Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:28 13.5.2020

У Гішпаніі 113-гадовая жанчына ачуняла ад каранавірусу

113-гадовая жанчына, якая лічыцца самай старой у Гішпаніі, пераадолела каранавірусную інфэкцыю COVID-19, паведамляе AFP са спасылкай на дом састарэлых, дзе жанчына жыве. Марыя Браняс, якая нарадзілася ў ЗША, захварэла ў красавіку ва ўсходнім гішпанскім горадзе Алот, дзе жыла апошнія 20 гадоў.

Цяпер жанчына адчувае сябе добра, паўторны тэст на каранавірус быў адмоўным. Марыя Браняс лячылася ў сваім пакоі пад наглядам супрацоўніка дома састарэлых, у яе былі ўмераныя сымптомы. На пытаньне, як ёй удалося паправіцца, жанчына адказала, што ёй пашанцавала з «добрым здароўем».

10:35 13.5.2020

У ЗША адмовіліся ад выкарыстаньня расейскіх апаратаў ШВЛ

Улады амэрыканскіх штатаў вяртаюць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх «Авента-М», прывезеныя з Расеі. Апараты не выкарыстоўваліся ў бальніцах, а захоўваліся на складах, паведамілі ў Фэдэральным агенцтве ЗША па ўрэгуляваньні надзвычайных сытуацый (FEMA).

За апошнія дні ў Расеі двойчы адбываліся пажары ў шпіталях Масквы і Санкт-Пецярбурга, у выніку якіх загінулі шэсьць пацыентаў з COVID-19. Па папярэдніх дадзеных, прычынай пажараў стала кароткае замыканьне ў апаратах «Авента-М».​

Мяркуючы па заяўках на дзяржаўныя закупкі, у Беларусі цяпер выкарыстоўваюцца самыя розныя мадэлі апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — вытворчасьці і Беларусі, і Расеі, і іншых краінаў. У тым ліку цяпер выкарыстоўваюцца і апараты «Авента-М» — прынамсі для менскай лякарні хуткай дапамогі ў сакавіку закупалі дэталі для такіх. Ці пераважае нейкая краіна ў пастаўках апаратаў ШВЛ у Беларусь, з заявак на абслугоўваньне апаратаў ня бачна.

10:30 13.5.2020

Лукашэнка заявіў, што пасьля параду ў Менску «зьніжэньне пнэўманіяў удвая». Ці так гэта?

Лукашэнка згадаў «нэгатыўныя прагнозы наконт параду» (такія давалі беларускія і расейскія палітыкі, праваабаронцы, мэдыкі, у тым ліку афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі). Але заявіў, што горш ня стала:

«Абсалютна быў перакананы, што людзі знаходзяцца на паветры, гэта ня горш, чым яны там недзе будуць зачыненыя, — сказаў Лукашэнка. — Гэта вайсковыя людзі людзі былі вельмі шмат, перахварэлыя і гэтак далей. Але ўсё-ткі ў душы, у сэрцы неяк насьцярожанасьць была. Ну і што мы атрымалі? У Менску значнае — учора ў два разы — зьніжэньне пнэўманіяў. У два разы! І я ўчора перахрысьціўся: дай Бог, каб мы і далей так па пнэўманіям прайшлі».

Адзін зь лекараў выказаў Свабодзе такую здагадку: Лукашэнку маглі даць няпоўную статыстыку па асобных днях па адным зь відаў пнэўманіяў — напрыклад, выключыць са статыстыкі вірусную пнэўманію. Зьніжэньне захворвальнасьці па ўсіх пнэўманіях ён лічыць сумнеўным.

Чаму словы Лукашэнкі могуць выклікаць сумневы >>

10:27 13.5.2020

Ілан Маск адкрыў завод Tesla ў Каліфорніі, парушыўшы карантын мясцовых уладаў

Генэральны дырэктар кампаніі Tesla Ілона Маск ігнаруе распараджэньня ўладаў Каліфорніі, закліканыя спыніць пашырэньне каранавірусу, заручыўшыся падтрымкай прэзыдэнта Дональда Трампа.

Каліфарнійскі завод Tesla адкрыўся ў панядзелак, нягледзячы на тое, што ўлады штату могуць арыштаваць Маска за непадпарадкаваньне ўказу аб спыненьні дзейнасьці ў сувязі з пагрозай распаўсюду каранавірусу.

10:25 13.5.2020

«Выпісваюць з пнэўманіяй пасьля двух адмоўных тэстаў на каранавірус» — унікальны дзёньнік пра 33 дні змаганьня з COVID-19

33-гадовы мянчук Ільля Вайстраценка 33 дні хварэў на каранавірусную інфэкцыю — больш за тыдзень дома, 25 дзён у шпіталях. Некалькі дзён таму яго выпісалі — з адмоўным тэстам на каранавірус, але ўсё яшчэ з двухбаковым запаленьнем лёгкіх.

Ільля вёў дзёньнік і дэталёва дакумэнтаваў усе, што зь ім адбывалася падчас хваробы з 5 красавіка да 8 траўня — дома, у 2 і 3 шпіталях Менску, у Рэспубліканскім шпіталі мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне. Са Свабодай ён падзяліўся сваім досьведам змаганьня з каранавірусам. Ільля заклікае COVID-дысыдэнтаў ставіцца да гэтай пагрозы сурʼёзна і дзякуе дактарам за гераічную працу на «каранавірусным канвэеры».

Чытаць далей >>

08:12 13.5.2020

Лічбы на раніцу 12 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 4,34 мільёна выпадкаў COVID-19: амаль 1,41 млн у ЗША, 269,5 тысячы ў Гішпаніі, 232 тысячы ў Расеі, 226 тысяч у Вялікай Брытаніі, амаль 221 тысяча ў Італіі, 178 тысяч у Францыі, 178 тысяч у Бразыліі, 173 тысячы ў Нямеччыне, 141,5 тысячы ў Турэччыне, звыш 110,5 тысячы ў Іране.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызналі сьмерці 292 893​ чалавек. Зь іх 83 425 у ЗША, 32 692 у Вялікай Брытаніі, 30 911 у Італіі, 26 991 у Францыі, 26 920 у Гішпаніі.
  • Выпісалі 1,6 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,44 млн, зь іх 46,3 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
21:04 12.5.2020

«Сказалі піць ангрымакс і адправілі дахаты». Жыхар Гомля памёр ад каранавірусу

11 траўня ў рэанімацыі першага гарадзкога шпіталя Гомля памёр 56-гадовы Анатоль. Ён адчуваў сябе кепска ад 21 красавіка. «З паліклінікі адправілі дахаты, сказалі піць ангрымакс. Выклікалі хуткую — тыя абураліся», — кажа яго грамадзянская жонка Алена.

21:02 12.5.2020

Усебеларускі Кангрэс за незалежнасьць зноў перанесьлі з прычыны каранавірусу

Прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, рухаў і грамадзянскіх ініцыятываў, якія арганізуюць Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць, 12 траўня заявілі пра перанос мерапрыемства «на больш позьні тэрмін». Кангрэс пераносіцца ўжо другі раз, новая дата пакуль не называецца.​ Першапачаткова кангрэс плянавалі правесьці 15 сакавіка, але 13 сакавіка збор перанесьлі на 19 траўня.​

20:38 12.5.2020

У блогера Кабанава выявілі каранавірус, яго калега Пятрухін з ізалятара таксама трапіў у шпіталь

Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін цяпер знаходзяцца ў Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой бальніцы.

Аляксандар Кабанаў трапіў туды 9 траўня пасьля таго, як сам выклікаў хуткую дапамогу, бо дрэнна сябе адчуваў. Сяргей Пятрухін трапіў пасьля суда 11 траўня ў Берасьці, па выніках якога судзьдзя Дзьмітры Куроўскі прысудзіў Пятрухіну 15 сутак арышту, паведамляе БАЖ.

20:36 12.5.2020

Авіярэйсы пасьля пандэміі: чатыры гадзіны ў аэрапорце, онлайн-рэгістрацыя, дэзынфэкцыя, пасьведчаньне аб імунітэце?

Наколькі могуць зьмяніцца правілы пасажырскіх пералётаў, калі пандэмія каранавірусу пойдзе на спад і аэрапорты зноў адкрыюцца для камэрцыйнага авіяруху? Выданьне Forbes паспрабавала спрагназаваць асноўныя зьмены, якія чакаюць пасажыраў авіяліній у «посткаранавірусны» час.

Паводле экспэртнай ацэнкі, увесь працэс рэгістрацыі пасажыраў на лётнішчы можа заняць да чатырох гадзін, з увагі на захады сацыяльнага дыстанцыяваньня, дэзынфэкцыі пасажыраў і багажу, даўжэйшыя і павальнейшыя чэргі ды даўжэйшае чаканьне пасадкі.

Паводле Forbes, новыя стандарты і правілы бясьпекі пасажырскіх авіяпералётаў могуць уключаць у сябе забарону забіраць ручны багаж на борт самалёта, абавязак насіць маскі і пальчаткі падчас палёту, самастойную рэгістрацыю на рэйс для ўсіх пасажыраў, пасьведчаньне аб імунізацыі ад каранавірусу (пасьведчаньне аб вакцынацыі — пасьля таго як будзе створана вакцына), тэставаньне крыві на лётнішчы і дэзынфэкцыйныя тунэлі для багажу. Цалкам чытайце тут.

20:33 12.5.2020

Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя патэлефанаваў Лукашэнку

Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус 12 траўня паразмаўляў па тэлефоне з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік WHO прасіў расказаць аб абстаноўцы ў Беларусі і пацікавіўся, якая падтрымка патрэбная краіне ад яго арганізацыі. Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.

19:33 12.5.2020

Лёндан да кастрычніка будзе плаціць па 2,5 тысячы фунтаў адпраўленым у адпачынкі праз COVID-19

Вялікабрытанія падоўжыць да кастрычніка меры падтрымкі людзей, вымушана адпраўленых у водпуску ў сувязі з эпідэміяй COVID-19, паведаміў у аўторак канцлер брытанскага казначэйства Рышы Сунак.

Паводле яго слоў, людзі, вымушана адпраўленыя ў адпачынкі, працягнуць атрымліваць 80% заработнай платы да 2,5 тыс. фунтаў стэрлінгаў.

У той жа час Сунак адзначыў, што ўрад зьвернецца да кампаніям з заклікам падзяліць выдаткі на рэалізацыю гэтых мер са жніўня.

Па дадзеных BBC, цяпер ад гэтых мер залежыць дабрабыт прыкладна 7,5 млн чалавек, а іх рэалізацыя абыходзіцца брытанскім уладам у 14 млрд фунтаў стэрлінгаў штомесяц.

19:15 12.5.2020

«2 месяцы былі ў самаізаляцыі». Бабруйскіх гімназістаў прымушаюць прыйсьці на заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы

У рэдакцыю Свабоды зьвярнуліся вучні бабруйскай гімназіі № 3. Паводле іх, яны ўжо два месяцы навучаюцца дыстанцыйна, няшмат дзяцей вучацца офлайн. Але з 11 траўня вучняў прымусілі пайсьці ў школу на заняткі па мэдычнай і дапрызыўнай падрыхтоўцы — пад пагрозай неатэстацыі за год па ўсіх прадметах.

«І гэта чамусьці ніяк нельга зрабіць дыстанцыйна, абавязкова павінны ўсе быць», — кажуць вучні. У іхнай гімназіі на заняткі па мэдычнай і дапрызыўнай падрыхтоўцы выдзяляецца адзін тыдзень. Вучні дадаюць, што «не для гэтага сядзелі 2 месяцы на самаізаляцыі, каб потым прыйсьці ў клясу, дзе будзе шмат людзей». Цалкам чытайце па спасылцы>>

17:36 12.5.2020

У красавіку на Віцебшчыне 5 тысяч чалавек перанесьлі вірусныя пнэўманіі

5 тысяч чалавек у красавіку перанесьлі вірусныя пнэўманіі, паведаміў газэце «Віцьбічы» начальнік галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі. Цяпер для іх арганізуюць 10-12-дзённую рэабілітацыю ў санаторыі «Чыгуначнік» (для тых, хто захоча, але ў санаторыі 219 ложкаў). Санаторый «Летцы», які ў пік эпідэміі задзейнічалі пад гэтыя мэты, цяпер вызвалілі ад далечваньня пнэўманій.

Паводле Вішнявецкага, 20% мэдработнікаў, якія былі інфікаваныя каранавірусам, выздаравелі, у тым ліку і ад пнэўманіі, і прыступілі да працы.

17:28 12.5.2020

У сувязі з каранавірусам колькасьць вакансій у Беларусі з пачатку 2020 году скарацілася на 14%

У Беларусі на фоне распаўсюджваньня каранавірусу скарачаецца колькасьць вакансій, паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч падчас нарады з Лукашэнкам. Паводле яе, цяпер на рынку працы «назіраюцца асобныя нэгатыўныя моманты», у тым ліку скарачаецца колькасьць вакансій. Стаў скарачацца попыт з боку працадаўцаў, а колькасьць людзей, якія сталі зьвяртацца ў службу занятасьці з просьбай дапамагчы знайсьці працу, павялічылася. Цалкам чытайце па спасылцы.

17:27 12.5.2020

Мінздароўя Беларусі паведаміла пра 7 памерлых ад каранавірусу за суткі. Гэта рэкорд

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 12 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Паводле міністэрства, на 12 траўня:

  • агулам 24873 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 142 памерлыя, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 6974 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 967 выпадкаў і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 443 чалавекі;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 284 445 тэстаў (плюс 10 385 за дзень), цяпер тэсты праводзяць у 38 лябараторыях, таксама ва ўсіх рэгіёнах наладзілі правядзеньне экспрэс-тэстаў на антыцелы да SARS-CoV-2 для выяўленьня тых, хто ўжо перахварэў.
17:25 12.5.2020

З прычыны пандэміі ў заходніх краінах зьніжаецца злачыннасьць. А што ў Беларусі?

У Нью-Ёрку злачыннасьць зьнізілася на 12% у сакавіку ў параўнаньні зь лютым, у Лос-Анджэлесе — на траціну.

Свабода паглядзела, што адбываецца са злачыннасьцю ў Беларусі на фоне пандэміі і ці вырасла ў нас колькасьць выпадкаў хатняга гвалту, як у іншых краінах сьвету пасьля ўвядзеньня карантыну. Чытайце па спасылцы>>

17:22 12.5.2020

Ва Ўхані правядуць масавыя тэсты на каранавірус

У Кітаі ўлады гораду Ўхань, адкуль у канцы мінулага году пачаў пашырацца новы каранавірус, які выклікае COVID-19, правядуць масавае тэставаньне ўсіх жыхароў, піша Reuters са спасылкай на дакумэнт гарадзкіх уладаў і свае крыніцы. Аналізы з выкарыстаньнем нуклеінавых кіслот будуць рабіць на працягу 10 дзён. Падрабязнасьці тут.

17:21 12.5.2020

«Усе адказваюць галавой». Лукашэнка сабраў урад і «ўзяў на кантроль» сытуацыю з каранавірусам

Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 12 траўня заявіў, што ў цяперашніх эпідэміялягічных умовах галоўнае не статыстыка колькасьці хворых, а ўратаваньне жыцьця людзей.

«Хачу катэгарычна папярэдзіць: галавой усе адказваюць за сьмяротнасьць насельніцтва. Усе гэтыя паказьнікі — ковідныя і нават пнэўманійныя — пройдуць, усё забудуць. А вось людзі, якія загінулі, якіх мы ня выратавалі, — гэта застанецца. Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і лекараў захаваньня жыцьця людзей. Я пра гэта ў храме нядаўна казаў, і я гэта бяру на сур’ёзны кантроль», — заявіў Лукашэнка. Усе заявы з нарады чытайце па спасылцы >>

17:19 12.5.2020

У Расеі працягваецца вялікі прырост заражэньняў каранавірусам

Па стане на раніцу 12 траўня ў Расеі зарэгістравалі 232 243 выпадкі хваробы, у тым ліку 10 899 выпадкаў за мінулыя суткі. Ад пачатку эпідэміі COVID-19 у Расеі памерлі 2116 чалавек, у тым ліку 107 чалавек за мінулыя суткі. Большы прырост інфікаваных за дзень быў толькі ў ЗША і Гішпаніі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG