Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:21 14.5.2020

Ва Ўкраіне ўпершыню колькасьць тых, хто пераадолеў COVID-19, перавысіла колькасьць інфікаваных

Міністар аховы здароўя Ўкраіны Максім Сьцяпанаў сьцьвярджае, што ўпершыню за ўвесь час карантыну ва Ўкраіне за мінулыя суткі колькасьць грамадзян, якія паправіліся ад COVID-19, перавысіла колькасьць тых, хто заразіўся.

«За мінулыя суткі захварэлі 422 асобы, у тым ліку 42 дзіцяці і 70 мэдыкаў. Шпіталізавалі 136 асобаў, зафіксавана 17 сьмерцяў. Сёньня маем рэкордную колькасьць тых, хто паправіўся — 427 асобаў. Упершыню за ўвесь час пашырэньня каранавірусу ва Ўкраіне колькасьць тых, хто адужаў, перавысіла колькасьць тых, хто захварэў», — паведаміў Максім Сьцяпанаў сёньня на брыфінгу.

09:03 14.5.2020

ЗША абвінавацілі кітайскіх хакераў у крадзяжы дасьледаваньняў у галіне COVID-19

Зьвязаныя з Кітаем хакеры ўзломваюць сеткі амэрыканскіх арганізацый, якія займаюцца дасьледаваньнямі COVID-19. Пра гэта ў сераду паведамілі прадстаўнікі Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР) і Міністэрства ўнутранай бясьпекі Злучаных Штатаў.

У сумеснай заяве абодвух ведамстваў гаворыцца, што ФБР расьсьледуе атакі, зробленыя зьвязанымі з Кітаем кібэрзлачынцамі на амэрыканскія арганізацыі, з мэтай «выяўленьня і незаконнага атрыманьня каштоўнай інтэлектуальнай уласнасьці», а таксама інфармацыі, якая тычыцца распрацоўкі вакцын, лячэньня і тэставаньня COVID-19.

Пасольства КНР у Вашынгтоне назвала абвінавачваньні «лжывымі», «бяздоказнымі» і заснаванымі на «прэзумпцыі вінаватасьці». У кітайскай дыпляматычнай місіі лічаць, што выстаўленыя абвінавачаньні «шкодзяць міжнароднаму супрацоўніцтву ў барацьбе з пандэміяй».

09:01 14.5.2020

Непаўналетніх нелегальных мігрантаў дэпартуюць з ЗША ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу

За красавік са Злучаных Штатаў выслалі 600 непаўналетніх мігрантаў. Маладыя мігранты і шукальнікі прыстанішча пераплываюць раку Рыа-Грандэ, якая падзяляе ЗША і Мэксыку, каб трапіць у Тэхас. Многія з гэтых падлеткаў пакінулі Цэнтральную Амэрыку самастойна; іншыя былі адпраўленыя бацькамі зь лягераў уцекачоў у Мэксыцы. Шмат каму зь іх няма і дзесяці гадоў. Аднак, згодна з паведамленьнем Міністэрства здароўя, у красавіку памежнікі перадалі ведамству толькі 58 непаўналетніх мігрантаў без суправаджэньня.

Чытаць далей >>

08:54 14.5.2020

БТ прызнала тое, чаго нібыта не было: успышку пнэўманій і каранавірусу ў Докшыцах

У Докшыцах у красавіку была зафіксаваная ўспышка захворваньняў на пнэўманію. Аднак улады катэгарычна адмаўлялі, што пнэўманіі зьвязаныя з COVID-19.

Цяпер дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» вуснамі докшыцкіх лекараў паведамляе, што колькасьць выпадкаў пнэўманіяў, у тым ліку выкліканых каранавірусам, «зьнізілася на 60%». Да якога пэрыяду адносіцца заява пра 60%, не ўдакладняецца.

13 траўня карэспандэнтка БТ паведаміла, што ў Докшыцах аддзяленьні, перапрафіляваныя пад лячэньне пацыентаў з COVID-19, вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. Лекары і сярэдні мэдпэрсанал ідуць у адпачынкі — пнэўманію і каранавірус у раёне перамаглі.

08:13 14.5.2020

Лічбы на раніцу 14 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 4,43 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,43 млн у ЗША, 271 тысячу ў Гішпаніі, звыш 242 тысяч у Расеі, амаль 230 тысяч у Вялікай Брытаніі, 222 тысячы ў Італіі, 190 тысяч у Бразыліі, 178 тысяч у Францыі, 174 тысячы ў Нямеччыне, 143 тысячы ў Турэччыне, звыш 112,5 тысячы ў Іране.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 298 174 чалавек. Зь іх 85 197 у ЗША, 33 186 у Вялікай Брытаніі, 31 106 у Італіі, 27 104 у Гішпаніі, 27 074 у Францыі.
  • Выпісалі 1,66 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,47 млн, зь іх 46 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
20:19 13.5.2020

«Прымае толькі адзін тэрапэўт». Колькі лекараў хварэе ў баранавіцкай паліклініцы?

У адміністрацыі баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 паведамілі пра «адзінкавыя выпадкі» заражэньня каранавірусам мэдработнікаў. Але паводле адной з супрацоўніц паліклінікі, там захварэлі ўсе лекары агульнай практыкі.

«Усе на бальнічным, памочнік лекара на бальнічным. Яны ўжо здалі па другім тэсьце на COVID-19, і ён станоўчы, — сказала супрацоўніца паліклінікі. — Цяпер тэрапэўтычнае аддзяленьне гарадзкой паліклінікі № 3 засталося абсалютна бязь лекараў. Станоўчы вынік тэсту на COVID-19 таксама ў загадчыцы аддзяленьня. Засталіся толькі мэдсёстры агульнай практыкі». Цалкам чытайце па спасылцы.

19:30 13.5.2020

У шпіталі застаюцца 10 сясьцёр. Як папраўляецца Сьвята-Елісавецінскі манастыр?

У лякарнях з дыягназам COVID-19 і віруснай пнэўманіяй знаходзяцца 10 сясьцёр Сьвята-Елісавецінскага манастыра, у большасьці стан здароўя значна паляпшаецца. 20 хворых насельніц застаюцца ў манастыры. З 60 сясьцёр, якія захварэлі на каранавірус, палова выздаравела. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы>>

19:28 13.5.2020

У горадзенскім аграрным унівэрсытэце каранавірус у студэнтаў і выкладчыкаў

Двое выкладчыкаў і трое студэнтаў у аграрным унівэрсытэце Горадні маюць дыягназ COVID-19. Вучэльня не пераходзіла на дыстанцыйную працу. Агулам, па словах прарэктара, апошнім часам на занятках з прычыны розных хваробаў адсутнічаюць ад 7 да 15 студэнтаў у дзень. Хворых у цяжкім стане сярод студэнтаў і выкладчыкаў з каранавірусам у вучэльні няма. Цалкам чытайце тут >>

18:16 13.5.2020

На Віцебшчыне каранавірусам заразіліся больш за 1500 мэдыкаў, на Гомельшчыне — больш за 500

«Да працы прыступілі 308 мэдыкаў, якія перанесьлі каранавірусную інфэкцыю», — паведаміў 13 траўня начальнік галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі. Учора ён казаў, што «20% мэдработнікаў, інфікаваныя каранавірусам, выздаравелі». Калі лічыць, што 20% — гэта тыя ж 308 работнікаў і лічба за апошнія суткі не зьмянілася, атрымліваецца, што на Віцебшчыне агулам заразіліся каранавірусам 1540 мэдыкаў.

У Гомельскай вобласьці тым часам каранавірусам COVID-19 заразіліся ўжо больш за 500 мэдыкаў, паведамляюць «Сильные новости» са спасылкай на некалькі незалежных крыніц. Падрабязнасьці тут.

18:13 13.5.2020

У Расеі — плюс 56% за палову траўня, у Беларусі — плюс 45%. Як распаўсюджваецца каранавірус у Беларусі і ў суседзяў. ІНФАГРАФІКА

Падрабязна чытайце па спасылцы.

18:12 13.5.2020

Навукоўцы спынілі выпрабаваньні рэмдэсівіру для лячэньня COVID-19 з этычных меркаваньняў

У ЗША спынілі клінічныя выпрабаваньні рэмдэсівіру — антывіруснага прэпарату, які да апошняга часу лічыўся найбольш пэрспэктыўным патэнцыйным лекам ад COVID-19. Чаму — чытайце тут >>

18:10 13.5.2020

Каранавірус у менскім Доме друку: больш за 20 захварэлі, супрацоўніца памерла

Гэтую інфармацыю крыніц з выдавецтва Свабодзе пацьвердзіў намесьнік гендырэктара Юрый Арыхоўскі. Паводле яго, усяго захварэлі «больш за 20 чалавек», але дакладнай лічбы намесьнік гендырэктара выдавецтва не назваў. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:09 13.5.2020

У Менску ў аграрна-тэхнічным унівэрсытэце знайшлі хворых на COVID-19. У якіх ВНУ яшчэ?

Рэктарат Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту пацьвердзіў Tut.by, што ў трох студэнтаў выявілі COVID-19. Яшчэ 16 чалавек з унівэрсытэту адносяцца да «кантактаў І узроўню» — 12 зь іх цяпер чакаюць вынікаў у «адмысловых блёках» інтэрнатаў.

Гэта не адзіны ўнівэрсытэт, навучэнцы якога заразіліся новым каранавірусам. Самы першы выпадак COVID-19 у Беларусі зафіксавалі ў БНТУ, затым вірус знайшлі ў студэнтаў БДУ, БДМУ, БДТУ і Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі (ВДАВМ).

Непацьверджаныя зьвесткі пра выяўленьне каранавірусу паступалі і ад студэнтаў іншых установаў, як то БДПУ ці БДЭУ. Навучэнцы Гомельскага мэдычнага каледжу сьцьвярджаюць, што там ад каранавірусу памерла 21-гадовая навучэнка.

18:06 13.5.2020

Суседзі Беларусі чарговым разам перанесьлі адкрыцьцё межаў

Праз пандэмію каранавірусу краіны — суседзі Беларусі чарговым разам працягнулі закрыцьцё межаў.

  • Украіна не ўпускае іншаземцаў як мінімум да 22 траўня. Такую забарону ўвялі 17 сакавіка і ўжо двойчы працягвалі.
  • Мяжа зь Літвой закрытая да 31 траўня. Пускаць іншаземцаў туды перасталі 16 сакавіка.
  • Латвія закрыла мяжу таксама 16 сакавіка, пакуль забарона дзейнічае да 9 чэрвеня.
  • Польшча, якая забараніла ўезд іншаземцаў раней за іншых (15 сакавіка), працягнула забарону да 12 чэрвеня.
  • Расейская мяжа закрытая да паляпшэньня эпідэміялягічнай сытуацыі.

Эўракамісія раіла краінам Шэнгенскай зоны (Латвія, Літва і Польшча ў яе ўваходзяць) не адкрываць межы да 15 чэрвеня.

18:05 13.5.2020

Міністэрства здароўя вызначыла, каму могуць скараціць, а каму падоўжыць самаізаляцыю

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўстанавіла парадак падаўжэньня і скарачэньня тэрмінаў знаходжаньня грамадзян на самаізаляцыі пастановай міністэрства № 49 ад 8 траўня 2020 году.

Каму падоўжаць тэрмін самаізаляцыі:

  • калі ў кантактнай асобы першага ўзроўню пацьвердзяць інфэкцыю COVID-19 пры паўторным лябараторным дасьледаваньні;
  • пры атрыманьні другога станоўчага тэсту на каранавірус;
  • калі кантакту першага ўзроўню ў апошні дзень пэрыяду самаізаляцыі не завяршылі мэдыцынскі агляд (напрыклад, не прыйшлі вынікі апошняга тэсту на каранавірус).

Каму могуць скараціць тэрмін самаізаляцыі:

  • калі чалавек прыехаў для аказаньня спэцыялізаванай, у тым ліку высокатэхналягічнай, мэдыцынскай дапамогі ў арганізацыях аховы здароўя;
  • пры хадайніцтве арганізацыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, у дачыненьні да замежных спэцыялістаў, якія прыехалі для выкананьня работ або аказаньня паслуг;
  • пры адмоўным тэсьце на COVID-19 пры ўмове, што ён зроблены не пазьней за 2 дні да даты перасячэньня мяжы.
18:04 13.5.2020

У Менску вызначылі гатэлі і інтэрнаты, куды заселяць бессымптомных хворых на COVID-19

Telegram-канал Nexta Live апублікаваў сьпіс гатэляў, якія Менгарвыканкам адвёў для пражываньня хворых на COVID-19 у бессымптомнай форме супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ня могуць самаізалявацца ў інтэрнатах. Гарадзкія ўлады пацьвердзілі сапраўднасьць дакумэнту Tut.by.

Сьпіс такі:

  • гатэль «Агат» (інстытут «Кадры індустрыі»);
  • гатэль «Алмаз» (ААТ «МАЗ»);
  • гатэль «Спорт» (ДУ «Белспортзабесьпячэньне»);
  • інтэрнат №4 ААТ «Інтэграл»;
  • інтэрнат РУП «Нацыянальны аэрапорт»;
  • санаторый «Лясная паляна» ў Мядзельскім раёне (УП «Спэцкамунаўтатранс»);
  • аздараўленчы цэнтар «Сьвітанак», філіял «Сацыяльны комплекс» у Менскім раёне (завод «Гарызонт»);
  • і іншыя ў Цэнтральным і Фрунзэнскім раёнах, якія могуць вызначыць пазьней.

Засяляць туды будуць інфікаваных жыхароў інтэрнатаў калідорнага тыпу, якім патрэбна самаізаляцыя; таксама могуць засяляць іншых выпісаных зь лякарняў зь лёгкімі сымптомамі і без сымптомаў.

17:59 13.5.2020

Беларуская чыгунка працягнула дзеяньне супрацьвірусных схемаў рассадкі

Беларуская чыгунка працягнула тэрмін дзеяньня новых схемаў рассадкі ў цягніках з нумараванымі месцамі да 15 чэрвеня ўключна.

Рассадку па новай схеме ўвялі на чыгунцы з 15 красавіка, каб пасажыры захоўвалі сацыяльную дыстанцыю. Паводле гэтай схемы, у купэйных вагонах разьмяшчаюцца ня больш як двое пасажыраў у купэ, у пляцкартных — ня больш як трое ў адным адсеку. Калі адначасова набываць некалькі квіткоў, дазваляецца продаж трох і чатырох месцаў у купэ, пры ўмове, што да гэтага ў купэ не прадалі ніводнага месца.

16:32 13.5.2020

Каранавірус ахапіў усю Беларусь. Прынамсі ў 100 са 118 раёнаў ёсьць пацьверджаныя выпадкі

У 100 са 118 раёнаў Беларусі ёсьць пацьверджаныя выпадкі каранавірусу. Гэта 85% усіх рэгіёнаў. Такую інфармацыю сабрала Свабода з адкрытых крыніц. Чытайце па спасылцы.

16:30 13.5.2020

«Улады бязьдзейнічаюць і перакладаюць адказнасьць». Пагутарылі з бацькамі, якія не адпусьцілі дзяцей у школу ў траўні

Свабода пагутарыла зь віцебскімі бацькамі, якія ў сувязі з пандэміяй каранавірусу вырашылі не адпраўляць дзяцей у школу да наступнага навучальнага году. Па просьбе суразмоўцаў уласныя імёны зьмененыя.

Чытайце па спасылцы >>

15:38 13.5.2020

Зноў прызналі 4 сьмерці і звыш 900 выпадкаў за дзень. Афіцыйная статыстыка распаўсюду COVID-19 у Беларусі

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 13 траўня:

  • агулам 25 825 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 146 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 7711 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 952 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 737 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 296 380 тэстаў (плюс 11 935 за дзень),;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG