«Яны нават залезьлі мне ў мозг»
«Нядаўна, упершыню ў жыцьці, я прайшоў поўнае мэдычнае абсьледаваньне на працягу двух дзён», — цытуе Аляксандра Лукашэнку ягоны неафіцыйны тэлеграм-канал «Пул Первого». Праз тыдзень Лукашэнку споўніцца 71 год.
«Бог ведае, чаго яны са мной толькі ні рабілі. Яны нават залезьлі мне ў мозг. Яны зрабілі рэнтген кожнага майго ўчастку цела... Пагрукайце па дрэве, я шчасьлівы. Усё нармальна».
Лукашэнка заявіў, што нават спэцслужбы «дружалюбных» краінаў цікавіліся ягоным здароўем. Ён абяцаў, што вынікі аналізаў і абсьледаваньняў апублікуюць.
«Гэта публічная і крывадушная дэманстрацыя невуцтва і абыякавасьці да ўласнага здароўя»
Намесьнік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях доктар Станіслаў Салавей задаецца пытаньнем, чым займаюцца асабістыя лекары Лукашэнкі ўсе 31 год яго кіраваньня, калі ён упершыню прайшоў поўны мэдагляд.
— Гэта спроба трымацца за той дурны вобраз здаровага вясковага мужыка, які ніколі не хварэе, а гарэлка ўсё вылечвае. Гэта публічная і крывадушная дэманстрацыя невуцтва і абыякавасьці да ўласнага здароўя ад чалавека, у якога ўжо як 30 гадоў ёсьць асабісты лекар і нават пабудаваны шпіталь пад яго патрэбы. За сваім здароўем ён сочыць як ніхто ў Беларусі, і на гэта выдзяляюцца несувымерна вялікія рэсурсы ў параўнаньні з звычайнымі грамадзянамі. Але публічна ён дэманструе, што ўсё гэта (прафіляктычныя агляды, вакцынацыя і г. д.) — зусім не патрэбна. Аб’ектыўных дадзеных пра яго стан здароўя няма, так, ён чалавек сталага веку, і здароўе ўжо пэрыядычна падводзіць, але па фатаздымках ці відэа зрабіць ніякіх дакладных высноў нельга.
Станіслаў Салавей лічаць, што заява пра пасьпяховае мэдычнае абсьледаваньне была зроблена Лукашэнкам для «публічнай дэманстрацыі свайго „жалезнага здароўя“ і здольнасьці далей кіраваць».
— Тут ён нічым не адрозьніваецца ад усіх дыктатараў. І тут можна ўспомніць «сябра Уга», які таксама публічна сьцьвярджаў, што цалкам здаровы, можа працягваць кіраваць і перамог рак, але памёр праз некалькі месяцаў пасьля чарговай «перамогі» на выбарах.
Што вядома пра стан здароўя Лукашэнкі
Пра здароўе Лукашэнкі і ягоныя візыты да лекараў вельмі рэдка афіцыйна паведамлялася цягам 31 года, якія ён утрымлівае ўладу ў Беларусі.
Аднакурсьнікі Лукашэнкі па Магілёўскім пэдагагічным інстытуце расказвалі раней Свабодзе пра тое, што былі сьведкамі, як Лукашэнка атрымаў траўму падчас сельгаспрацаў. Паводле іх аповеду, калі яны ехалі на возе, і калі Лукашэнка ўпаў, то і вілы трапілі яму ў паясьніцу. Калі яго прывезьлі да лекараў, выявілася, што жыцьцёва важныя органы не пацярпелі, расказвалі аднакурсьнікі Аляксандра Лукашэнкі.
Калегі Лукашэнкі па Вярхоўнаму Савету 12-га скліканьня згадвалі, што Лукашэнка ў часы дэпутацтва не хаваў, што мае праблемы з пазваночнікам. Напрыклад, Свабодзе вядома, што ў першыя гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнку вазілі рабіць МРТ пазваночніка ў «Рэспубліканскую клінічную бальніцу мэдычнай рэабілітацыі» у Аксакаўшчыне, дзе на той час знаходзіўся адзін з найбольш сучасных апаратаў для магніта рэзананснай тамаграфіі ў Беларусі.
Крыніцы Свабоды сьцьвярджаюць, што ў часы прэзыдэнцтва Ельцына ў Расеі Лукашэнку даводзілася ўжываць алькаголь, але пасьля кожнай паездкі да Ельцына ў Маскву ён мусіў праходзіць дэтаксыкацыю.
У 2001 годзе лекар-псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі і міжнароднай грамадзкасьці з заявай, у якой расказаў пра дыягназ, які ён выставіў завочна, назіраючы за паводзінамі Аляксандра Лукашэнкі, і прыйшоў да высновы, што той мае «памяркоўна выражаную мазаічную псыхапатыю зь перавагаю рысаў паранаідальнага й дысацыяльнага разладу асобы». Варта дадаць, што ў псыхіятрычнай практыцы завочна дыягназ звычайна ня ставіцца.
Праз некалькі месяцаў пасьля заявы Шчыгельскага на прэсавай канфэрэнцыі тагачасны галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў паведаміў, што паводле «Закону аб псыхіятрычнай дапамозе», прымусовы першасны псыхіятрычны агляд не прадугледжаны ні для шараговых грамадзян, ні для вядомых асобаў. У 2010 годзе апазыцыя беспасьпяхова патрабавала стварыць спэцыяльную камісію для мэдычнага абсьледаваньня Аляксандра Лукашэнкі і пачатку працэдуры датэрміновага адхіленьня Лукашэнкі ад улады.
Пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сакавіка 2006 году і Плошчы-2006 Аляксандар Лукашэнка на два тыдні зьнік з тэлеэкранаў. Інаўгурацыю перанесьлі з 31 сакавіка на 8 красавіка. Назіральнікі зьвярталі ўвагу на тое, што інаўгурацыі выглядаў ён ня надта здарова.
У лістападзе 2014 году ўпершыню больш чым за 20 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі было публічна паведамлена пра ягоны стан здароўя (апэрацыю на каленным суставе, праведзеную ў лечкамісіі). Меркавалася, што зьяўленьне гэтай інфармацыі магло быць зьвязана з прыходам на пасаду новай прэсавай сакратаркі Натальлі Эйсмант, якая мела вопыт працы на тэлебачаньні, і прапанавала новыя падыходы ў пытаньні публічнасьці.
У ліпені 2020 года Лукашэнка зьявіўся ў тэлеэфіры з павязкай на руцэ, што спарадзіла абмеркаваньні ў СМІ і сацсетках. Паводле самога Лукашэнкі, у яго была бессымптомная форма COVID-19.
Сумневы аб здароўі Лукашэнкі ўзмацніліся падчас візыту ў Маскву 9 траўня 2023 году, калі ён адправіўся на ўскладаньне кветак на машыне, а ня пешшу, як іншыя палітыкі. Лукашэнка выглядаў стомленым на парадзе.
Вясной і летам 2024 году многія адзначылі зьмены зьнешняга выгляду Аляксандра Лукашэнкі. На відэа, дзе Лукашэнка сустракаўся з Пуціным у Санкт-Пецярбургу ў ліпені 2024 году, ён выглядаў значна больш поўным, зь цяжкасьцю дыхаў і перасоўваўся.
Як ацэньвае стан здароўя Лукашэнкі ініцыятыва мэдыкаў «Белыя халаты»
«Белыя халаты»— ініцыятыва беларускіх мэдыкаў, якія былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі. У складзе ініцыятывы — вядомыя беларускія лекары, якія ў краіне мелі доступ да шэрагу мэдычных дакумэнтаў.
Паводле інфармацыі, якую ўдалося атрымаць «Белым халатам», зь якімі раней пагутарыла Свабода, сярод дыягназаў Аляксандра Лукашэнкі — парушэньне тлушчавага абмену трэцяй ступені, цукровы дыябэт і ампутацыя пальца ступні ў сувязі з ускладненьнямі, дыскозны радыкуліт. У апошнія гады ў Лукашэнкі сталі заўважаць праблемы са зрокам, а таксама тое, што часам у яго трасецца галава і ён кульгае.
Таксама Лукашэнка мае мочакаменную хваробу. У 2018 годзе, сьцьвярджаюць «Белыя халаты», быў эпізод ныркавай колікі, калі Лукашэнку даставілі ў лякарню ўначы, тэрмінова, і ўсталявалі пад эндаскапічным кантролем стэнт у мачавод. Апэрацыя прайшла з ускладненьнямі.
Адна з самых вядомых праблемаў Лукашэнкі, паводле дактароў зь «Белых халатаў», — артроз левага каленнага сустава. Лукашэнку двойчы праводзілі апэрацыі — у пачатку 2000-х і ў 2014 годзе.
Як праходзяць мэдагляды кіраўнікі дэмакратычных краінаў сьвету
У ЗША прэзыдэнт праходзіць штогадовы мэдычны агляд, па выніках якога афіцыйны лекар Белага дома (звычайна ваенны лекар) піша справаздачу. Вынікі публікуюцца ў адкрытым доступе — праўда, не заўсёды ў поўным аб’ёме. Часьцей за ўсё гэта кароткі дакумэнт (вага, ціск, сардэчна-сасудзістая сыстэма, нэўралёгія). Часам публікуюць дадатковыя дадзеныя — напрыклад, калі ў Рональда Рэйгана знайшлі паліп у кішэчніку, грамадзкасьць была афіцыйна апавешчаная. У мэдаглядах звычайна паведамляецца пра магчымыя праблемы, якія варта перадухіліць зьменамі ў харчаваньні альбо ладзе жыцьця, лекары паведамляюць пра шкодныя звычкі прэзыдэнта (як у Барака Абамы — курэньне) і раяць адмовіцца ад іх. У красавіка 2025 году былі апублікаваныя дадзеныя пра вынікі мэдагляду прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які праводзіўся ў ваенным шпіталі «Уолтар Рыд і працягваўся пяць гадзін. Паводле заключэньня лекараў, Трамп знаходзіцца ў «выдатным кагнітыўным і фізічным стане», дэманструе «моцную сардэчную, лёгачную, нэўралягічную і агульную фізычную функцыю». У яго быў знойдзены «рубец на правым вуху ад агнястрэльнага раненьня» пасьля замаху ў ліпені мінулага года. У дакумэнце таксама гаворыцца аб тым, што прэзыдэнт у свой час перанёс апэрацыю па выдаленьні катаракты.
У Францыі прэзыдэнт афіцыйна праходзіць мэдычнае абсьледаваньне. Паводле закону павінна публікавацца «абагульненая інфармацыя аб стане здароўя», але часта яна вельмі кароткая. Былы прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран шмат гадоў хаваў рак прастаты, але пра гэта стала вядома толькі пасьля яго сьмерці. Эмануэль Макрон публікаваў кароткія справаздачы па выніках мэдаглядаў, але ў іх мінімум дэталяў.
У студзені 2016 года тагачаснаму прэзыдэнту Латвіі Райманду Вэёнісу рабілі апэрацыю на сэрцы (замену сардэчнага кляпана), аднак прэс-сакратар паведаміў толькі аб віруснай інфэкцыі без удакладненьня дыягназу. Нягледзячы на гэта, грамадзкасьць даведалася аб яго апэрацыі. Ён паўгоду аднаўляўся і вярнуўся да абавязкаў.
У Польшчы няма традыцыі і закону аб абавязковай публікацыі мэдаглядаў кіраўнікоў дзяржавы. Тым ня менш у гэтай краіне здароўе прэзыдэнта абмяркоўваецца адкрыта і афіцыйна. Напрыклад, увосень 2024 года тагачасны прэзыдэнт Анджэй Дуда атрымаў траўму правай рукі і часткова страціў кончык пальца. Пасьля невялікай апэрацыі, паводле зьвестак прэс-службы, ён поўнасьцю аднавіўся. Дуда двойчы хварэў на каранавірус, але працягваў працаваць, знаходзячыся на самаізаляцыі, пра што паведамлялася афіцыйна.
У Літве няма закона аб абавязковых рэгулярных мэдаглядах прэзыдэнта. Інфармацыя аб стане здароўя дзейнага ці было кіраўніка дзяржавы публікуецца, калі ўзьнікае сурʼёзны інцыдэнт, як было ў выпадку з былым прэзыдэнтам Валдасам Адамкусам, калі ён упаў і меў абвастрэньне сардэчнага стану, пасьля чаго быў шпіталізаваны.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не публікуе дадзеныя рэгулярных мэдычных аглядаў. Але згадкі пра здароўе можна пабачыць у афіцыйных заявах. У лістападзе 2020 году паведамлялася, што Зяленскі і кіраўнік яго офісу Ярмак былі шпіталізаваныя ў клініку «Феафанія» праз станоўчы тэст на каранавірус. Зяленскі працягваў працаваць онлайн, яго стан характарызавалі як лёгкі. У ліпені 2022 году расейскія прапагандысты распаўсюдзілі непраўдзівую інфармацыю, нібы Зяленскі знаходзіцца ў рэанімацыі і не кіруе дзяржавай. Тады Зяленскі апублікаваўвідэазварот, у якім абвяргаў чуткі аб шпіталізацыі і казаў, што ніколі не адчуваў сябе так добра, як цяпер.
«Ён нават занадта здаровы». Што вядома пра здароўе Пуціна
У прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ёсьць уласная мэдычная служба, вядома, што лекары суправаджаюць яго ўвесь час. Афіцыйныя мэдычныя справаздачы пра здароўе прэзыдэнта Расеі не публікуюцца. У мэдыях зьяўляюцца толькі ўрыўкавыя зьвесткі, часьцей за ўсё праз прэс-сакратара Пуціна пра тое, што «здароўе ў яго добрае, працуе ў звычайным рэжыме».
У ліпені 2022 году падчас паездкі Пуціна ў Іран на пратакольных відэазапісах было бачна, што Пуцін кульгаў падчас хады. На наступны дзень былы амбасадар ЗША ў Расеі, дырэктар ЦРУ Уільям Бернс, адказваючы на пытаньне журналіста на форуме па бясьпецы ў Аспен, заявіў, што ня лічыць, што ў прэзыдэнта Расеі ёсьць праблемы са здароўем. «Наколькі мы можам сказаць, ён нават занадта здаровы», — сказаў Бернс. Пры гэтым ён адзначыў, што гэта не афіцыйная заява выведкі.
У пачатку красавіка 2022 году пра магчымую хваробу Пуціна расказвала выданьне «Праект». Паводле іх інфармацыі, з Пуціным у апошнія гады пачалі рэгулярна лётаць лор і хірург, які спэцыялізуецца на раку шчытападобнай залозы ў людзей пажылога і старэчага ўзросту. Крэмль паведамленьні аб праблемах Пуціна са здароўем абвяргае. Апошні раз прэс-служба прэзыдэнта РФ прызнавала, што ў яго ёсьць праблемы, у 2012 годзе. Тады паведамлялася, што ён пашкодзіў сьпіну.
- Публічная інфармацыя пра здароўе кіраўніка краіны — нармальная практыка ў дэмакратычных краінах. У Злучаных Штатах і некаторых іншых краінах гэта прадугледжана законам. Але там, дзе няма адпаведнага заканадаўства, праблемы са станам здароўя кіраўніцтва краіны не хаваюцца. Гэта дае магчымасьць выбарнікам ведаць стан і прагноз здароўя чалавека, які прымае рашэньні, што тычацца ўсіх.
Форум