Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

18:18 5.5.2020

Лукашэнка даў новы прагноз па каранавірусе. 4 ранейшыя прагнозы ад уладаў ня спраўдзіліся

Аляксандар Лукашэнка прагназуе завяршэньне «эпапэі з каранавірусам» празь месяц.

«Дай Бог, каб нам прайсьці гэты пэрыяд так, як мы спрагназавалі. Мы цяпер залезьлі наверх. Трошкі ўпалі. І дай Бог, каб было так, мы спакойна празь месяц скончым гэтую эпапэю», — сказаў Лукашэнка 5 траўня падчас наведваньня выпрабавальнага палігону НАН Беларусі, яго цытуе БелТА.

Паводле Лукашэнкі, пакуль прагноз, які далі раней беларускія спэцыялісты, спраўджваецца «зь дзіўнай дакладнасьцю». Аднак, калі прыгадаць ранейшыя прагнозы беларускіх уладаў наконт эпідэміі каранавірусу ў Беларусі, пакуль ніводзін зь іх ня спраўдзіўся.

17:40 5.5.2020

У Расеі ад COVID-19 памёр генэральны канструктар касьмічных праграмаў

Генэральны канструктар пілятаваных касьмічных праграмаў Расеі Яўген Мікрын памёр на 65-м годзе ў бальніцы ў маскоўскай Камунарцы, у яго была дыягнаставаная каранавірусная інфэкцыя.

Пра гэта паведамляе агенцтва РІА «Навіны» са спасылкай на прэс-службу Раскосмасу.

Ракетна-касьмічная карпарацыя «Энэргія» імя Каралёва — вядучае прадпрыемства ракетнай прамысловасьці РФ, створанае на базе АКБ-1 (Асобнага канструктарскага бюро), якое ў 1956-66 узначальваў акадэмік, генэральны канструктар Сяргей Каралёў.

Як і ягоны знакаміты папярэднік, Яўген Мікрын быў акадэмікам, уваходзіў у склад прэзыдыюму Расейскай акадэміі навук (РАН).

16:02 5.5.2020

Плюс 861 інфікаваных і 4 сьмерці. У Беларусі выявілі 18 350 выпадкаў COVID-19, прызналі 107 сьмерцяў

Неўзабаве пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі афіцыйную статыстыку на 5 траўня апублікавала Міністэрства аховы здароўя:

  • агулам 18 350 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 107 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
  • 3771 пацыент выздаравеў і быў выпісаны пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 784 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 512 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 211 369 тэстаў (такую ж лічбу называлі днём раней);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Таксама 5 траўня міністар унутраных справаў паведаміў, што новым каранавірусам інфікаваныя каля 500 міліцыянтаў (34 ужо паправіліся) і 2 зьняволеныя ў калёніях (1 ужо паправіўся).

15:36 5.5.2020

Беларусь сапраўды на другім месцы ў сьвеце па тэстах на COVID-19 на душу насельніцтва, як сказаў Лукашэнка? Фактограф

Беларусь па колькасьці тэстаў на COVІD-19 у пераліку на 1 мільён чалавек ідзе на другім месцы ў сьвеце, заявіў 5 траўня Аляксандар Лукашэнка. У той жа дзень ён заявіў, што ў Беларусі за два з паловай месяцы зрабілі 211 369 тэстаў (такая ж лічба называлася днём раней Міністэрствам аховы здароўя). Паводле Белстату, у Беларусі на 1 студзеня 2020 году жылі каля 9 408 400 чалавек. Гэта значыць, тэстаў зрабілі 22 466 на мільён.​

Гэта праўда другое месца ў сьвеце? Націсьніце, каб даведацца >>

15:07 5.5.2020

Назвалі колькасьць хворых на «Гродна Азоце»​

На ААТ «Гродна Азот» зафіксавалі 12 выпадкаў каранавірусу, кантактамі першага ўзроўню прызналі 54 чалавека. Таксама яшчэ 6 чалавек хварэюць на пнэўманію і 37 чалавек на вострую рэсьпіраторную інфэкцыю.

14:59 5.5.2020

«Крама» дасьць «не-канцэрт» 6 траўня

Беларускі рок-гурт «Крама» анансаваў на 20.00 6 траўня онлайн-сустрэчу, якую «ня будзе называць канцэртам». Але на гэтай «сустрэчы», трансьляваць якую будуць на Facebook, гурт абяцае «пасьпяваць акустычна песьні розных часоў» і «зайграць нешта з новага альбому».

14:32 5.5.2020

Брытанія выйшла на першае месца ў Эўропе ў колькасьці сьмерцяў ад COVID-19

Брытанскае статыстычнае бюро 5 траўня паведаміла, што колькасьць афіцыйна зарэгістраваных у краіне памерлых ад заражэньня каранавірусам перавысіла 32 тысячы.

Такім чынам, Брытанія выйшла на першае месца ў Эўропе ў колькасьці сьмяротных ахвяраў COVID-19, абагнаўшы Італію, дзе колькасьць загінулых ад пандэміі вымяраецца лічбай, меншай за 30 тысяч.

Reuters перасьцерагае, што новая лічба сьмерцяў ад каранавірусу ў Брытаніі вынікае зь іншага, чым раней, мэтаду падліку сьмяротнасьці, і гэтую лічбу нельга параўноўваць з падлікамі сьмяротнасьці ў іншых краінах. Аднак агенцтва, спасылаючыся на брытанскіх статыстыкаў, дадае, што сапраўдная колькасьць памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі ў краіне можа быць яшчэ большая, чым 32 тысячы.

13:29 5.5.2020

У Мікашэвічах памерла 30-гадовая жанчына. Сваяк: «У яе быў каранавірус»

нфармацыю пра сьмерць маладой жанчыны разьмясьцілі на старонцы «Мікашэвічы» ў сацсетцы «Аднаклясьнікі». Сьмерць жанчыны, у якой засталося двое малых дзяцей, Радыё Свабода пацьвердзіў яе сваяк. Ён таксама паведаміў, што яна мела дыягнаставаны каранавірус.

13:27 5.5.2020

Беларускія вязьні штодня шыюць 16 тысяч ахоўных камбінэзонаў для мэдыкаў

Зьняволеныя ў Беларусі шыюць 16 тысяч ахоўных камбінэзонаў у суткі, паведаміў журналістам 5 траўня ў Палаце прадстаўнікоў міністар унутраных спраў Юры Караеў. Паводле яго, гэта вырашыла і праблему частковага беспрацоўя ў папраўчых установах.

З 16 тысяч ахоўных касьцюмаў 15 тысяч пастаўляюць у «Белмедцэнтар», які разьмяркоўвае іх туды, куды яны больш патрэбныя, а 1 тысячу на дзень Караеў загадаў зарэзэрваваць для ўстановаў аховы здароўя МУС.

12:55 5.5.2020

Экспэрты САЗ не прыедуць у Туркмэністан: улады адмянілі запрашэньне

Прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) не прыедуць у Туркмэністан на гэтым тыдні, паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода. Паводле экспэртаў, улады краіны адмянілі запрашэньне для місіі САЗ.

Місія САЗ цяпер знаходзіцца ў Таджыкістане, дзе напярэдадні яе візыту ўлады 30 красавіка афіцыйна пацьвердзілі наяўнасьць пацыентаў, якія захварэлі на COVID-19. Улады Туркмэністану афіцыйна пакуль пра выпадкі захворваньня не паведамлялі і адмаўляюць, што каранавірус ў краіне ёсьць. Аднак у Туркмэністане пры гэтым увялі абмежаваньні на перамяшчэньне па краіне, а для пасадкі на цягнікі і міжгароднія аўтобусы ад пасажыраў патрабуюць здаць аналізы.

11:07 5.5.2020

У Беларусі двое зьняволеных захварэлі на COVID-19

COVID-19 выявілі ў двух зьняволеных у беларускіх папраўчых установах, расказаў 5 траўня міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.

Па словах міністра, адзін з хворых ужо паправіўся, пра гэта стала вядома сёньня, 5 траўня. Стан другога хворага невядомы.

Як адзначыў Караеў, хворыя адбываюць пакараньне ва ўстанове адкрытага тыпу. Гэта значыць, яны мелі магчымасьці выходзіць на працу за межы папраўчай установы.

Чытаць далей >>

11:02 5.5.2020

«Парад — памылка і злачынства з боку Лукашэнкі». Расейскія дэпутаты не зьбіраюцца ў Менск

Расейскія дэпутаты і сэнатары могуць прыехаць у Менск на вайсковы парад 9 траўня толькі як прыватныя асобы, сказаў намесьнік старшыні Савету Фэдэрацыі Расеі Ільяс Умаханаў.

Сябра фракцыі КПРФ у Дзярждуме Уладзімір Кашын сказаў, што фракцыя ня будзе рэкамэндаваць сваім дэпутатам ехаць на парад у Менск.

Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» таксама заявіў, што «ніхто з фракцыі нікуды не паедзе».

Чытаць далей >>

10:06 5.5.2020

Парад падчас чумы — «Трыюмф волі» і «поўха Пуціну». Разважае Віталь Цыганкоў

Нават магчымасьць страціць 60 мільёнаў даляраў, якія зьбіраўся выдаткаваць Эўразьвяз Беларусі на барацьбу з пандэміяй, не спыняе ад жаданьня правесьці парад. Лукашэнка і праўда «за ценой не постоит».

Колькі разоў заяўлялі, што беларускі рэжым нібыта даўно стаў прагматычным, практычным, безь вялікіх і небясьпечных ідэйных заскокаў.

Ну-ну. Давайце задумаемся, ці ёсьць хоць намёк на нейкія лягічныя і прагматычныя прычыны праводзіць парад падчас чумы?

Чытаць далей >>

08:50 5.5.2020

Сэнат Францыі адхіліў плян выхаду з ізаляцыі пасьля 11 траўня

На мінулым тыдні, у аўторак, Нацыянальная асамблея (ніжняя палата парлямэнту) падтрымала плян кіраўніка ўраду. Цяпер сацыялісты і камуністы прагаласавалі супраць.

Пры галасаваньні ў Сэнаце 89 чальцоў верхняй палаты выказаліся «супраць», 81 — «за», 174 устрымаліся. Галасы супраць ішлі ад сацыялістаў і камуністаў. Устрымаліся ў асноўным рэспубліканцы. Кіроўная партыя «Наперад, Рэспубліка!» аднагалосна падтрымала захады, прапанаваныя прэм'ер-міністрам.

У панядзелак, 4 траўня ўрад прадставіў праект выхаду краіны з карантыну ў Сэнаце, заявіўшы аб немагчымасьці і далей выконваць рэжым карантыну. Паводле Эдуара Філіпа, усе, хто працаваў у галіне турызму, мастацтва, гастраноміі, прыпынілі сваю дзейнасьць. Працягваць карантын, па словах прэмʼера, азначала б парушыць разьвіцьцё эканомікі, сельскай гаспадаркі і страціць інвэстыцыйную прывабнасьць Францыі.

Паводле задумы ўраду, у выпадку, калі санітарная сытуацыя не пагоршыцца ў першыя тыдні пасьля адмены карантыну, можна было б з 29 мая дазволіць правядзеньне набажэнстваў.

Адмова Сэнату падтрымаць урадавы плян супала па часе з абвяшчэньнем афіцыйных зьвестак аб новых ахвярах эпідэміі COVID-19. За адны апошнія суткі загінулых стала на 306 больш, а агульная колькасьць ахвяраў хваробы перавысіла 25 000. Усяго інфікаваных і хворых у Францыі каля 170 тысяч.

08:09 5.5.2020

Лічбы на раніцу 5 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі каля 3,65 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,213 млн у ЗША, 248 тысяч у Гішпаніі, амаль 212 тысяч у Італіі, звыш 190,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 169,5 тысячы ў Францыі, 166 тысяч у Нямеччыне, звыш 145 тысяч у Расеі, 127,5 тысячы ў Турэччыне, 108,5 тысячы ў Бразыліі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 250 977​ чалавек. Зь іх 69 921 у ЗША, 29 079 у Італіі, 28 734 у Вялікай Брытаніі, 25 428 у Гішпаніі, 25 201 у Францыі.
  • Выпісалі звыш 1,2 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,2 млн, зь іх каля 50 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 4 траўня, пацьверджана 17 489 выпадкаў COVID-19 (плюс 784 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 103 чалавек (плюс 4 за дзень), выпісалі здаровымі 3259 пацыентаў, колькасьць зробленых тэстаў на дзень зьнізілася на 26% ад пікавай лічбы, названай 1 траўня. ​
  • Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
22:16 4.5.2020

Сусьветная арганізацыя здароўя занепакоеная парадам у Менску

Пра гэта заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.

«Мы вельмі занепакоеныя магчымымі нэгатыўнымі наступствамі правядзеньня такога масавага мерапрыемства ў пэрыяд эпідэміі, — сказаў ён. — Асаблівае хваляваньне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэньне хваробы і высокі ўзровень сьмяротнасьці ад COVID-19».

22:04 4.5.2020

Сьпеўны сход і «страшна цікавыя» экскурсіі. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні

Сабралі падзеі з культурнага жыцьця, да якіх можна далучыцца, не пакідаючы сваёй кватэры, з 4 па 10 траўня.

22:03 4.5.2020

Сусьветная арганізацыя здароўя занепакоеная парадам у Менску

Пра гэта заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.

«Мы вельмі занепакоеныя магчымымі нэгатыўнымі наступствамі правядзеньня такога масавага мерапрыемства ў пэрыяд эпідэміі, — сказаў ён. — Асаблівае хваляваньне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэньне хваробы і высокі ўзровень сьмяротнасьці ад COVID-19».

22:02 4.5.2020

Яшчэ адзін цеплавізар у Менску. З вакзалу могуць адправіць у шпіталь

22:01 4.5.2020

«Прасьпяваю адну песьню і зноў маску надзену». Саладуха пра канцэрт 9 траўня

Сьпявак Аляксандар Саладуха расказаў карэспандэнту Свабоды, што сьвяточны канцэрт на 9 траўня адбудзецца ў 21.30 на плошчы Перамогі, адкуль будзе весьціся трансьляцыя па БТ.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG