Мінабароны пацьвердзіла каранавірус у некалькіх афіцэраў
Прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі пацьвердзіла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» наяўнасьць станоўчых проб на каранавірус у некалькіх афіцэраў Заходняга апэратыўнага камандаваньня (вайсковыя часткі ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях).
Паводле прэс-сактаркі Мінабароны Натальлі Гаўруск, ніхто зь іх ня мае патрэбы ў шпіталізацыі, яны знаходзяцца дома, на самаізаляцыі. Колькасьць інфікаваных афіцэраў Гаўрусік не ўдакладніла.
Сусьветная загадка беларускай летальнасьці каранавірусу
Калі разглядаць краіны, дзе пандэмія набыла ўжо пэўны размах, то Беларусь паводле летальнасьці — на 6-ым месцы ў сьвеце, пасьля Аману, Узбэкістану, Бахрэйну, Сынгапуру і Катару. Толькі ў гэтых 5 краінах, дзе хворых на COVID-19 больш за 2 тысячы, летальнасьць ніжэйшая, чым у Беларусі. Праўда, усе, акрамя Сынгапуру, не адзначаюцца асаблівай дакладнасьцю і празрыстасьцю працы дзяржаўнай адміністрацыі.
Яшчэ адна дзіўная асаблівасьць Беларусі — дынаміка паказьніку сьмяротнасьці. На 31 сакавіка, калі ў Беларусі была афіцыйна зафіксаваная першая сьмерць ад COVID-19, паказьнік летальнасьці складаў 0,66% — адна сьмерць на 152 выпадкі захворваньня. Цяпер адпаведны паказьнік — 0,58%, нават меншы, чым тады. Такое дзіва мае месца наагул у нямногіх краінах. Сьмяротнасьць ад COVID-19 вырасла амаль ва ўсіх краінах сьвету, у некаторых вельмі істотна. Чытайце цалкам тут.
Як дзяржава, банкі і бізнэс дапамагаюць падчас пандэміі ў Беларусі, Брытаніі і Італіі. Відэа
Анастасія зь Італіі, Андрэй зь Вялікай Брытаніі, Алесь і Алеся зь Беларусі расказалі, як дзяржава, банкі і бізнэс дапамагаюць ім перажываць эканамічны крызіс падчас пандэміі каранавірусу.
Прэс-служба Лукашэнкі палічыла: ён за ўчора паціснуў руку ня менш як 12 разоў. ВІДЭА
Telegram-канал «Пул первого», зьвязаны з прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваў фрагмэнты відэа візыту Лукашэнкі ў Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня 5 траўня. Канал адзначыў, што Лукашэнка паціснуў руку прысутным ня менш як 12 разоў.
У сувязі з каранавірусам скасавалі канцэрт да Дня перамогі ў Палацы рэспублікі
Канцэрт «75 мірных гадоў», прымеркаваны да Дня перамогі, адменены. Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў адміністрацыі сталічнага Палацу рэспублікі.
Выступ прэзыдэнцкага аркестру пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова быў заплянаваны на 8 траўня ў вялікай залі. Пры гэтым адміністратарка Палацу рэспублікі ўдакладніла, што квіткі на імпрэзу не прадаваліся, на яе маглі патрапіць толькі ўладальнікі запрашальнікаў.
«У старасьці і сьмерці няма нічога непераадольнага». Як беларуская пісьменьніца стала апякункай для старых палякаў
Пісьменьніца Сьвятлана Курс (творчы псэўданім Ева Вежнавец) на сваім ровары езьдзіць да пажылых людзей у Варшаве, чыёй апякункай яна стала ў часе пандэміі. Працу са старымі называе «заходам у культуру з чорнага ўваходу», і яна ўдзячная лёсу за тое, што атрымала другое жыцьцё пасьля многіх гадоў у журналістыцы, НДА і сфэры культуры. Сьвятлана расказала Свабодзе пра свой досьвед апякункі, якая можа «памыць дупу» любому злачынцу, пра пажылых людзей, якія, лічыць яна, ва ўсім сьвеце аднолькавыя, і няпросты выбар, які стаіць перад усімі старымі ў часы каранавірусу. Чытайце па спасылцы>>
«Хопіць уводзіць людзей у зман». Дачка алімпійскага чэмпіёна напісала адкрыты ліст Лукашэнку
Ксенія Парфяновіч, дачка алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча, накіравала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю і жорстка крытыкуе захады кіраўніка краіны, якія тычацца сытуацыі з каранавірусам.
Народ мае права ведаць праўду пра колькасьць заражаных, пра небясьпеку СOVID-19, пра колькасьць ахвяраў, перакананая Ксенія Парфяновіч. Далей чытайце па спасылцы>>
Каму цалавацца, а каму не цалавацца ў час пандэміі — новая парада ад Лукашэнкі. ВІДЭА
Аляксандар Лукашэнка 5 траўня наведваў Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня і даў параду аб сацыяльным дыстанцыяваньні. Фрагмэнт ягонай прамовы з гэтай парадай выразалі ў асобны відэаролік Reform.by.
«Калі ты ўжо цалаваўся з кімсьці, дык цалуйся далей, — дазволіў Лукашэнка. — Ня лезь там, калі ты мужык, да іншай жанчыны і гэтак далей. Ну пацярпі месяц. Калі ты дзесьці цёрся там у сям'і, застанься ў сям'і».
Беларускія банкі вылучылі на дапамогу мэдыкам больш за 2,2 мільёна рублёў
Беларускія банкі надалі дапамогу мэдыкам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу агулам на суму больш за 2,2 мільёна беларускіх рублёў, паведамілі БелТА ў Асацыяцыі беларускіх банкаў.
Памерла 40-гадовая санітарка процісухотнага дыспансэра. Калегі: у яе быў COVID-19
Санітарка менскага абласнога процісухотнага дыспансэра 40-гадовая Вікторыя З. памерла ў Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе калегі па працы сказалі карэспандэнту Свабоды, што ўчора даведаліся, што Вікторыі ня стала, хаваць яе будуць заўтра. Яны кажуць, што ў яе быў станоўчы тэст на каранавірус.
«У яе зь пятніцы трымалася тэмпэратура пад 40. У нядзелю яна ўжо трапіла ў рэанімацыю, у бальніцы казалі: «Стан крытычны». 5 траўня яна памерла, — расказваюць калегі.
Парады родным тых, хто трапіў у лякарні з пнэўманіяй
Паліттэхноляг і прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная нядаўна заявіла, што мэдыкі «забіваюць» ейную бабулю, шпіталізаваную з двухбаковай пнэўманіяй у баранавіцкую гінэкалёгію. Паводле Наогрнай, ейнай бабулі не рабілі тэст на каранавірус, але рабілі неназваныя ўколы, ад якіх станавілася толькі горш. Цяпер Нагорная дала параты тым, чые блізкія трапілі ў лякарні з пнэўманіяй:
Літоўцы, латышы і эстонцы з наступнага тыдня змогуць свабодна падарожнічаць паміж сваімі краінамі
У выніку перамоваў прэм‘ер-міністраў Літвы, Эстоніі і Латвіі здымуць абмежаваньне на падарожжы паміж краінамі Балтыі з 15 траўня для грамадзянаў гэтых краінаў.
«Нядаўна скончылася паўтарагадзінная відэаканфэрэнцыя з прэм‘ер-міністрам Латвіі Крыш'янісам Карыньшам і кіраўніком ураду Эстоніі Юры Ратасам. Навіна наконт перасячэньня межаў: мы пагадзіліся, што ўсе тры краіны Балтыі належным чынам узялі пад кантроль пашырэньне каранавірусу. Акрамя таго, мы ўзаемна давяраем сыстэмам аховы здароўя нашых краінаў.
Таму з 15 траўня мы здымаем абмежаваньні для грамадзян Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія падарожнічаюць паміж краінамі Балтыі. Важна: для грамадзян краінаў Балтыі, якія вяртаюцца зь іншых замежных краін, абавязак двухтыднёвай самаізаляцыі застаецца. Толькі гэта яны змогуць зрабіць у сваіх краінах », — напісаў Сквярняліс у Facebook.
Ва Ўкраіне рыхтуюцца да выхаду з карантыну, але не плянуюць масавых акцыяў да Дня Перамогі
Украіна тройчы падаўжала дзеяньне агульнанацыянальнага карантыну, абвешчанага ад 12 сакавіка ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Фармальна абмежаваньні будуць дзейнічаць да 22 траўня, але ўжо праз тыдзень яны стануць больш мяккімі.
Эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што дынаміка новых захворваньняў застаецца стабільнай, а мэдычныя ўстановы запоўненыя хворымі на 12-15 %. Улады мяркуюць, што такія паказчыкі дазваляюць паступова адмовіцца ад жорсткіх абмежаваньняў, пакінуўшы іх толькі для грамадзян, якія ўваходзяць у групы рызыкі. Далей чытайце па спасылцы.
Нуль тэстаў за 4 траўня ці ўдвая менш за звычайнае 5-га?
У афіцыйнай беларускай статыстыцы распаўсюду COVID-19 другі дзень анамалія з колькасьцю зробленых тэстаў.
Дзень і два дні таму называлася аднолькавая колькасьць зробленых тэстаў: 211 369, нібы за 4 траўня не зрабілі ніводнага тэсту. Цяпер жа названая колькасьць тэстаў, на 8676 большая за ранейшую.
Цягам апошняга тыдня прыблізна столькі, 7–9,5 тысячы тэстаў, і рабілі. Але калі 8676 тэстаў зрабілі не за дзень, а за два, то значыць, што колькасьць тэстаў на дзень вярнулася да той, што была 20 красавіка і раней.
Міністэрства здароўя 5 траўня ніяк не тлумачыла адсутнасьць новых тэстаў у статыстыцы. У той жа дзень, яшчэ да міністэрства, «учорашнюю» колькасьць тэстаў агучыў Аляксандар Лукашэнка, які да таго ж заявіў, што Беларусь нібы на другім месцы ў сьвеце паводле тэстаў на душу насельніцтва.
У Гомлі памерла 36-гадовая загадчыца дзіцячага садка. Калегі кажуць пра каранавірус і пнэўманію
У Гомлі 5 траўня памерла 36-гадовая загадчыца дзіцячага садка № 130. У яе, паводле неафіцыйных зьвестак, былі каранавірус і пнэўманія. Жанчына знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Свабода пагутарыла на ўмовах ананімнасьці з рознымі супрацоўнікамі садку, дзе працавала нябожчыца. Яны паведамілі, што ім забаранілі даваць інфармацыю пра сьмерць загадчыцы пад пагрозай звальненьня. Садок яшчэ працягваў працаваць раніцай 6 траўня. Дзеці ў садку былі, але няшмат. Адна з тэхнічных супрацоўніц апрацоўвала дзьверы і калідор дэзынфікцыйным сродкам. Далей чытайце па спасылцы >>
У Беларусі прызналі 112 сьмерцяў інфікаваных COVID-19
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 6 траўня:
- агулам 19 255 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 112 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
- 4388 пацыентаў выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 905 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 617 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 220 045 тэстаў;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
У Менску памер 37-гадовы фэльчар хуткай дапамогі
Аляксей 17 гадоў працаваў на 6-й падстанцыі хуткай дапамогі ў Менску. У яго засталіся жонка і дзеці.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды расказалі ў адміністрацыі станцыі хуткай мэдычнай дапамогі. Памёр ён 5 траўня. Аднак у адміністрацыі не паведамілі прычыну сьмерці. На самой падстанцыі накіравалі ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Атрымаць адказ на пытаньні ў міністэрстве не ўдалося. Паводле belsat.eu, у памерлага была пнэўманія і COVID-19. Цалкам чытайце тут.
У ксяндза з Ашмянаў выявілі каранавірус. Ува ўсім дэканаце скасавалі імшы
Заражэньне каранавірусам 47-гадовага ашмянскага дэкана (галоўнага сьвятара ў дэканаце) пацьвердзілі ў курыі Горадзенскай дыяцэзіі.
«Ксёндз-канонік Ян Пузына, пробашч парафіі Сьвятога Міхала Арханёла ў Ашмянах, цяпер знаходзіцца на лячэньні ў шпіталі. Праведзеныя тэсты на прысутнасьць каранавірусу ў арганізьме далі станоўчы вынік. Здароўе сьвятара паступова ідзе на папраўку», — гаворыцца ў паведамленьні курыі.
Напярэдадні ў ашмянскім касьцёле адправілі масавую імшу з прычашчэньнем вернікаў і бежмаваньнем (мірапамазаньнем) біскупам. У камэнтары Deutsche Welle месяц таму Пузына зьдзіўляўся, што людзі ўспрымаюць рэкамэндацыі аб карантыне сур’ёзна.
Агаворка Лукашэнкі, або Якім вэтэранам патрэбна шоў. Піша Сяргей Навумчык
Абсалютная большасьць тых, хто ўваходзіць у Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў, ня маюць ніякага дачыненьня да Другой сусьветнай вайны.
Мая маці, якая ў 5 гадоў (на трэці тыдзень вайны, у ліпені 1941) засталася фактычна сіратой (маці загінула, бацька быў ужо на фронце) абураецца намерам правесьці парад на 9 траўня. Ёй гэтага ня трэба. Ні як дачцэ вэтэрана вайны, ні як 85-гадовай грамадзянцы Беларусі, жыцьцё якой наўпрост залежыць ад эпідэмалягічнай сытуацыі і наяўнасьці свабоднага месца ў чарзе на МРТ (у Віцебску такі апарат — толькі адзін).
«Падман, трэш. Колькі можна маўчаць?» Фэльчар з «хуткай» заяўляе пра ціск на працы
Павал Палейчык расказвае Свабодзе, у якіх умовах працуюць лідзкія мэдыкі падчас пандэміі і чым скончылася для яго спроба папрасіць дапамогі ў валянтэраў.
«У нас на „хуткай“ усе за мяне, — кажа ён. — Пішуць прыватныя паведамленьні, падтрымліваюць. Але баяцца адкрыта выказацца. Думаю, калі пачнецца яшчэ большы ціск, то знойдзецца хтосьці, хто таксама ня будзе маўчаць».