Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага пастара Алега Лойку асудзілі на 3,5 года калёніі ў «справе Беларускага Гаюна»


Алег Лойка, архіўнае фота
Алег Лойка, архіўнае фота

Суд у Гомлі пакараў пастара Царквы хрысьціян веры эвангельскай Алега Лойку на 3,5 года калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў «справе Беларускага Гаюна».

Пра вырак паведаміў праект «Хрысьціянская візія». Прысуд вынес Сяргей Сакалоўскі.

49-гадовага Алега Лойку асудзілі паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу аб «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за перадачу маніторынгаваму праекту «Беларускі Гаюн» інфармацыі аб перамяшчэньні расейскай вайсковай тэхнікі.

На судзе пастар не прызнаў, што зрабіў злачынства. Як піша «Хрысьціянская візія», ён «лічыць сваё сумленьне чыстым перад Богам».

Алег Лойка служыць пастарам Царквы хрысьціян веры эвангельскай у вёсцы Нябытаў Хвойніцкага раёну. У сьнежні летась яго арыштавалі на 10 дзён за «распаўсюд экстрэмізму».

Пастар шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасьцю ў рамках місіі «Вяртаньне». Дзякуючы яго дзейнасьці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцьця.

Лойку затрымалі 22 красавіка 2025 году і з таго часу трымаюць у СІЗА-3 Гомля.

Праект «Беларускі Гаюн»

У лютым 2025 году выявілася, што невядомыя атрымалі доступ да чату «Беларускага Гаюна», які публікаваў інфармацыю аб перамяшчэньні расейскіх войскаў, пралётах авіяцыі і бесьпілётнікаў, іншай вайсковай актыўнасьці на тэрыторыі Беларусі. Праект спыніў працу, а праваабаронцы пачалі паведамляць пра затрыманьні тых, хто слаў у чат здымкі і інфармацыю. На жнівень 2025 году вядома прынамсі пра 40 затрыманых у гэтай справе.

Праект «Беларускі Гаюн» быў заснаваны пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам вайсковай актыўнасьці ў Беларусі.

«Мы ня ведаем, які аб’ём зьвестак мог быць выпампаваны за той час, пакуль у староньняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сытуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй», — заяўляў тады заснавальнік праекту блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторым зь іх удалося эміграваць.

Пра масавыя затрыманьні ў справе «Беларускага Гаюна» паведамлялі 2 траўня.

У чэрвені Горадзенскі абласны суд завочна асудзіў Матольку на 20 гадоў пазбаўленьня волі за «шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасьці».

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 47 пацьверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх зьмясьцілі пад варту.

Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманых насамрэч можа быць больш.

«Вясна» паведамляе, што затрыманым выстаўляюць абвінавачаньні паводле згаданага крымінальнага артыкулу аб «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

Вядома як мінімум пра шэсьць судовых працэсаў, якія ўжо ідуць у гэтай справе.

20 ліпеня кіраўнік Фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведамляў, што ў траўні 2025 году ў берасьцейскім сьледчым ізалятары былі каля 50 чалавек, абвінавачаных у справе «Беларускага Гаюна».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG