконваць прадпісаньні лекараў. Гэта неабходна зрабіць, каб засьцерагчы маіх калегаў», — сказаў Мішусьцін Пуціну.
Сустрэча прайшла ў рэжыме відэаканфэрэнцыі.
У шпіталізаваных сэмінарыстаў з Жыровічаў пацьвердзілі каранавірус
Як стала вядома Свабодзе, прынамсі ў чатырох сэмінарыстаў Менскай вышэйшай духоўнай сэмінарыі, што ў Жыровічах каля Слоніма, пацьвердзілі каранавірус.
Агулам у Слонімскі цэнтральны раённы шпіталь на мінулым тыдні паклалі 41 чалавека з Жыровічаў. Сярод іх 23 сэмінарысты. Усе яны былі кантактамі першага ўзроўню.
Сёньня частку зь іх выпісалі. У тым ліку тых, у каго пацьверджаны тэст на каранавірус. У гэтых сэмінарыстаў хвароба працякае ў лёгкай форме, таму іх перавозяць у манастыр, дзе яны будуць у самаізаляцыі.
Раней з пнэўманіяй шпіталізавалі архіяпіскапа Наваградзкага і Слонімскага Гурыя, чыя рэзыдэнцыя месьціцца ў Жыровічах.
Першы лек ад COVID-19 пасьпяхова прайшоў выпрабаваньні
Клінічныя выпрабаваньні прэпарату рэмдэсівер пацьвярджаюць яго эфэктыўнасьць у барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй Covid-19. Нягледзячы на тое, што пакуль можна казаць толькі пра папярэднія вынікі, Нацыянальны інстытут алергіі і інфэкцыйных захворваньняў (ЗША) палічыў іх даволі пераканаўчымі і заявіў пра эфэктыўнасьць прэпарату. Падрабязнасьці тут.
«Людзі менш ходзяць у крамы». Уладальнікі гіпэрмаркетаў «Алмі» пераводзяць супрацоўнікаў на няпоўны працоўны час
Кіраўніцтва ЗАТ «Юніфуд» перавяло частку сваіх работнікаў на няпоўны працоўны час з аплатай працы «прапарцыйна адпрацаванаму часу». Як гаворыцца ў паведамленьнях, якія атрымалі работнікі, прычынай гэтаму стала «істотнае зьмяншэньне таваразвароту, і адпаведна зьмяншэньне аб’ёму работ».
Няпоўны працоўны час уведзены з 11 траўня. Да 12 красавіка работнікі павінны былі пісьмова выказацца, ці згодныя яны з усталяваньнем няпоўнага працоўнага часу. Тым, хто адмовіцца працягнуць працу ў новых умовах, прыгразілі звальненьнем з 10 траўня. Цалкам чытайце па спасылцы.