Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выказаўся аб магчымасьці памілаваньня асуджаных і дыялёгу з апазыцыяй


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Тэма вызваленьня вязьняў, паводле Лукашэнкі, закраналася ў яго тэлефоннай размове з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, але вельмі сьцісла.

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пасьля заклікаў Дональда Трампа выпусьціць 1300 беларускіх вязьняў выказаўся на гэтую тэму. У інтэрвію журналістам дзяржаўных СМІ ў Менску ён расказаў аб працы са зваротамі асуджаных.

Паводле БелТА Лукашэнка паведаміў Трампу, што ў Беларусі ёсьць спэцыяльная камісія, упаўнаважаная разглядаць адпаведныя запыты асуджаных, але канкрэтныя рашэньні прымае асабіста ён, і гэтая праца вядзецца на пастаяннай аснове.

Што да пазыцыі ЗША ў гэтым пытаньні і ліку асобаў, якіх трэба вызваліць, то тут Лукашэнка заявіў:

«Хочаце паўтары або дзьве тысячы? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разьлічваць на тое, што мы бандытаў выпусьцім, якія палілі, узрывалі, і яны гэта прызнаюць. Яны зноў супраць нас будуць вайну весьці? Тут мяне грамадзтва не падтрымае», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру Вясна, у Беларусі на цяперашні момант у Беларусі палітычнымі зьняволенымі зьяўляюцца 1197 чалавек.

Шмат хто з палітзьняволеных за кратамі зазнае ціску, ім ставяць у віну розныя парушэньні, адпраўляюць у штрафныя ізалятары, пазбаўляюць права на спатканьні, сазвоны і ліставаньне з сваякамі.

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што не зьбіраецца садзіцца за круглы стол са сваімі апанэнтамі. Аб гэтым ён заявіў, адказваючы на пытаньні дзяржаўных СМІ:

«Цяпер жадаюць сесьці за стол перамоваў. Ідэальна, як яны разважаюць, было б з Лукашэнкам. Я з кім павінен сядаць за стол? З тымі, хто разваліў краіну? Добра, я гэта мог бы пераступіць. Ну а якая карысьць ад іх? Яны што, нам нешта дапамогуць — народу, дзяржаве? Яны нам не памагатыя. А па брудзе хадзіць — можна брудам замазацца. Навошта мне гэта? Гэта мне не патрэбна. Мы нікому не забараняем размаўляць, калі ласка. Але мне зь імі няма пра што гаварыць», — цытуе словы Лукашэнкі БеаТА.

У ліпені 2025 дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі распавёў, што падчас візыту ў ЗША сустрэўся з намесьнікам дарадцы па нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта ЗША і прадставіў амэрыканскаму боку ідэю Офіса Ціханоўскай па арганізацыі міжнароднага круглага стала для перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней па выніках канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Аб’яднаны пераходны кабінэт прыняў заяву аб правядзеньні нацыянальнага дыялёгу для мірнага ўрэгуляваньня крызісу ў краіне.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG