Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кава, слодычы, яблыкі і камунальныя паслугі. Улады назвалі, што істотна падаражэла ў ліпені


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі (МАРГ) канстатавалі паскарэньне гадавой інфляцыі — прырост індэксу спажывецкіх цэн у гадавым вымярэньні склаў у ліпені 7,4 % супраць 7,3 % у чэрвені.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МАРГ, найбольш на гэтую тэндэнцыю паўплывала падаражаньне камунальных паслуг (на 0,13 працэнтнага пункту да 1,92 %).

«Унёсак на харчовыя тавары скараціўся на 0,05 працэнтнага пункту да 4,39 %, унёсак на нехарчовыя тавары — на 0,01 працэнтнага пункту да 1,10 %», — паведамілі ў міністэрстве.

Пры гэтым адзначылі істотнае павелічэньне індэксу цэн на малако і малочную прадукцыю (на 0,3 %) і на мяса і мясапрадукты (на 1 %) праз павелічэньне вытворцамі адпускных цэн.

Паводле міністэрства, найбольшы прырос індэксу цэн зафіксавалі на цэльнае малако (на 0,39 %), сьмятану (на 0,36 %), кефір (на 0,36 %), сьвініну, за выключэньнем мяса бяз костак (на 1,77 %), пельмені (на 1,07 %), вараную каўбасу вышэйшага гатунку (на 0,47 %), курыцу (на 0,41 %), сала і грудзінку (на 0,58 %).

Сярод кандытарскіх вырабаў, цэны на якія павялічыліся агулам на 1,5 %, найбольш падаражэлі пячэньне (на 2,77 %), тарты (на 1,12 %), халва (на 3,73 %), мармэляд (на 3,03 %), цукеркі, глазураваныя шакаляднай глазурай (на 1,32 %), вафлі (на 1,5 %).

Індэкс цэн на яблыкі павялічыўся на 8,4 %, кавы — на 3,6 %, рыбу і рыбапрадукты — на 0,51 %. У міністэрстве патлумачылі гэты рост павелічэньнем цэн на імпартную прадукцыю.

Найбольшы прырост індэксу цэн зафіксавалі на молатую натуральную каву (на 4,65 %), растваральную каву (на 2,75 %), рыбныя паўфабрыкаты (катлеты, рыбныя палачкі, фарш, бургеры) і морапрадукты (на 2,01 %), крабавыя палачкі (крабавае мяса) — на 1,95 %, салёную і вэнджаную рыбу (за выключэньнем селядца і далікатэснай рыбы) — на 1,28 %.

Адначасова ў ведамстве зьвярнулі ўвагу на зьніжэньне індэксу цэн на гародніну — на 5,3 %. Найбольш патаньнела капуста (на 32,7 %), агуркі (на 26,5 %), на памідоры (на 16,3 %) і бульбу (на 5 %).

11 жніўня ў Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі паведамілі, што спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў ліпені вырасьлі на 0,2%, а інфляцыя з пачатку году склала 7,6%.

Як адзначалася ў афіцыйным паведамленьні Белстату, найбольш у ліпені вырасьлі цэны на паслугі — на 0,7 % (з пачатку году на 6,7 %).

Харчовыя тавары падаражэлі ў ліпені на 0,02 % (з пачатку году на 7,3 %), а нехарчовыя — на 0,1 % (з пачатку году на 2,4 %).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG