Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

12:50 6.5.2020

У Беларусі інфікаваных каранавірусам абавязалі паведамляць пра кантакты і месца знаходжаньня

Савету Міністраў Беларусі зацьвердзіў новыя патрабаваньні да самаізаляцыі ва ўмовах пандэміі.

«Грамадзяне, якія маюць інфэкцыю COVID-19, інфармуюць службовыя органы, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, аб магчымай крыніцы свайго заражэньня, даюць зьвесткі аб асобах, якія мелі зь імі кантакт, пра месца свайго знаходжаньня», — гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

12:50 6.5.2020

Торт з сала і ватоўка замест глямурнай сукенкі. Карантын вымусіў опэрную салістку адзначыць дзень народзінаў у роднай вёсцы

Опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук разам зь сям’ёй самаізалявалася ў Страдзечы на Берасьцейшчыне. Пачытайце, які нечаканы падарунак яна атрымала на дзень народзінаў, за што ваюе з мясцовымі ўладамі, якія сэрыялы раіць паглядзець і што зразумела пра жыцьцё за гэты час. Чытайце інтэрвію па спасылцы>>

12:48 6.5.2020

У Беларусі падчас пандэміі зафіксавалі рост продажу алькаголю

Праз гандлёвую сетку Беларусі за тры месяцы 2020 году рэалізавана алькагольных напояў, у тым ліку піва, на 936 млн рублёў. Гэта звыш 8% ад агульнага раздробнага таваразвароту ў краіне.

12:48 6.5.2020

Трэнэр з Івацэвічаў патлумачыў разгром сваёй каманды страхам футбалістаў перад каранавірусам

Матч беларускай Другой лігі між футбольнымі клюбамі «Баранавічы» і «Івацэвічы» скончыўся разгромным лікам 9:1. Трэнэр «Івацэвічаў» растлумачыў гэта «Трыбуне» страхам футбалістаў перад каранавірусам, але выданьне знайшло нестыкоўкі ў ягонай вэрсіі.

Стартавыя склады «Івацэвічаў» на матчы супраць «Баранавічаў» і на папярэднім супраць жыткавіцкага «Мэліяратара» (які івацэвіцкі клюб таксама прайграў 0:2) былі практычна ідэнтычныя — тыя ж 9 гульцоў, мяняліся толькі брамнік і адзін з абаронцаў. На матч першага туру супраць «Астраўца» (параза івацэвіцкага клюбу 2:3) таксама выходзіў падобны склад.

12:47 6.5.2020

Блогерку з Уханю чытае 380 млн чалавек. Насуперак цэнзуры і нацыяналістам, выйдзе кніга

Пісьменьніца з Уханю Фан Фан вяла дзёньнік карантыну цягам 76 дзён. У чэрвені пабачыць сьвет яго ангельскі і нямецкі пераклады. У Кітаі аўтарка стала аб’ектам вострай крытыкі нацыяналістаў.

12:32 6.5.2020

Эстонія зьмякчае абмежаваньні, уведзеныя ў сувязі з каранавірусам

Урад Эстоніі 6 траўня ўхваліў рашэньне, якое дазваляе на пэўных умовах кантактнае навучаньне, адкрыцьцё музэяў і выставаў ды пашырае магчымасьці для трэніровак спартоўцаў вышэйшага ўзроўню. Урад таксама дазволіў праводзіць рэлігійныя службы.

Цалкам чытаць тут.

09:44 6.5.2020

«Да канца месяца выйдзем на зьніжэньне»,— ужо трэці за два дні афіцыйны прагноз па COVID-19 у Беларусі

«Мяркуем, што недзе празь месяц, магчыма, нават да канца гэтага месяца мы ўсё ж такі выйдзем на ўстойлівае зьніжэньне захворваньня, і тады ўжо можна будзе казаць пра нейкія наступныя прагнозы», — сказала намесьніца галоўнага лекара Беларускага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ірына Глінская пра эпідэмію COVID-19.

Такі прагноз, растлумачыла яна, сфармаваны спэцыялістамі на падставе шматлікіх фактараў, у тым ліку сацыяльных. Прагноз, заявіла яна, быў зроблены ўжо раней і «практычна ў поўнай меры спраўджваецца».

Яна дадала, што беларусы «ў выходныя дні рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя аб сацыяльным дыстанцыяваньні насельніцтва ўсё ж такі ня так выразна выконваюць, як у працоўныя дні». Пры тым статыстыка расейскай кампаніі «Яндэкс» сьведчыць аб адваротным: на выходных людзей на вуліцах беларускіх гарадоў істотна менш, чым у буднія дні.

Акрамя таго, Глінская завочна «паправіла» ранейшае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі: той нібыта казаў, што Беларусь на другім месцы паводле тэстаў на душу насельніцтва ня ў сьвеце, а сярод краінаў СНД.

Чатыры ранейшыя прагнозы ўладаў, якія ня спраўдзіліся, і яшчэ два новыя >>

09:01 6.5.2020

Грошы ёсьць, але дзяржава ня хоча дапамагаць людзям, бо не жадае прызнаваць крызіс, —эканаміст Зьміцер Крук

Старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Зьміцер Крук аналізуе розныя сцэнары крызісу, выкліканага пандэміяй каранавірусу, разважае, што рабіць зь беспрацоўнымі ва ўмовах, калі яны ня могуць зьехаць зь Беларусі, і паказвае, дзе можна знайсьці грошы для выплат людзям, што пацярпелі ад крызісу.

«Самы аптымістычны сцэнар, пра які можна казаць, — гэта зьніжэньне ВУП па выніках году на 3,5%, — кажа ён. — Больш глыбокае зьніжэньне зьнешняга попыту прывядзе да сытуацыі, калі Беларусі трэба будзе выбіраць паміж дапушчальным зьніжэньнем ВУП і імавернасьцю фінансавага стрэсу. Далей — наступствы крызісу будуць вельмі моцна залежаць ад дзеяньняў уладаў».

Чытаць далей >>

08:16 6.5.2020

Лічбы на раніцу 6 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі каля 3,73 мільёна выпадкаў COVID-19: каля 1,24 млн у ЗША, 250 тысяч у Гішпаніі, 213 тысяч у Італіі, 195 тысяч у Вялікай Брытаніі, 170,5 тысячы ў Францыі, 167 тысяч у Нямеччыне, звыш 155 тысяч у Расеі, 129,5 тысячы ў Турэччыне, 116 тысяч у Бразыліі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 258 344​ чалавекі. Зь іх 72 271 у ЗША, 29 427 у Вялікай Брытаніі, 29 315 у Італіі, 25 613 у Гішпаніі, 25 531 у Францыі.
  • Выпісалі звыш 1,24 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,2 млн, зь іх каля 50 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 5 траўня, пацьверджана 18 350 выпадкаў COVID-19 (плюс 861 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 107 чалавек (плюс 4 за дзень), выпісалі здаровымі 3771 пацыента, абсалютная колькасьць зробленых тэстаў за дзень не зьмянілася.
  • Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
23:07 5.5.2020

Лекары 10 гарадзкой клінічнай бальніцы Менска дзякуюць усім за дапамогу ў барацьбе з COVID19

21:45 5.5.2020

У Мінздароўя расказалі, куды патрацілі грошы, ахвяраваныя на барацьбу з каранавірусам

Міністэрства аховы здароўя абнавіла інфармацыю пра выдаткоўваньне грошай, сабраных на дабрачынных рахунках для барацьбы з каранавірусам

21:44 5.5.2020

«У масцы толькі галоўны лекар». Як ва ўмовах пандэміі праходзіць прызыўная кампанія

У Беларусі працягваецца веснавая прызыўная кампанія, якая сёлета супала з пандэміяй каранавірусу. З чым сутыкаюцца маладыя людзі, якіх выклікаюць у ваенкаматы на мэдычную камісію?

21:15 5.5.2020

У Беларусі праз каранавірус адмянілі два міжнародныя фэстывалі

Праз пандэмію каранавірусу ў Беларусі адмянілі правядзеньне двух міжнародных фэстываляў — «Залатая пчолка» ў Клімавічах і «Зьвіняць цымбалы і гармонік» у Паставах.

Штогадовы фэстываль народнай музыкі «Зьвіняць цымбалы і гармонік» на Пастаўшчыне перанесьлі на чэрвень 2021 году.

Фэстываль дзіцячай творчасьці «Залатая пчолка», які мусіў прайсьці ў Клімавічах 29–31 траўня, адмянілі.

20:02 5.5.2020

Гонка за вакцынай ад каранавірусу: галоўныя кандыдаты

У гонцы за вакцынай, закліканай пакласьці канец глябальнай пандэміі COVID-19, восем удзельнікаў вырваліся наперад.

Восем кандыдатных вакцынаў выпрабоўваюцца на людзях у клініках Кітаю, ЗША, Вялікабрытаніі і Нямеччыны. Апроч іх, яшчэ як найменей 94 знаходзяцца на розных стадыях распрацоўкі.

Адміністрацыя Дональда Трампа хоча мець у наяўнасьці мільёны дозаў да канца году, але экспэрты папярэджваюць, што беспрэцэдэнтная хуткасьць, магчыма, будзе дасягнутая за кошт ігнараваньня належных мераў бясьпекі, і няма гарантыі, што якая-небудзь з кандыдатных вакцынаў апынецца эфэктыўнай.

Чытаць падрабязна >>

19:50 5.5.2020

Рэпэтыцыя ЦТ пройдзе онлайн

У сувязі з эпідэміялягічным становішчам многія пункты правядзеньня рэпэтыцыйнага тэставаньня адмянілі заплянаванае на травень 2020 году тэставаньне. З 19 траўня 2020 году ўсе жадаючыя змогуць прыняць удзел у трэцім этапе рэпэтыцыйнага тэставаньня ў электронным фармаце ў online-рэжыме на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў.

19:33 5.5.2020

Ізраільскія навукоўцы выявілі антыцела, якое нэўтралізуе каранавірус

Ізраільскім навукоўцам удалося вылучыць антыцела, здольнае стаць ключавым у барацьбе з COVID-19. Пра гэта ў аўторак, 5 траўня, паведамляе агенцтва France-Presse.

Напярэдадні, 4 траўня, з адпаведнай заявай выступілі ў абаронным ведамстве Ізраілю. Міністар Нафталі Бэнэт сустрэўся з навукоўцамі Ізраільскага інстытуту біялягічных дасьледаваньняў у Нэс-Цыёне, якія працуюць над стварэньнем вакцыны ад каранавірусу.

У міністэрстве адзначылі, што спэцыялісты ізалявалі антыцела, якое выпрацоўваецца імуннымі клеткамі чалавечага арганізму. У прэс-рэлізе, выпушчаным ізраільскім Мінабароны, яно апісваецца як «монакланальнае нэўтралізуючае антыцела». Мяркуецца, што яно здольнае нэўтралізаваць COVID-19 у арганізмах, якія заразіліся. То бок прэпараты, у якія яно можа быць уключана, не зьяўляюцца вакцынай і ня могуць прадухіліць інфікаваньня, але здольныя дапамагчы непасрэдна ў пэрыяд праходжаньня хваробы.

18:25 5.5.2020

«Нас папрасілі запрасіць людзей». Як зьбіраюць людзей на парад

Даведаліся, як прадпрыемствы і ўстановы запрашаюць людзей на парад і мітынг 9 траўня.

«Мы свабодна ўсіх запрашаем. Калі нехта дабравольна хоча пайсьці, той ідзе. Нам ніхто не вызначаў колькасьці ўдзельнікаў і нікіях разнарадак не даводзілі. Нас папрасілі распаўсюдзіць інфармацыю, запрасіць людзей на парад. Мы так і робім. Нікога не абавязваем, нікога не прымушаем. У мяне ўжо запісаліся людзі, звычайныя рабочыя, якія хочуць пайсьці, нягледзячы на складаную сытуацыю», — сказаў Свабодзе прадстаўнік ААТ «Інтэграл». Далей чытайце па спасылцы.

18:22 5.5.2020

«Пачуў пра парад і сьмерць сьвятара і вырашыў дапамагаць людзям». Як і хто здае плязму для людзей з COVID-19

Свабода два дні правяла ў РНПЦ трансфузіялёгіі і паразмаўляла з тымі, хто прыйшоў здаваць плязму.

За гэты час мы паразмаўлялі з 11 донарамі. Ня ўсе захацелі здымацца і назваць свае сапраўдныя імёны. У асноўным гэта людзі публічных прафэсій — мэдыкі, якія заразіліся ў шпіталі, ці, да прыкладу, стуардэса. Кажуць, што кіраўніцтва ня ўхваліць. Да таго ж баяцца перадузятага да сябе стаўленьня. Чытайце рэпартаж па спасылцы >>

18:20 5.5.2020

Што думаюць беларусы пра парад 9 траўня. Апытаньне ў Менску

9 траўня ў Менску пройдзе вайсковы парад, нягледзячы на тое, што Сусьветная арганізацыя здароўя заклікала перанесьці ўсе масавыя падзеі ў Беларусі. Свабода спытала ў мінакоў, ці пойдуць яны на парад.

18:19 5.5.2020

Памёр харыст эвангельскай царквы «Благадаць» Вадзім Панько. У яго быў COVID-19

«Яму было 49 гадоў, пацьверджаны COVID-19, — сказаў Свабодзе пастар царквы Алег Акуленка. — Не магу сказаць дакладна, колькі часу ён правёў у шпіталі. Верагодна, трапіў туды не адразу. Апошні тыдзень як мінімум быў пад апаратам ШВЛ. Сёньня ўначы ён памёр. Такая кароткая інфармацыя. Нешта больш пра яго, пра яго жыцьцё расказаць змогуць яго родныя. Так будзе правільна».

Па словах сьвятара, маці і жонка памерлага Вадзіма Панько таксама хварэюць, цяпер яны на ізаляцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG