Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася
Узровень сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі адзін з самых нізкіх у сьвеце. У той жа час Беларусь апярэджвае большасьць краінаў сьвету доляй мэдыкаў сярод памерлых.
Паводле падлікаў Свабоды, кожны дзясяты загінулы ад COVID-19 у Беларусі — мэдык. Гэта ў 15 разоў больш, чым у Італіі, і ў 30 разоў больш, чым у ЗША. Разьбіраемся, як такое магло здарыцца. Чытайце па спасылцы >>
Экспэрты ААН заклікалі Беларусь вызваліць з турмаў асуджаных за наркотыкі ва ўмовах крызісу COVID-19
Рост колькасьці выпадкаў захворваньня на COVID-19 у Беларусі павінен прымусіць улады неадкладна вызваліць дзяцей і маладых людзей, пазбаўленых волі за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, гаворыцца ў заяве ад 7 траўня на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Цалкам чытайце тут >>
ЭГУ падоўжыў дыстанцыйнае навучаньне да канца траўня
Згодна з указам, які падпісаў 7 траўня рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў Вільні, з 12 па 31 траўня 2020 году (уключна) навучаньне ва ўнівэрсытэце будзе працягвацца ў дыстанцыйным фармаце. Заняткі будуць праходзіць па раскладзе праз Skype, BlueJeans, Zoom.
У Грузіі зьбіраюцца з 1 ліпеня прымаць замежных турыстаў
Улады Грузіі плянуюць ужо з 1 ліпеня дазволіць уезд у краіну замежным турыстам. Пра гэта заявіў кіраўнік ураду Георгій Гахара. Паводле яго, да гэтага часу плянуецца адкрыць сухапутныя мяжы і аднавіць авіяпералёты.
Паводле плянаў грузінскіх уладаў, з 15 чэрвеня будзе адноўленая праца турыстычнага бізнэсу для жыхароў краіны (адкрыюцца, у прыватнасьці, гатэлі і хостелы), а праз два тыдні пасьля гэтага абмежаваньні будуць зьнятыя для турыстаў з-за мяжы. Пры гэтым ужо бліжэйшымі днямі, з 11 траўня, у Грузіі адкрыюцца ўсе віды вытворчасьці і крамы — акрамя гандлёвых цэнтраў і крамаў адзеньня і абутку. Кіраўнік ураду дадаў, што ў гарадах Тбілісі і Руставі з 11 траўня будуць скасаваныя ўсе абмежаваньні на перамяшчэньне.
Ужо звыш 20 тысяч выпадкаў COVID-19 выявілі ў Беларусі, прызналі яшчэ 4 сьмерці
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 7 траўня:
- агулам 20 168 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 116 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
- 5067 пацыентаў выздаравелі і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 913 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 679 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 220 045 тэстаў (плюс 9421 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Днём раней Міністэрства здароўя паведаміла пра 19 255 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 905 за дзень) і 112 пацьверджаных сьмерцяў інфікаваных. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў (і выявілі 861 новы выпадак), хоць да і пасьля таго рабілі па 7–9 тысяч на дзень.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
«Беллегпрам» прадасьць больш за мільён масак у Нямеччыну і Расею
Прадпрыемствы канцэрну «Беллегпрам» плянуюць у бліжэйшы час экспартаваць першыя партыі ахоўных масак. Ёсьць дамоўленасьці з Расеяй і Нямеччынай, пастаўкі пачнуцца пасьля адмены забароны экспарту ахоўных вырабаў. У Нямеччыну плянуюць паставіць 1 мільён масак, таксама першую партыю масак паставяць у Расею.
Санаторый «Сьвітанак-Любань» закрылі. Там знайшлі COVID-19
Пра закрыцьцё ўстановы на травень карэспандэнту Свабоды расказаў дырэктар установы Васіль Усік. «Санаторый не працуе, на травень закрыты, — сказаў ён. — Гэта зьвязана з эпідэміялягічным становішчам». Паводле Васіля Усіка, у адной з санітарак санаторыя тэст на каранавірус даў станоўчы вынік. «Больш ніхто не прыяжджаў і не выяжджаў ад нас са станоўчым тэстам. Усіх, хто тэмпэратурыў ці меў нейкія прыкметы, мы накіроўвалі ў раённую лякарню», — кажа дырэктар.
Сваякі дваіх памерлых з COVID-19 заявілі, што тыя захварэлі пасьля адпачынку ў санаторыі «Сьвітанак-Любань». Цалкам чытайце тут.
«Калі ня будзе месцаў у шпіталі, дзеці будуць даглядаць вас у скафандрах»
«Бацькі хадзілі ў царкву, наведвалі паліклініку, мы не змаглі іх пераканаць застацца дома. Цяпер абое ў шпіталі, бацька на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх». IT-мэнэджар Юлія падзялілася са Свабодай гісторыяй хваробы сваіх бацькоў з надзеяй на тое, што іх сумны прыклад дапаможа іншым зразумець, наколькі небясьпечная цяпер сытуацыя і як важна заставацца дома. Спадарыня Юлія пажадала захаваць ананімнасьць з павагі да прыватнага жыцьця сваіх родных. Чытайце далей па спасылцы>>
636 студэнтаў-мэдыкаў працуюць у шпіталях і паліклініках Менску з хворымі на каранавірус
З хворымі на каранавірус у Менску цяпер працуюць 636 студэнтаў і інтэрнаў, сказаў у інтэрвію БелТА першы намесьнік старшыні камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітры Чараднічэнка.
«Дапамагаюць гарадзкім спэцыялістам 636 студэнтаў і навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і двух сталічных мэдычных каледжаў. У прыватнасьці, разам з старэйшымі калегамі ў лякарнях і паліклініках на ўласнае жаданьне працуюць санітаркамі і санітарамі 30 навучэнцаў каледжаў і студэнты 1–3 курсаў мэдунівэрсытэту. Студэнты 4–6 курсаў аказваюць дапамогу ў якасьці мэдсёстраў і мэдбратоў», — расказаў Чараднічэнка.
У жаночым манастыры пад Менскам палова насельніц з COVID-19
Сьвята-Елісавецінскі манастыр закрыты санітарна-эпідэміялягічнай службай сама меней да сярэдзіны траўня.
Каранавірус быў масава выяўлены пасьля Вялікадня, хворыя манашкі ўдзельнічалі ў сьвяточных службах. Усяго ў Сьвята-Елісавецінскім манастыры жывуць 130 манашак, COVID-19 амаль у паловы.
Рэкамэндацыі патрыярха Кірыла адносна службаў падчас пандэміі каранавірусу ў манастыры не былі выкананыя цалкам, бо «мы не Расея, мы Беларусь, трошкі адрозьніваемся», сказаў айцец Андрэй.
Зрабілі толькі адно — пасьля прычашчэньня адмянілі запіваньне вадой з агульных кубачкаў, прычасьце ж адбывалася па-ранейшаму, з аднае лыжачкі, якая нават не апрацоўвалася сьпіртам пасьля кожнага чалавека. Лемяшонак лічыць, што яны «выканалі тыя рэкамэндацыі, якія маглі выканаць. Нельга са сьвецкім сьветапоглядам падыходзіць да праваслаўя».
Елісавецінскі манастыр не адзіны ў Беларусі, закрыты на карантын у сувязі з пандэміяй. Раней Свабода паведамляла пра манастыры ў Жыровічах, Малых Лядах, Горадні.
Актывістка Людміла Пеціна: з Малайзіі паводзіны Лукашэнкі выглядаюць злачынствам
Беларускі палітык і грамадзкая дзяячка, сустаршыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна ў выніку ўвядзеньня карантыну не змагла пакінуць Малайзію, дзе знаходзілася на адпачынку. У інтэрвію Свабодзе яна параўноўвае сытуацыю ў дзьвюх краінах і дае ацэнку дзеяньням уладаў Беларусі.
- Малайзія ўвяла татальны локдаўн 18 сакавіка, калі ў краіне было менш за 500 хворых
- У краіне да сярэдзіны траўня нічога не працуе, прамысловасьць спыненая, не працуюць школы, крамы і рэлігійныя цэнтры
- Пазыцыя ўладаў — чалавечае жыцьцё даражэй за страты бізнэсу
- З Малайзіі дзеяньні і заявы кіраўніка Беларусі выглядаюць як крымінальнае злачынства
Індыя: нягледзячы на карантын, эпідэмія каранавірусу не слабее
Колькасьць выяўленых у Індыі каранавірусных інфэкцый SARS-CoV-2 узрасла да 52952. На працягу дня лічба выяўленых у Індыі інфэкцый павялічылася на 3561, паводле індыйскага міністэрства аховы здароўя.
Індыя зьяўляецца другой па колькасьці насельніцтва (пасьля Кітая) краінай у сьвеце — у краіне пражывае каля 1,3 мільярда чалавек. У Індыі няма прыкмет паслабленьня эпідэміі, нягледзячы на жорсткі карантынны рэжым, уведзены ў гэтай краіне.
Экс-міністар абароны Казлоўскі: «Пры мне каранавіруснага параду не было б»
«Гэтую дзею (парад) спакойна можна перанесьці на 3 ліпеня — аб’яднаць незалежнасьць і перамогу. І тады ўжо зрабіць парад, шэсьце, што заўгодна. Усё мусіць карэктавацца бягучай сытуацыяй, ад якой нельга адмахнуцца, як ад нябачнага мікроба», — былы міністар абароны Павал Казлоўскі.
Першы міністар абароны незалежнай Беларусі, зацьверджаны на гэтай пасадзе дэпутатамі Вярхоўнага Савету 22 красавіка 1992 году, фактычна ствараў беларускае войска на падмурку, які застаўся ў спадчыну ад савецкага часу. Пад яго кіраваньнем адбылося скарачэньне вайсковых структураў і раззбраеньне арміі. Пры ім Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай.
Нябачныя людзі. Як валянтэры дапамагаюць дамам-інтэрнатам, дзе жыхары і пэрсанал заблякаваныя эпідэміяй каранавірусу
Тысячы дарослых і дзяцей, якія стала жывуць у беларускіх дамах-інтэрнатах, каранавірус трымае пад пастаяннай рызыкай захворваньня. І без таго закрытыя ў чатырох сьценах, цяпер яны пазбаўленыя самых простых радасьцяў — прагулак, размоваў з наведнікамі і нават прагляду тэлевізара. Валянтэры кажуць, што пэрсаналу часта не хапае элемэнтарных сродкаў засьцярогі.
«Можа, усё гэта — нейкі заклік зь неба, каб людзі аб’ядналіся і сталі дабрэйшыя?» — кажа пра пандэмію каранавірусу насельнік дома-інтэрната з Браслава Вадзім Пархоменка. Свабода пагутарыла з валянтэрамі, якія дапамагаюць дамам-інтэрнатам. Чытайце па спасылцы.
«Гэтыя дзеяньні беспадстаўныя». Расейскі «Первый канал» пацьвердзіў высылку журналістаў зь Беларусі
Расейская тэлекампанія «Первый канал» лічыць беспадстаўнымі дзеяньні беларускіх уладаў, якія пазбавілі акрэдытацыі здымачную групу тэлеканалу.
«Пацьвярджаем высылку нашага карэспандэнта і пазбаўленьне акрэдытацыі ўсёй здымачнай групы. Лічым, што гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў абсалютна беспадстаўныя», — паведамілі ў прэс-службе каналу.
«Камісія акрэдытацыі замежных журналістаў МЗС прыняла адпаведнае рашэньне 6 траўня», — паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра «двух супрацоўнікаў карпункту». Прычыну пазбаўленьня акрэдытацыі ў МЗС не называюць.
Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне адказала матэрыялам пад назвай «Сем фэйкаў ў адным сюжэце Фэдэральнага каналу Расеі», дзе заявіла, што прычынай стаў сюжэт пра сытуацыю з эпідэміяй каранавірусу ў краіне, які зьмяшчае «фэйкавую інфармацыю».
У Польшчы заявілі аб пераносе прэзыдэнцкіх выбараў 10 траўня праз COVID-10
Польскія партыі «Права і справядлівасьць» (PiS) і «Паразуменьне» выступілі 6 траўня з супольнай заявай аб прэзыдэнцкіх выбарах: праз пандэмію каранавірусу яны не адбудуцца 10 траўня.
Кансэрватары PiS маюць 235 крэслаў з 460 у ніжняй палаце і 48 са 100 у верхняй. «Паразуменьне» не прадстаўлена ў парлямэнце. Дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда цяпер фармальна беспартыйны, але балятаваўся ад PiS — партыя яго па-ранейшаму падтрымлівае.
Апазыцыя раней патрабавала пераносу выбараў і адмовілася ад удзелу ў прапанаваных PiS выбарах па пошце. Ды цяпер PiS працягвае настойваць на выбарах праз пошту.
Пасьля 10 траўня, мяркуюць PiS і «Паразуменьне», Вярхоўны суд скасуе выбары 10 траўня празь немагчымасьць іх правядзеньня, а маршалак Сойму (сьпікер ніжняй палаты парлямэнту) абвесьціць новыя выбары як мага хутчэй.
Лічбы на раніцу 7 траўня
- У сьвеце зафіксавалі каля 3,82 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 1,26 млн у ЗША, 253,5 тысячы ў Гішпаніі, 215,5 тысячы ў Італіі, 201 тысяча ў Вялікай Брытаніі, 174 тысячы ў Францыі, 168 тысяч у Нямеччыне, 166 тысяч у Расеі, звыш 131,5 тысячы ў Турэччыне, 126,5 тысячы ў Бразыліі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 265 094 чалавек. Зь іх 74 807 у ЗША, 30 076 у Вялікай Брытаніі, 29 684 у Італіі, 25 857 у Гішпаніі, 25 809 у Францыі.
- Выпісалі звыш 1,3 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,25 млн, зь іх каля 48 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
У Гомлі памерла 21-гадовая навучэнка каледжу. Неафіцыйна — ад каранавірусу
У Гомлі памерла 21-гадовая навучэнка мэдыцынскага каледжу. Родам яна з Туркмэністану. Адміністрацыя каледжу адмаўляецца ад камэнтараў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сьмерць дзяўчыны пацьвердзілі Свабодзе навучэнцы каледжу на ўмовах ананімнасьці.
«Яна жыла ў інтэрнаце. На заняткі не хадзіла з канца сакавіка — былі праблемы са здароўем. У яе была цукроўка і іншыя захворваньні. Яна езьдзіла па шпіталях, абсьледавалася. Можа, там і падхапіла каранавірус. У яе пагоршыўся стан, і яна трапіла ў рэанімацыю, была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У рэанімацыі і памерла», — кажа адна з навучэнак каледжу.
Пампэо: Кітай не прадухіліў сьмерці соцень тысяч, хаваючы праўду пра COVID-19
Кітай мог бы прадухіліць гібель соцень тысяч людзей па ўсім сьвеце, калі б больш празрыста інфармаваў пра пандэмію каранавірусу, заявіў 6 траўня дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. 3 траўня Пампэо казаў пра існаваньне «агромністых доказаў» таго, што новы каранавірус SARS-CoV-2 паходзіць зь лябараторыі ў кітайскім Ухані.
Масква закупіла сотні тысяч недакладных тэстаў на каранавірус
Маскоўскія ўлады закупілі сотні тысяч экспрэс-тэстаў на антыцелы да каранавірусу, паведаміўшы, што яны з Галяндыі. Аднак на самой справе тэсты былі кітайскай вытворчасьці, а іх дакладнасьць — далёкая ад заяўленай. Гэта сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, падрыхтаваным некалькімі СМІ, у ліку якіх — расейскае выданьне «Важные истории», італьянскае IRPIMedia, галяндзкае Investico. Цалкам чытайце тут.