У Латвіі паслабляюць карантын: дазволілі зьбірацца па 25 чалавек, адкрываюць музэі, кіно і канцэртныя залі
Рэжым надзвычайнага становішча ў Латвіі будзе дзейнічаць прынамсі да 9 чэрвеня, але ад 12 траўня ўведзены шэраг паслабленьняў. Як піша Delfi, дазволеныя публічныя і прыватныя сходы і імпрэзы з удзелам да 25 чалавек (але максымум на тры гадзіны, калі ў памяшканьні, і пры выкананьні дыстанцыі ў 2 мэтры між людзьмі). У лік такіх сходаў уваходзяць мітынгі, пікеты, шэсьці і рэлігійныя дзеяньні.
Гандлёвым цэнтрам у Латвіі зараз дазволяць працаваць у тым ліку па выходных і сьвятах, але з аўдыёпапярэджаньнямі аб захаваньні дыстанцыі раз на 15 хвілінаў. Паступова маюць аднавіць працу музэі, кінатэатры, канцэртныя залі.
Без выкананьня дыстанцыі ў 2 мэтры ў грамадзкіх месцах па-ранейшаму можна зьбірацца ня больш як двум людзям або людзям з адной хатняй гаспадаркі (або бацькам і непаўналетнім дзецям, нават калі яны не жывуць разам). У грамадзкім транспарце маскі абавязковыя.
Сотні курсантаў заразіліся на рэпэтыцыях параду ў Маскве
Сотні ўдзельнікаў рэпэтыцый параду ў гонар 75-годзьдзя Перамогі ў Маскве, у тым ліку непаўналетнія курсанты вайсковых вучэльняў, заразіліся каранавірусам, сьцьвярджае выданьне «Проект» са спасылкай на курсантаў і іхных сваякоў, інфармацыю часткова пацьвярджаюць і ў саміх вучэльнях.
Традыцыйны парад, які плянавалася правесьці на Краснай плошчы 9 траўня, не адбыўся. Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у сярэдзіне красавіка перанёс яго праз пандэмію каранавіруснай інфэкцыі. Аднак да адмены параду прайшло некалькі яго рэпэтыцый, на якія прыяжджалі тысячы вайскоўцаў і курсантаў з розных гарадоў Расеі.
9 траўня замест параду на Краснай плошчы ў Маскве прайшоў агляд Крамлёўскага палка, на якім прысутнічаў Уладзімір Пуцін. 9 траўня парад з удзелам тысяч вайскоўцаў і гасьцей прайшоў у Менску. Аляксандар Лукашэнка, які адмовіўся ўвесьці ў краіне карантын, заявіў, што ня мог зрабіць інакш, бо парад — гэта даніна памяці загінулым савецкім салдатам і ахвярам вайны.
Хакеіст Мялешка з каманды Лукашэнкі выпісаўся са шпіталя пасьля каранавірусу
Надзея Мялешка, жонка хакеіста Дзьмітрыя Мялешкі каманды Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла 11 траўня ў Instagram, што ейны муж перамог каранавірус і ўзьяднаўся зь сям’ёй.
Станоўчы тэст на каранавірус у Дзьмітрыя Мялешкі пацьвердзіла 21 красавіка прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант. Пасьля таго, як стала вядома пра хваробу Мялешкі, іншыя гульцы хакейнай каманды Лукашэнкі здалі тэст на COVID-19. У канцы красавіка правяралася і сям’я хворага — тэсты не паказалі наяўнасьці вірусу.
Пры тым сам Аляксандар Лукашэнка, сьцьвярджае ягоная прэс-сакратарка, не сыходзіў на самаізаляцыю і не здаваў тэст на COVID-19.
Чым жывуць мэдыкі, якія ратуюць беларусаў ад каранавірусу
Валер цяпер жыве ў гатэлі, каб не цягаць брудную пасьля працы ў шпіталі вопратку дахаты. Ганна хацела была даглядаць сабаку адзінокай жанчыны, якую яна шпіталізавала. Дар’я перад сном успамінае аналізы сваіх пацыентаў. У спэцпраекце «На перадавой» беларускія мэдыкі расказваюць Свабодзе, як пандэмія каранавірусу зьмяніла іхнае жыцьцё.
Лічбы на раніцу 12 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 4,25 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 1,38 млн у ЗША, 268 тысяч у Гішпаніі, 223 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 221 тысяча ў Расеі, амаль 220 тысяч у Італіі, каля 177,5 тысячы ў Францыі, 172,5 тысячы ў Нямеччыне, 169,5 тысячы ў Бразыліі, звыш 139,5 тысячы ў Турэччыне, 109 тысяч у Іране.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 287 336 чалавек. Зь іх 81 795 у ЗША, 32 065 у Вялікай Брытаніі, 30 739 у Італіі, 26 744 у Гішпаніі, 26 643 у Францыі.
- Выпісалі звыш 1,52 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,44 млн, зь іх 47 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
Купалаўскі тэатар абяцае хутка вярнуцца
Беларускі Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы «перайшоў у онлайн» — яшчэ ў красавіку тэатар адмяніў продаж квіткоў на спэктаклі і ладзіў паказы толькі на Youtube. Дата аднаўленьня спэктакляў у «офлайне» пакуль невядомая, але вядома, што ўсе спэктаклі адмяняюцца прынамсі да 17 траўня, некаторыя і ў пазьнейшыя даты.
Кітайскія экспрэс-тэсты на антыцелы да SARS-CoV-2 ужо дастаўляюць у абласныя лякарні Беларусі
Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусь даставілі 100 тысяч экспрэс-тэстаў, якія дазволяць выявіць COVID-19 на позьніх этапах, а таксама высьветліць, ці чалавек ужо перахварэў (для выяўленьня хваробы на раньніх этапах гэты тып тэстаў не падыходзіць). Тэсты набылі на грошы з дабрачыннага рахунку міністэрства.
Першыя партыі ўжо даставілі ў Берасьцейскую, Гомельскую і Менскую вобласьці. 20 тысяч тэстаў даставяць у Менск, па 11 тысяч у Віцебскую і Берасьцейскую вобласьці, па 10 тысяч — у Гомельскую, Горадзенскую і Магілёўскую вобласьці, яшчэ 10 тысяч дадуць іншым установам сыстэмы Міністэрства здароўя.
На наступным тыдні экспрэс-тэсты абяцаюць прапанаваць ахвочым на платнай аснове, пакуль жа тэсты дастаўляюць толькі ва ўстановы аховы здароўя.
Беларускія «Зялёныя» таксама адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах праз каранавірус
Беларуская партыя «Зялёныя» 11 траўня заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. «Зялёныя» лічаць, што дата выбараў зрушыла першую частку выбарчай кампаніі на пік пандэміі каранавірусу, а таксама «стварыла няроўныя ўмовы для кандыдатаў».
Партыя заяўляе, што «ўлады самаўхіліліся ад вырашэньня гэтай праблемы, не прапанаваўшы бясьпечны для чальцоў камандаў кандыдатаў і выбарнікаў спосаб кантакту падчас кампаніі».
Раней падобныя заявы рабілі партыі БНФ і «Справядлівы сьвет».
«Белавія» адмяніла рэйсы ў Палангу, Жэнэву, Ніцу, Варонеж, Казань і Ніжні Ноўгарад
- 11 траўня авіякампанія «Белавія» паведаміла пра адмену рэйсаў зь Менску ў Палангу да 24 кастрычніка 2020 году.
- 10 траўня стала вядома, што з 10 траўня «Белавія» адмяняе рэйсы ў Ніцу, а з 18 траўня — у Жэнэву (да 24 кастрычніка 2020 году).
- 9 траўня «Белавія» адмяніла рэйсы зь Менску ў Воронеж, Казань і Ніжні Ноўгарад (таксама да 24 кастрычніка).
Палескі драматычны тэатар сышоў у адпачынак
Ад 11 траўня ў Пінску не працуюць Палескі драматычны тэатар і гарадзкі кінатэатар «Перамога». З прычыны складанай санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыі яшчэ ў красавіку тэатар адмяніў спэктаклі, а цяпер трупа сышла ў адпачынак. Кінатэатар закрылі на рамонт, піша «Радыё Рацыя».
Афіцыйная статыстыка: шосты дзень запар больш як па 900 новых хворых на COVID-19 у Беларусі
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 11 траўня ў Беларусі:
- агулам 23 906 чалавек было са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 135 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 6531 пацыент паправіўся і выпісаны пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 933 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 125 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 274 060 тэстаў (плюс 10 517 за дзень), цяпер тэсты робяць у 38 лябараторыях;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Брытанцам ад серады дазволяць гуляць і займацца спортам у парках
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан абвясьціў пра частковае паслабленьне карантынных захадаў, уведзеных у канцы сакавіка з прычыны пандэміі каранавірусу.
Напярэдадні вечарам у звароце да нацыі Джонсан паведаміў, што з панядзелка людзям, якія ня могуць працаваць з дому, будзе дазволена хадзіць на працу. Аднак, па магчымасьці, ня варта карыстацца грамадзкім транспартам.
Зь серады цалкам здымаюцца абмежаваньні на прагулкі і заняткі спортам на сьвежым паветры пры захаваньні дыстанцыі. Адначасова для парушальнікаў сацыяльнага дыстанцыяваньня ўводзяцца павышаныя штрафы — іх сума можа дасягаць больш за 3 тысячы фунтаў.
Паводле Джонсана, цяпер замест закліку «заставайцеся дома» ўводзіцца новы лёзунг: «Захоўвайце пільнасьць». Гаварыць аб зьняцьці карантынных захадаў або аб сур’ёзным паслабленьні абмежаваньняў пакуль рана, лічыць брытанскі прэм’ер. Крамы і школы змогуць адкрыцца не раней за 1 чэрвеня, а пабы, рэстараны і гатэлі — не раней за ліпень, адзначыў ён.
Украіна ад 11 траўня паслабляе карантын. Але межы застаюцца закрытымі
Што стане даступным:
- Паркі, сквэры, зоны адпачынку.
- Дзіцячыя і спартовыя пляцоўкі.
- Рэстараны і кавярні змогуць адкрыць летнія тэрасы, але большасьць аб’ектаў грамадзкага харчаваньня будуць працаваць толькі на вынас ежы.
- Гандаль нехарчовымі таварамі ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах.
- Музэі.
- Стаматалёгія.
- Салёны прыгажосьці і цырульні.
- Установы бытавога абслугоўваньня.
- Адновяць сваю дзейнасьць адвакаты, натарыюсы, аўдытары, псыхолягі.
- У тэатрах і іншых мастацкіх установах да 50 асобаў дазволена праводзіць відэаздымкі рэпэтыцый ды канцэртаў.
Што застанецца пад забаронай:
- Фудкорты і зоны адпачынку ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах.
- Кінатэатры і тэатры.
- Грамадзкі транспарт (ім могуць скарыстацца толькі па спэцпропусках супрацоўнікі прадпрыемстваў крытычнай інфраструктры).
- Унутраны, чыгуначны і авіяцыйны транспарт.
- Спортзалі ды фітнэс-цэнтры.
- Унівэрсытэты, школы, дзіцячыя садкі.
- Правядзеньне масавых акцый.
- Перамяшчэньне групамі больш за 2 асобы.
- Знаходжаньне ў грамадзкіх месцах бяз маскі і дакумэнтаў.
- Самавольнае пакіданьне месцаў самаізаляцыі і абсэрвацыі.
- Знаходжаньне на вуліцы дзяцей да 14 гадоў без суправаджэньня дарослых.
Межы Ўкраіны застаюцца закрытымі для іншаземцаў — іх адкрыцьцё будзе адбывацца паступова, адначасова з аналягічнымі рашэньнямі эўрапейскіх краін.
Рэктар Жыровіцкай сэмінарыі выпісаўся зь лякарні пасьля пнэўманіі з падазрэньнем на каранавірус
Дваццаць дзён таму 63-гадовага архіяпіскапа Наваградзкага і Слонімскага Гурыя, рэктара Жыровіцкай сэмінарыі (сьвецкае імя — Мікалай Апалька) шпіталізавалі з пнэўманіяй і падазрэньнем на каранавірус. 10 траўня Наваградзкая эпархія паведаміла, што Гурый прычасьціўся на нядзельнай літургіі.
«Яго Высокапраасьвяшчэнства знаходзіцца пакуль на рэабілітацыі, за ўсіх моліцца і, дасьць Бог, у недалёкім часе вернецца ў Сьвята-Ўсьпенскі Жыровіцкі манастыр, намесьнікам якога зьяўляецца, — піша эпархія. — Насельнікі манастыра, студэнты Менскай духоўнай сэмінарыі, паства зь нецярпеньнем чакаюць свайго архіпастыра».
Сам Гурый 10 траўня апублікаваў відэазварот да паствы — падзякаваў усім, хто за яго маліўся.
Ні з паведамленьня эпархіі, ні са звароту Гурыя невядома, ці пацьвердзілі ў яго COVID-19, або пнэўманія ўзьнікла зь іншай прычыны.
Пасьля Гурыя ў Жыровічах шпіталізавалі як «кантактаў 1-га ўзроўню» 41 чалавека, зь іх 23 — сэмінарысты. Сама меней у чатырох сэмінарыстаў пацьвердзілі каранавірус. Пра іхны стан таксама не паведамляецца.
21 красавіка стала вядома, што ў Жыровіцкім манастыры і ў доме паломнікаў да 10 траўня прыпынілі прыём наведнікаў. Прычына — эпідэміялягічная сытуацыя ў сьвеце. Ці аднавілі прыём наведнікаў 11 траўня, не паведамлялася.
«Пакуль не змаглі выехаць». Што адбываецца зь дзецьмі, якім зьбіралі грошы на лячэньне за мяжой, а межы закрытыя?
Ці ня сталі беларусы больш чэрствымі да чужой бяды? Свабода паразмаўляла з кіраўнікамі дабрачынных фондаў, якія цяпер ня могуць накіраваць дзяцей за мяжу. Але працягваюць працаваць.
«Межы закрытыя, замежныя клінікі цяпер не прымаюць пацыентаў. Таму дамаўляемся на пазьнейшы пэрыяд. Мы знаходзімся ў рэжыме чаканьня», — кажуць у адной з дабрачынных арганізацыяў UNIHELP.
Вакаліст Gods Tower: Чакалі вулічнага зомбі-апакаліпсісу, а апынуліся пад хатнім арыштам
«Улада — гэта калі нехта вырашае і бярэ на сябе адказнасьць. А нашыя што зрабілі? Толькі ўсё сапсавалі! Таму ў нас ня ўлада, а безуладзьдзе».
Лідэр гурту Gods Tower расказаў, чым лагодзіць самаізаляцыю ў краіне, дзе няма карантыну. Стаў мотааматарам, слухае лекцыі па антрапалёгіі. Музыка праз чат, уласныя праекты на паўзе.
Партыі БНФ і «Справядлівы сьвет» адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах праз каранавірус
Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня, сьпісы ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня.
Партыя БНФ выдала заяву сойму па выніках інтэрнэт-паседжаньня 10 траўня: «Уцягваць людзей у выбарчае махлярства падчас пандэміі — двайное злачынства». Падобную заяву 10 траўня выдала партыя «Справядлівы сьвет»: правядзеньне выбараў ва ўмовах пандэміі «безадказнае і злачыннае».
Але шэраг палітыкаў зьбіраецца на выбары: Сяргей Чэрачань з БСДГ, Алег Гайдукевіч з ЛДПБ, Андрэй Дзьмітрыеў з «Гавары праўду» і іншыя. Мікола Статкевіч і ўдзельнікі праймэрыз зьбіраюцца выкарыстаць выбары для пратэсту.
Канскі кінафэстываль адмянілі праз пандэмію COVID-19
У Францыі абвясьцілі пра скасаваньне правядзеньня Канскага кінафэстывалю ў намечаныя раней тэрміны. Чакалася, што 73-й Канскі кінафэстываль пачнецца на Блакітным беразе 12 траўня. Затым, у сувязі з пандэміяй каранавірусу тэрміны былі ссунутыя на чэрвень.
У нядзелю, 10 траўня, арганізатары фэстывалю заявілі, што ён адмяняецца, «але не сыходзіць». У якім выглядзе захаваецца фэстывальная праграма, яго конкурсныя і пазаконкурсныя падзеі, застаецца пакуль незразумелым.
Аптымісты гавораць аб магчымым правядзеньні фэстывалю ў кастрычніку. Пэсымісты лічаць, што наступны фэстываль, магчыма, будзе праведзены ў 2021 годзе.
Лічбы на раніцу 11 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 4,18 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 1,36 млн у ЗША, каля 264,5 тысячы ў Гішпаніі, па 219 тысяч у Італіі і Вялікай Брытаніі, 209,5 тысячы ў Расеі, 177 тысяч у Францыі, каля 172 тысяч у Нямеччыне, звыш 152,5 тысячы ў Бразыліі, звыш 138,5 тысяч у Турэччыне, звыш 107,5 тысячы ў Іране.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 283 868 чалавек. Зь іх 80 787 у ЗША, 31 855 у Вялікай Брытаніі, 30 560 у Італіі, 26 621 у Гішпаніі, 26 380 у Францыі.
- Выпісалі звыш 1,49 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,4 млн, зь іх звыш 47 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
У Нямеччыне ўсьлед за паслабленьнем абмежаваньняў — рост колькасьці заражэньняў
У Нямеччыне адзначана павелічэньне колькасьці інфікаваных, сьведчыць афіцыйная статыстыка. Рост рэгіструецца празь некалькі дзён пасьля першых крокаў нямецкіх уладаў у бок паслабленьня абмежавальных мер, адзначае Бі-бі-сі.
Паводле дадзеных інстытута Робэрта Коха, індэкс рэпрадукцыі каранавіруса ў Нямеччыне ў цяперашні час знаходзіцца вышэй «адзінкі». Гэта азначае, што ў краіне адбываецца рост колькасьці інфікаваных.
Публікацыя гэтых зьвестак супала ў Нямеччыне з масавымі акцыямі пратэсту, удзельнікі якіх у суботу ў некалькіх гарадах краіны сталі сотні і тысячы чалавек.