Праваабаронцы прызналі яшчэ 10 чалавек палітвязьнямі.
Іх асудзілі на рэальныя тэрміны за ўдзел у ініцыятывах, якія ўлады абвясьцілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
- Вольга Аляшкевіч
- Уладзімер Дзенісенка
- Дзяніс Васільеў
- Максім Грытчанка
- Аляксей Мацукевіч
- Ігар Нагорны
- Тацьцяна Палубок
- Сяргей Сікорскі
- Ігар Хіневіч
- Ганна Шпак
Праваабаронцы адзначаюць: прызнаньне ўладамі грамадзкіх і мэдыйных ініцыятыў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» стала інструмэнтам масавых рэпрэсій і пазбаўленьня волі, піша «Вясна».
Цяпер у Беларусі 1197 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы.
Пэнсіянэрку з Рэчыцы асудзілі за выказваньне пра Лукашэнку
Суд Рэчыцкага раёна асудзіў 60-гадовую жыхарку раённага цэнтра Натальлю Ішмукову паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Сутнасьць абвінавачваньняў праваабаронцам «Вясны» невядомая, як і вынесены прысуд. Вядома толькі, што ён не зьвязаны з пазбаўленьнем волі.
Вядома, што Натальля Ішмукова жыве ў Рэчыцы. Яна выгадавала дваіх сыноў.
У Гомлі за ўдзел у пратэстах асудзілі брата палітвязьня
36-гадовага жыхара Гомля Вячаслава Бераставога асудзілі ў судзе Савецкага раёна горада паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), піша «Вясна».
Вядома, што яго пакараньне зьвязанае з пазбаўленьнем волі, дакладны тэрмін невядомы.
Вячаслаў — родны брат палітвязьняАндрэя Бераставога, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый), арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
Улады абнавілі рэпрэсіўныя сьпісы
У «сьпісе тэрарыстаў» — 4 новыя прозьвішчы
- Васіль Бачко
- Максім Грытчанка
- Сяргей Хлыстоў
- Марына Мазоўка
Цяпер у гэтым сьпісе ўжо 1326 чалавек, зь іх 630 беларусы.
У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 42 чалавекі.
Зь іх 35 — паводле «пратэставага» крымінальнага артыкулу № 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Агулам у «сьпісе экстрэмістаў» цяпер 5663 чалавекі.